Неўзабаве па пятніцах у офісах "Эўрафорума", а пазней "Беларускага калегіюма" досыць рэгулярна пачалі хаўрусавацца рознамоўныя інтэлектуалы, і ніхто не ўпікнуў хоць каго не за тую мову. Трохі пералічу тых хаўруснікаў: Алесь Анціпенка, Ігар Бабкоў, Уладзімір Абушэнка, Сяржук Санько, Аляксандр Грыцанаў, Уладзімір Мацкевіч, Вольга Калацкая, Мікола Кацук, Андрэй Фядорчанка...
Між іншым, да свайго здзіўлення я досыць хутка заўважыў, што нашыя рускамоўныя сябры ставяцца да маіх беларускамоўных тэкстаў з большай увагай і павагай, чым нацыянальна заангажаваныя. А тады гэта было для мяне надзвычай істотна, бо за сціплай кампліментарнасцю апошніх цяжка было зразумець, за што яны ўхваляюць мяне - за мысленне ці за адданасць мове?
***
А далей падоўжу перапыненую сагу пра магутных дойлідаў беларускага рэнесансу.
У адрозенне ад Аляксандра Грыцанава, Уладзімір Абушэнка не быў апантаным антыкамуністам, як і беларускім нацыяналістам. Ён быў проста беларусацэнтрычным інтэлектуалам. Натуральным, глыбокім, разважлівым і ўдумлівым. Аднак мова, як і Грыцанаву, яму не далася. Хаця ён і любіў раз-пораз выславіцца асобнымі беларускімі слоўкамі ці выразамі. І кожны раз у такі момант на ягоным твары з’яўлялася неверагодна сімпатычная ўсмешка.
Не ведаю нават, чаму я іх тут задзіночыў. Бо хаця паводле адукацыі абодва былі кандыдатамі філасофскіх навук і яднала іх мностваа супольных праектаў (акрамя ўсяго іншага, разам яны напісалі дзве кнігі: "Мішэль Фуко" і "Карлас Кастанэда"), хлопцы былі канцэптуальна рознымі. Грыцанаў не саромеўся называць сябе ўсяго толькі "папулярызатарам філасофіі", а Абушэнка з уласнага імператыву апынуўся чысцейшага гарту мысліўцам. Тое ж і экзістэнцыйна: Грыцанаў увесь час бурапеніў, а Абушэнка толькі назіраў, як ападае пена пасля грымотных бураў (наш буддыст, жартавалі мы). Відаць, менавіта апошняе і дазволіла яму нейкі час нават выконваць абавязкі дырэктара інстытута сацыялогіі НАН Беларусі.
І ўсё ж такі не гэта было галоўным. Наўрад ці хто калі дакладна падлічыць тыя сотні і сотні артыкулаў у навуковых зборніках, энцыклапедыях, калектыўных манаграфіях, слоўніках, што ён напісаў за жыццё, якое да таго ж лішне не задоўжылася... Толькі інтэлектуальная актыўнасць як такая таксама не была загалоўнай у яго мыслядзейнасці. Найбольш ён хацеў быць настаўнікам. І застаўся перадусім Настаўнікам у памяці сваіх шматлікіх студэнтаў, якія яшчэ задоўга да смерці натавалі яго лекцыі з мэтай некалі выдаць іх кнігамі. Хаця мой апошні сказ не вельмі ўдалы. Не думаю, што Уладзіміра хвалявала памяць як такая. Ён верыў, што яго жывое слова перастворыць маладых людзей у рэальных наступнікаў, якія без хоць якой містыкі падоўжаць яго існаванне за далягляд.
Дарэчы, мне феномен настаўніцтва цалкам чужы. Я ніколі нікога не вучыў і нават баяўся вучыць. Можа таму, што ўжо вельмі даўно зразумеў: не бывае правільных адказаў - правільнымі бываюць толькі пытанні. Хаця здаралася неаднойчы, што нехта з былых студэнтаў называў мяне сваім настаўнікам. Тады я далікатна тлумачыў яму, што гэта толькі сімпатычная мне аблуда. Бо насамрэч я нічога іншага не рабіў, акрамя як апантана распавядаў студэнтам пра мысленне, як самае прыгожае, што ёсць у чалавеку, і прасіў іх не стамляючыся самім разважаць, рэфлексаваць і мысліць, мысліць, мысліць...
Відаць таму і пісаў адно толькі эсэ - самы безадказны жанр, - з якіх і складвадліся ўсе мае кнігі. (Мой маніфест "Эсэ пра эсэ" канцуюць словы: "Калі ты напісаў эсэ, ты напісаў нічога".)
Уладзімір сышоў з жыцця ў 58 год (2015), не маючы ніводнай уласнай кнігі. Але ён недарма спадзяваўся на вучняў. Не прамінула і года, як яны надрукавалі першую яго кнігу - «Основание культурсоциологии: избранные труды». А ў жніўні таго ж 2016 года наступную, знатную і аб’ёмам - «Современная социология». (Наколькі я разумею, перадусім і ў першым, і ў другім выпадку трэба адзначыць шчыраванні Андрэя Камароўскага.)
А далей тры эпізоды з удзелу Уладзіміра ў інтэлектуальным рушэнні беларусаў.
Недзе напрыканцы дзевяностых яны разам з Ігарам Бабковым арганізавалі філасофскі семінар "Беларускае мысленне: генеалогія, кантэкст, перспектыва...". Дзеля семінара Уладзімір запрапанаваў месца ўласнай працы ў Акадэміі навук (Інстытут сацыялогіі). Там і збіраліся вечарамі, калі супрацоўнікі разыходзіліся па хатах. А скончыўшы апрацоўваць абраную тэму рушылі разам да вулічных шапікаў насупраць "Акадэмкнігі", дзе яшчэ гадзіну-паўтары смакавалі піва і, натуральна, таксама не маўчалі.