Выбрать главу

- Валянцін, вас жа няма. Дык чаго вы ўгінаецеся?!

Згадаўшы тую бурлескавую гісторыю, не магу абмінуць яшчэ адну. Калі кніга ўжо вярсталася нашым выдатным філосафам Сержуком Санько, я патэлефанаваў яму, каб змяніць назву эсэ "Пераміда Хеопса за руінамі Мірскага замка" на "Чарговы Бабілён на руінах геаграфіі".

- Няма праблемаў, - запэўніў Сяржук.

Праблемаў і сапраўды не павінна было быць, але рэч у тым, што Сержуку мусова трэба было звярстаць маю кніжку ў пераднавагоднюю ноч. Таму ў адсутнасці Дзеда Мароза са Снягуркай ён сам сябе патроху весяліў. Між іншым, не заснуў і са справаю ўправіўся, толькі потым, гартаючы сваю кніжку, я ўбачыў, што адно і тое ж эсэ было надрукаванае двойчы пад рознымі назвамі.

Што цікава, калі нехта з чытачоў і звяртаў увагу на гэткую загадкавую бінарнасць, то моцна не дзівіўся. Маўляў, постмадэрністыя яшчэ не такое вычвараюць...

Між іншым, Ігараў жарт наконт назвы застаўся толькі жартам. Бо менавіта назва і справакавала не абыякую цікавасць да выдання. Хаця расчытаць яе напоўніцу не шмат у каго атрымалася, паколькі беларускія аўтары раней так (і такога) не пісалі.

З усіх крытычных рэфлексій, якія за два дзесяцігоддзі ў мностве прагучалі паводле гэтай кнігі, я выбраў толькі дзве. Першая належыць Алесю Разанаву, бо гэта Разанаў (Бліц-водгук на кнігу Валянціна Акудовіча "Мяне няма"ў тыднёвіку "ЛіМ"):

"Тое, што В.А. кажа, ім жа самім мусіць удакладняцца. Гэта яшчэ пачатак гаворкі, з канца, але пачатак. І як канец - вываратак пачатку, а скрыжаванне - выварат раздарожжа, так і пастулат "мяне няма" выварат пастулата "я ёсць". Дыскурс экзістэнцыі перайначваецца ў экзістэнцыю дыскурсу.

Зрэшты, справа не ў саміх пастулатах, а ў тым, што яны здольны намацаць, схапіць, высветліць, растлумачыць і актывізаваць у рэчаіснасці, а для гэтага, хочаш не хочаш, цэнтр цяжару мусіць перанесціся з апірышча на крок.

І хочаш не хочаш, а В.А. даводзіцца дбаць пра каардынаты і казаць, як мяне няма", чаму мяне няма, для чаго мяне няма. Але "мяне няма", якое мае каардынаты, гэта ўжо не зусім "мяне няма", гэта, па сутнасці, хоць з другога боку, ужо тое самае, што і "я ёсць", якое распазнае, як я ёсць, чаму я ёсць, для чаго я ёсць.

У нечым, ці не ў самым вызначальным, В.А. ідзе ўслед за Ніцшэ і паэтыку ніцшэўскага нігілізму даводзіць да прыступу ніцшэўскага радыкалізму. Так ён выяўляе сябе, так ён вядзе сваю гульню. І гэтая гульня кажа, што нігілізм не выдумка і не сваволя філосафаў, а непазбежны плён самаістотнага мыслення, якое бярэцца вырашаць (і вырашае) тое, што здольна здзяйсняцца адно духам.

Чым мне падабаюцца дыскурсы В.А., дык гэта франтальным зваротам да кардынальных метафізічных пытанняў, чым не падабаюцца - дык амаль тым жа: сваімі шматслоўнасцю і катэгарычнасцю. Мабыць, на карысць дыскурсу было б, калі б В.А. казаў не "апошняе", а "перадапошняе" слова.

В.А. адважна кідаецца ў глыбіню і з шумам разгортвае вакол сябе ўсё, што захопліваюць рухі.

Але ён гэтак плыве.

Для ўсіх нас істотна, што ў беларуска-культуралагічным абсягу ёсць гэтакі плывец".

З другім аўтарам я таксама не меў выбару. Пётра Рудкоўскі нарабіў паводле маіх кніг столькі грунтоўнай (і жорсткай) крытыкі ў розных выданнях, што абмінуць увагай яго тытанічную працу я ніяк не мог. Тут была хіба іншая праблема. У тэкстах Пётры такое мноства цікавостак, што я доўгі час не ведаў, на якой з іх запыніцца. У рэшце рэшт вырашыў рэпрэзентаваць пачатак артыкула:

«Мяне няма» — роздум інквізітара на руінах Акудовіча

Пасля прачытання кнігі Валянціна Акудовіча «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека». Менск, 1995.

Бо ў гармоніі праўды

левыя і правыя сілы маюць долю сваю.

Успаміны св. Яна (апокрыф)

Акудовіча няма, але інквізіцыя ёсць. Неіснаванне ерэтыка - гэта найбольш сур’ёзная праблема для інквізіцыі, таму стаўлю сабе два заданні: 1 - знайсці ерэтыка; 2 - высветліць, што ёсць паміж інквізітарам і ерэтыком. Нагода выдатная - дзесяцігоддзе выхаду ў свет слаўнага ўжо Акудовічавага дзецішча: «Мяне няма».

Менавіта ў сферы «паміж» інквізіцыя можа найбольш поўна рэалізаваць сваё пакліканне, якое заключана ў яе назве: inquisitio - вышукванне, даследаванне. У сферы «паміж» найболей справаў, якія патрабуюць інквізіцыйных росшукаў.

Акудовічава забава арганізавана паводле прынцыпаў канструкцыі і дэканструкцыі. «Руіны» выконваюць функцыю рэгулятарнай ідэі, прычым «рэгулятарнасць» тут палягае насамрэч на дэрэгуляцыі, адыходзе ад усялякае regula. «Руіны» маюць на мэце разладзіць, разгубіць логацэнтрычны інтэлект, які пагарджае ўсялякімі руінамі і пазбягае бязладдзя.