Выбрать главу

Яна ўскінула плячыма.

— Я і сама не ведаю...

— Ты ўсё не ведаеш. Хопіць, Вера, прыкідвацца. Табе там невыносна. Не з дабра ты пішаш мне пісьмы. Мы не можам забыць адно другога... Мы павінны быць разам. Ты мусіш набрацца сілы і парваць тыя ніці, што звязваюць цябе з ім.

— Добрыя ніці... Сын звязвае мяне, я нічога не магу рашыць. Што ён вінаваты? Ён павінен мець бацьку.

— Ты думаеш, ён будзе шчаслівы з такім бацькам? I ты таксама... Ты сама асуджаеш сябе на сямейную катаргу.

— Ну, што ж? Я заслужыла гэта. Я павінна адказваць за свае паводзіны.

— Гэта не адказ! — усклікнуў Мікалай. — Ты проста не асмелішся забраць дзіця і пайсці ад мужа.

— Куды? — рэзка спытала Вера. — Я бяздомная.

— На новае месца, да мяне. Больш няма чаго адкладваць.

Вера толькі цяжка ўздыхнула. Вочы яе заблішчэлі слязамі. Яна адвярнулася...

Толькі пасля развітання Мікалай успомніў, што Вера так і не сказала таго «нешта», для якога пісала пісьмо. Ён задумаўся. Ясна адно: яна шукае апоры. Ён у яе адзіны чалавек, які можа паматчы ў цяжкую хвіліну. А чым памог ёй Мікалай? Ён, як папугай, паўтарае адну фразу: «Ты не маеш сілы парваць з ім». Лёгка яму сказаць, ды цяжка ёй парваць. Яна лічыць сябе прыніжанай, нявартай яго. У той жа час самалюбства гаворыць ёй, што яна чалавек, што яна нават больш, чым іншыя, заслугоўвае павагі, бо яна вынесла столькі пакут, гора і слёз. Яна мае права не давяраць і яму, бо, акрамя слоў, нічога рэальнага ад яго не бачыла. Трэба любой цаной пераканаць яе, што ён гатоў на ўсё для яе, што не з-за вялікадушша, як яна аднойчы казала, прыносіць ён сваё жыццё ў ахвяру кахання.

Назаўтра, адпрасіўшыся з работы на гадзіну раней, Мікалай адразу ж накіраваўся ў дзіцячую кансультацыю, куды Вера павінна была прынесці малога. У прыёмным пакоі было некалькі маладых жанчын. Вера нахілілася над столікам, на якім ляжала спавітае дзіця. Яна раскручвала коўдру, і малы нездаволена крактаў і трапятаўся.

— Вось мой сын,— ціха сказала Вера, нібы знаёмячы Мікалая. Ёй, відаць, хацелася б, каб людзі, якія іх акружалі, лічылі Мікалая бацькам гэтага дзіцяці і яе мужам, а не проста пабочным чалавекам.

Мікалай заўважыў няўлоўныя, ледзь прыкметныя рысы падабенства малога да Веры.

Усмешка прамільгнула на твары Мікалая.

— Глядзі ты, вочы ў яго твае, рот таксама, толькі нос бацькаў, адразу ўверх задзіраецца. А як яго зваць? Ігар? Ах ты, вараг!

Ён глядзеў на малога і смяяўся, а той таксама скрывіўся, пускаючы сліну і паказваючы голыя чырвоныя дзясны.

Вера раскруціла яго і, узяўшы на рукі, зайшла ў другі пакой. Мікалай застаўся адзін каля століка з коўдрай і пялёнкамі. Яму было неяк дзіўна і нязвыкла ў такіх абставінах; разам з тым яго смяшыла думка, што вось гэтыя людзі, якія не чулі іх размовы, думаюць, што гэта маладыя бацькі. Вось ён, чужы чалавек гэтаму дзіцяці, збіраецца стаць яго бацькам.

Мікалай адагнаў ад сябе гэтыя думкі. Яму хацелася супакоіць сябе.

Праз некалькі хвілін выйшла Вера з малым на руках. Ён плакаў, а яна гайдала яго і старалася супакоіць. Аднак гэта было не так лёгка. Яны разам пачалі яго спавіваць. Рухі ў Мікалая былі нязграбныя і няўпэўненыя, ён баяўся сваімі жорсткімі рукамі моцна ўзяцца за гэтае далікатнае, кволае цельца. Вера ж упэўнена выконвала ролю маці, абвіваючы малое паяском, асцярожна пераварочваючы яго з боку на бок, гаварыла ласкавыя словы і час-ад-часу цалавала ў заплаканы тварык.

— Сынок мой, ты спалохаўся доктара... Не бойся, мой маленькі, з табою мама, яна не дасць цябе ў крыўду...

Мікалай слухаў гэтыя бясхітрасныя словы, і яму здавалася, што ён з кожным часам ясней разумее Веру, разумее яе пачуццё маці, глыбокае і шчырае. Ён сам маладзеў душою, у яго сэрцы раставала чэрствасць, нараджалася вялікая любоў да новага чалавечка-чалавека.

Праз некаторы час яны ўжо ішлі да трамвайнага прыпынку. Вера асцярожна несла на руках малое. Нічога сур’ёзнага ў яго не аказалася, трэба было толькі купіць дзіцячага крэму. Заўтра Вера прыедзе ў аптэку. Таму Мікалай не закранаў балючага пытання, а гаварыў аб усім. Вера была вясёлая і, здавалася, бесклапотная. Ён праводзіў яе да самай кватэры, і яна не пярэчыла.

Мікалай пераконваўся, што Вера забывае аб сваім цяжкім становішчы, смяецца, нават жартуе, адчувае сябе свабодна і лёгка. Яна сама прызнавалася, што з ім яна адпачывае пасля дамашняга пекла. Дома яна не чуе ласкавага слова, не бачыць усмешкі, і сама заўсёды маўчыць. Адзіная яе ўцеха — гэта сын.

А Мікалая самога ўсё больш і больш цягнула да яе. Яму з ёю таксама было прыемна і весела. 3 кожнай новай сустрэчай Мікалай усё больш захапляўся Верай.