Выбрать главу

***

"Чаму заможнасць грамадства вымяраецца колькасцю кампутараў на душу насельнікаў, а не колькасцю вячыстых дрэваў, рэсурсамі інтэлектуальнай інфармацыі, а не рэсурсамі пітной вады? Хаця кожнаму зразумела, што для падставовага існавання чалавека вада і дрэвы - рэчы куды больш істотныя за інфармацыю ды кампутары...

Чаму спеласць інтэлекту апазнаецца праз веданне Рыльке і Вітгенштайна, а не праз веданне спрадвечных песень і міфаў свайго народа? Хаця няцяжка здагадацца, што спеўны досвед вясковай бабулькі не менш каштоўны для прасветы сутвы быцця, чым кафедральны досвед прафесара...

Чаму веліч нацыі вызначаецца памерамі народаў, апалоненых яе войскамі і яе культурай, а не здольнасцю праз стагоддзі трымаць чужынны палон, упарта чакаючы пары свайго выбаўлення? Хаця ўжо дзве тысячы гадоў мы жывем у цывілізацыі Хрыста, які агалосіў цярпенне і пакору сярод вышэйшых каштоўнасцяў чалавека...

Падобных «чаму», як грушаў з дзічкі, можна натрэсці безліч, але нават згаданыя тут у апазіцыі «вада», «дрэвы», «рэальная культура», «цярпенне» і «пакора», калі з іх выбудаваць адпаведную сістэму каштоўнасцяў, явяць свету (і нам самім) Беларусь як адну з самых заможных краінаў Еўропы, а беларусаў - як вялікую еўрапейскую нацыю...

Дык у чым праблема?

Дык у тым, што нават калі мы праробім гэтую працу і змайструем тоесную сваім багаццям сістэму ацэнак, то ані свет, ані мы самі - ніхто не заўважыць ні нашай велічы, ні нашай раскошы...

Ніхто (і мы самі) не ўбачыць нас, бо тая карэкцыя зроку, што стагоддзямі фармавала каштоўнасную перспектыву бачання еўрапейскага чалавека, якраз і адбывалася праз высячэнне на паперу лясоў, атручванне мануфактурамі рэкаў, штукаванне спекулятыўных абстракцыяў, зваяванне плямёнаў і народаў... Праз усё тое, чаго ў нас амаль не было і што ў нас, лічы, не рабілася.

Таму натуральна, што сонца гэтак скарэктаваных каштоўнасцяў запынілася не над намі, а над Парыжам, а мы апынуліся ў яго глыбокім цені, дзе марудна сноўдаемся з вечна задранымі да асвечанай гары бародамі, спатыкаемся на кожным кроку і паныла нэндзім: калі гэта «загляне сонца ў наша ваконца»?

- Дык няўжо нам да скону гібець у гэтым золкім сутонні, няўжо адсюль няма ніякага выйсця на ясны белы свет? - неяк рашуча запытаўся я сам у сябе.

I сам сабе рашуча адказаў:

- Няма!

- Але ж нешта трэба рабіць.

- Трэба, - пагадзіўся сам з сабою.

- А што трэба?..

I тут раптам вымавілася, як выдыхнулася:

- Разбурыць Парыж.

...Тады я адразу і вырашыў, што мушу спехам напісаць эсэ з адпаведнай назвай, каб разгарнуць сваю эўрыстыку ў шыхты лагічна сашчэпленых сілагізмаў і тым самым давесці ўсім занураным у паныласць беларусам, што ў нас няма альтэрнатывы: альбо мы разбурым Парыж, альбо Парыж у рэшце рэшт сваім цяжкім ценем спляжыць нас - дашчэнту.

Дарэчы, я люблю Парыж, але... Але Беларусь я люблю болей. I таму калі пытанне паўстала рубам - каму знікнуць, а каму заставацца, дык я, натуральна, выбраў Беларусь.

Мэта была вызначаная, са сродкамі таксама асаблівых праблемаў не прадбачылася: мы маем адно з самых моцных войскаў у Еўропе, а калі ўлічыць, што наш вялікі саюзнік заўсёды гатовы ваяваць дзе заўгодна і з кім заўгодна (да таго ж ён кагадзе набыў у Чачні мадэрновы досвед разбурэння гарадоў), то, ясная рэч, Парыжу ўжо нядоўга заставалася зіхацець у промнях нахабна запыненага ім сонца.

Я нават ведаў, што мы зробім перадусім, як толькі руіны Парыжа хоць трохі астынуць...

Найперш мы сфармуем калону трактараў «Беларусь» з прычэпамі, насыплем у прычэпы бульбы і выправім калону да Парыжа, каб засадзіць Елісейскія палі беларускай бульбай.

Было ў мяне і шмат іншых цікавых подумак, якія я збіраўся выкласці ў тым эсэ, што мусіла папярэднічаць рэальным дзеям. Але не выклаў, і эсэ не паспеў напісаць, бо якраз пад той момант даведаўся ад свайго знаёмца, алжырскага габрэя па прозвішчы Дэрыда, што Парыж, авохці мне, ужо даўно разбураны і цяпер усе французскія постмадэрністы займаюцца дэканструкцыяй ягоных руінаў.

Вядома, габрэі разумныя і дасведчаныя людзі, але вядома і тое, што цалкам даваць ім веры ніколі нельга. Таму я далікатна справіўся яшчэ ў іншых вядомых мне французаў (Льётара, Барта, Дэлёза...) наконт лёсу Парыжа, і ўсе яны запэўнілі, што хоць Дэрыда і габрэй, аднак гэтым разам ён сказаў самую што ні ёсць чысцюткую праўду, і таму нам няма ніякай патрэбы скідваць на Парыж расейскія бомбы і садзіць на Елісейскіх палях беларускую бульбу.