Выбрать главу

У тыднёвіку "Культура" ўсё гэта склалася адно да аднаго. Цяпер ужо быў мой час, абярэмя наробку ў руках да барады, і тут мяне чакалі. У літаральным сэнсе. Стваральнікі канцэпцыі тыднёвіка прыдумалі палосную (на ўсю старонку) рубрыку "Эліта", дзе меркавалася друкаваць пераклады тэкстаў вялікіх філосафаў з усяго свету, геніяў мастацтва ды літаратуры і таму падобных. А вось рэдактара, які мог бы пацягнуць гэтую ношку, знайсці ніяк не маглі.

***

Але перад тым як канчаткова перарушыць з васьмідзясятых гадоў у дзевяностыя (з адной цывілізацыі ў зусім іншую), я адчуваю патрэбу запыніцца яшчэ на некалькіх эпізодах з ранейшай пары.

3 Леанідам Дранько-Майсюком мы пазнаёміліся на іспытах у Літаратурным інстытуце. Абодва паступілі, толькі ніякага сяброўства тады ў нас не склалася. Усяго што рытуальна прамаўлялі колькі словаў пры выпадковых сустрэчах. Да таго ж Леаніда праз год забралі ў войска і ён скончыў вучыцца пазней за мяне. А як прыехаў у Мінск, дык адразу сярод ночы пагрукаў у маю аднапакаёўку.

Я да гэтага жыў адзін, а цяпер мы сталі жыць удвох, бо Леаніду трэба было пэўны час недзе ператрываць, каб потым атабарыцца ў горадзе настала. Так мы і пасябравалі.

Мне карціць хоць трохі распавесці як мы раз-пораз вячэралі бульбай з кількай, рагаталі над радкамі графаманаў, якія ён прыносіў з выдавецкай працы ды шмат пра што яшчэ. Аднак гэта будзе ўжо іншы жанр. Хіба да месца заўважу, што мы абодва любілі творчасць Янкі Брыля і Міхася Стральцова. Мацней за каго з іншых тагачасных пісьменнікаў...

Праз нейкі час Леанід з’ехаў, а сяброўства засталося. Прамінуў, можа, год ці болей, як ён патэлефанаваў з навіной:

- Слухай, Валянцін, я распавядаў пра цябе Стральцову, і ён пажадаў пазнаёміцца. Выбірай які дзень, і давай сходзім...

Я збянтэжыўся. Стральцоў для мяне ўжо даўно быў сакральнай фігурай. А ў мяне нічога няма, акрамя літінстытуцкага дыплома.

Да гэтай пары я ўдзячны Леаніду за ягоную ўчэпістасць, паколькі мы ўсё-ткі пайшлі разам у рэдакцыю часопіса "Нёман", дзе Міхась Стральцоў загадваў аддзелам літаратурнай крытыкі.

Я не магу назваць Стральцова сваім Настаўнікам, паколькі тут было штосьці іншае, бадай, нават нешта містычнае. Калі праз колькі гадоў пасля знаёмства ён памёр, я адчуў такі боль і тугу, быццам гэта быў мой бацька (хай родны бацька даруе мне гэтую эмоцыю). Яшчэ доўгі час мяне не аднойчы скаланала на вуліцы, калі здалёк бачыўся нехта, падобны да Міхася Стральцова.

А тая першая сустрэча заканцавалася прапановай.

Мы дапалілі па апошняй цыгарэце ўжо на ганку рэдакцыі, і тады Міхась Лявонавіч запрапанаваў:

- Паспрабуй напісаць пра Брыля.

- Каб які юбілей ці свята якое, - засумняваўся я.

І ў той жа момант пачуў:

- Брыль - гэта заўсёды свята.

***

Неяк неўпрыкмет я стаўся для "Нёмана" што называецца сваім аўтарам. І гэта для мяне было надзвычай важна. Бо толькі цяпер нарэшце запэўніўся, што канкрэтна магу быць запатрабаваным як літаратар. Толькі самым істотным было іншае: мае тэксты ўхваляе Міхась Стральцоў! Больш за тое, ён любіў са мной - не шкадуючы часу - сумоўнічаць, калі я прыносіў яму гатовы матэрыял. А як мяне доўга не было, то мог і патэлефанаваць Леаніду Дранько-Майсюку ды запытацца: нешта Валянціна ўсё няма? Можа, я яго чым пакрыўдзіў?

Яшчэ чаго - пакрыўдзіў! Я ж проста не гатовы быў адважыцца без дай прычыны нават на хвіліну зазірнуць у яго пракураны кабінет.

На тую пару сярод беларускіх літаратараў хіба толькі Міхася Стральцова і Алеся Адамовіча можна было залічыць да інтэлектуалаў. І хаця Алесь Адамовіч праз сваю маскоўскую публіцыстыку стаўся вядомым на ўвесь Саюз, мысліўна Міхась Стральцоў быў значна глыбейшым за яго. У сваіх бясконцых перагаворах еўрапейскай, расійскай і айчыннай гуманістыкі мы з ім не маглі спыніцца. Чамусьці запомнілася, што пад нашу рэфлексію патрапілі нават літаратурныя тэорыі Плеханава і Луначарскага, а потым і камуністычная публіцыстыка Андрэя Платонава. Думаю, што хутчэй з гэтых сумоўяў, а не з маіх друкаванак, ён пасля самага вялікага майго тэкста "Судьбы войны, судьбы мира" сказаў:

- Валянцін, у гэтым артыкуле думак болей, чым іншы літаратурны крытык за жыццё выкажа... - і адразу выняў з шуфляды ўжо загадзя падпісаную апошнюю кніжку "Пячатка майстра" (зборнік літаратурна-крытычных эсэ і артыкулаў).

Мне нешта муляе, неяк яно і няёмка, але я ўсё ж такі не стрымаюся і працытую той подпіс: "Валянціну Акудовічу з любоўю і даўняй павагай, з верай у ягоную "зорку". Міхась Стральцоў".