Тым не менш, аўтар займаецца і будаваннем: будуе тэарэтычную мадэль пад назовам «архіпелаг Беларусь», хоць яму самому, мабыць, здаецца, што ён знаходзіць гэты архіпелаг сярод руінаў. Акудовіч таксама сварыцца з Богам, і гэтая сварка мае сапраўды разбуральны характар: вынікам яе ёсць разбурэнне вобразу Бога, «Словабога», як ён кажа. Ну, ёсць яшчэ пару іншых забаваў (канструкцый-дэканструкцый) у кнізе, але яны занадта бяскрыўдныя, каб маглі зацікавіць інквізіцыю. Таму павандруем трохі па «руінах Бога» і «руінах чалавека».
1
Чалавек не мае сутнасці. Ён нявечны. Жыццё яго пазбаўлена сэнсу. Яму наканавана толькі «адбыць быццё». Чалавек не мае якойсьці «найвышэйшай» вартасці. Як утрапёна ні пераконвалі б прапаведнікі-аптымісты, «я - гэта семдзясят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасці чырвонага колеру».
Гэты крайні антыгуманізм Акудовіча спалучаецца з візіяй канца: «Час чалавека сканчаецца - у самых розных сэнсах. І ў сэнсе часу, дарэчы, таксама». А «смерці чалавека» папярэднічае «смерць Бога», смерць падставы сэнсу. І ў гэтай прорве нігілізму і абсурду філосаф будуе вобраз факультатыўнага бога для чыста прыватных патрэбаў - Этнас. «Архіпелаг Беларусь». А так увогуле - Бог памёр, пад намі - нішто, над намі - нішто, і «Я-чалавек - нішто, якое зьяўляецца зь ніадкуль і зьнікае ў нікуды».
Гэтая выснова грунтуецца на «археалогіі» - філасофскім асэнсаванні чалавечае гісторыі. Мінуў перыяд панавання Татэму, Міфу і йдзе да завяршэння панаван-не Тэксту. Разам са смерцю Тэксту памірае і Бог. Крайні антыгуманізм і крайні атэізм - вось вынік археалагічных даследзінаў Акудовіча. І тут закралася ў мяне паняверка: вынік ці прычына?
Акудовіч сварыцца з Богам, і добра. 3 Богам сварыліся і Майсей, і Ёў, і амаль усе прарокі. У Кнізе Ісаі Бог сам гаворыць: «Хадзеце і спрачайцеся са Мной» (1, 18). Але Акудовічава сварка нейкая вульгарная і маналагічная. Акудовіч дакарае Бога за тое, што забараніў Адаму й Еве займацца сексам, заяўляе, што Яго ўцелаўленне - доказ паталагічнага стану, а смерць на крыжы - праява садамазахізму. Каб апісаць усе злачынствы Бога, кажа Акудовіч, трэба было б высекчы ўсе дрэвы ды і таго не хапіла б. Божыя злачынствы пераўзыходзяць злачынствы Сталіна, і людзям трэба было б не чакаць другога прыйсця, а паслаць Богу позву ў суд (толькі невядома, куды пісаць). Такога Бога Акудовіч бачыць у Бібліі, зборніку тэкстаў пра Бога. Увесь час мысляр застаецца верны перакананню, што Бог тоесны з Тэкстам, Бог не існуе па-за Тэкстам.
Адкуль Акудовіч ведае, што Бога па-за тэкстам няма? Адкуль ён ведае, што пасля смерці - смерць? Ці ён ужо быў памёршы, даведаўся, што нічога пасля смерці няма, і цяпер ласкава нам гэта аб’явіў?"
P.S. Каб ведаў, дзе ўзяць грошай, то сабраў бы ўсю аналітыку маіх тэкстаў Пётрам Рудкоўскім да купы і выдаў асобнай кніжыцай. Магчыма, напрыканцы нават уклаўся б у крытыку крытыкі апанента і надаваў бы яму трохі інтэлектуальных кухталёў, толькі зусім не дзеля помсты, а каб такім спосабам падзякаваць за ўвагу да маёй не/сціплай асобы.
МЫ СУСТРЭЛІСЯ НА БУДОЎЛІ ВАВІЛОНСКАЙ ВЕЖЫ
Уласна, большая частка раней апісанага ў гэтых хроніках наўпрост ці ўскосна карэлюецца з легендарнай эпохай Адраджэння/Рэнесанса (90-я гады). Але я ў дадатак вылучаю гэтую падзею ў адмысловы кантэнт, бо там яшчэ застаецца непараўнальна больш крэатыўнага ды грандыёзнага, чым было згадана папярэдне. (Хаця і гэтага вылучэння да крыўднага мала, каб з усім управіцца.)
Досвед палітычнага супраціву той пары неверагодна цікавы і бурлескава размаіты. Толькі не ў бел-чырвона-белых сцягах над галовамі вялізных натоўпаў загалоўная каштоўнасць дзевяностых. Атрымаўшы магчымасць вольна мысліць, уголас прамаўляць, урэшце ствараць беларускую Беларусь, мы апантанана кінуліся рэалізоўваць усе гэтыя магчымасці. І ўсяму творчаму, крэатыўнаму прагнаму да новай веды і яшчэ нязведанай справы тады хапала месца. Шкада, часу на ўсё бракавала...
У тыя шчасна крэатыўныя гады неаднойчы бывала, што запыніць мяне нешта дзіцяча-містычнае, і я з жахам падумаю: "А каб нарадзіўся на якія два-тры дзясяткі год раней, дык нічога гэтага не меў бы і нават не ведаў, што такое ўвогуле магчыма". І тады мне рабілася нядобра.