Выбрать главу

На работу Мікалай прышоў раней за ўсіх і адразу ж узяўся за працу, спадзеючыся развеяць кепскі настрой і свае думкі. Але ўсе старанні яго былі дарэмныя. Зноў і зноў ён варочаўся да ўчарашняй размовы з Верай, а сама яна паўставала перад ім, як прывід. Здавалася, ён чуе яе голас, чуе так ясна і выразна, што, страпянуўшыся, азіраецца навакол, баючыся, што гэты голас чуваць не толькі яму.

Мікалай пачынаў успамінаць.

...Суботнік у калгасе. Маладыя дзяўчаты-студэнткі выбіраюць бульбу. Уперадзе ўсіх — Вера.

...Бульбу нагружаюць на машыну. Дзяўчаты насыпаюць кошыкі, хлопцы носяць. Вера не дасыпае, калі Мікалаю прыходзіцца забіраць у яе. Ён напамінае ёй аб гэтым, а яна ціха адказвае: «Падарвешся...» — і чырванее, як мак.

...«Учора наплакалася невядома чаго. Убачыла на двары сабачку, на нашага падобны. Такі жаль ахапіў, здаецца, паляцела б дадому... Яшчэ не адвыкла». I такім вінаватым тонам!

...«Страшна!» — сказала і ўздрыганулася пры поглядзе на «Сядзячага дэмана» Врубеля, разглядаючы часопіс.

...«Трэба купіць паліто, а я распазычыла ўсе грошы таварышкам. Што зробіш? Сама не раз пазычаю».

I яшчэ многа дэталей прамільгнула ў яго памяці.

Чым больш думаў Мікалай, тым усё больш пераконваўся, што Вера — гэта якраз той чалавек, якога ён даўно шукаў і так доўга не знаходзіў. Яму падабалася яе наіўная прастата і непасрэднасць. У ёй няма ні кроплі фальшы і штучнасці. Яна не фарбуе пазногці і не робіць завіўкі. Усмешка яе — не какетлівая ўсмешка, пад якой хаваецца лёгкадумства, а выраз самых шчырых і чыстых пачуццяў. Яе сум — не капрыз распешчанай дачушкі, якой прышло ў галаву павадзіць цябе за нос. Яна — разумная, чулая дзяўчына, хоць ёй і трэба яшчэ многа вучыцца і многа пазнаць.

Як жа ён можа аддаць у чужыя рукі гэты скарб? Ён застанецца жабраком, з пустой душою, калі яго абміне святлом свайго ззяння гэта дзяўчына. Толькі яна адна можа выратаваць яго, вярнуць надзею на асабістае шчасце.

Так, яны павінны быць разам! Ён любіць яе, якой яна ёсць. Толькі тады яму стала на момант балюча, толькі на хвіліну ім авалодала няпрошаная рэўнасць, але яна растала, як снег, што выпаў на цёплую зямлю. Вінавата не Вера, вінават ён сам. Ён сам не мог паверыць доўга ў сваё шчасце, прыглядаўся, чакаў, спадзяваўся на нешта, і сам не ведаў, на што. А цяпер... Праз пару дзён яна стане жонкаю таго, невядомага яму матэматыка, а Мікалай застанецца адзін, будзе цешыць сябе ўспамінамі аб далёкім шчасці, якое аднойчы ўсміхнулася яму.

...Да абеду заставалася хвілін дваццаць, але Мікалай рашыў пайсці.

Тралейбус прымчаў яго ў горад. Прайшоўшы сквер, Мікалай стаў спускацца ўніз па знаёмай вуліцы. Ён ішоў хутка, гледзячы пад ногі і абмінаючы лужыны. Імжыў дробны асенні дождж.

Раптам сэрца Мікалая балюча страпянулася: насустрач ішла Вера, трымаючы пад руку... Мікалай спыніўся, як укопаны: Вера ішла пад руку з Адамам Жукам, з якім ён тры гады назад жыў у адным пакоі. Адам вучыўся тады на трэцім курсе фізмата. Гэта быў самаўпэўнены малады чалавек, высокай думкі аб сабе і сваіх здольнасцях. У сесію, калі яго пыталі, як ён здаў экзамен, ён адказваў: «Нармальна» — такім тонам, нібы ўсім было вядома і ўсім зразумела, што ён здае толькі на пяць. Ён меў прывычку ісці і не глядзець на людзей. I цяпер ён прайшоў бы міма, але Мікалай стаяў якраз на іх дарозе.

— Мікалай? — здзівіўся Адам.— Адкуль ты ўзяўся? Здароў! — Ён весела працягнуў руку Мікалаю, глянуў на Веру і дадаў: — Знаёмся з маёй жонкай.

Мікалай цяжка дыхаў. Бляднеючы і робячы паўзы пасля кожнага слова, прамовіў:

— Здароў... 3 неба... зваліўся... Жонкай?.. Мы знаёмы... без твайго... дазволу...— I ён кінуў кароткі позірк на Веру.

Яна глядзела сабе пад ногі. Твар яе быў белы, як палатно, а вусны шчыльна сціснуты. Усе трое маўчалі. Адам нібы нешта ўспомніў — ён рэзка насунуў капялюш на вочы: твар яго паволі залівала чырвань. Ён пераводзіў погляд то на Мікалая, то на Веру і, здавалася, не знаходзіў слоў. У ім бушаваў шалёны гнеў, і ён выбіраў, куды яго скіраваць, бо стрымацца не было сілы.

— Дык гэта і ёсць твой новы знаёмы? — звярнуўся ён да Веры, робячы націск на апошнія словы.— А чаму ты не сказала мне, што ён ведае дарогу на тваю кватэру? Я пытаю ў цябе, чуеш? — у голасе Адама загучала халодная, непрыемная нота.

Вера маўчала. Яна толькі рэзка павярнулася і стала бокам да Адама.

— Паслухай, Адам, не хвалюйся,— звярнуўся да яго Мікалай.— Ты дарэмна на яе нападаеш. Ды яна і не абавязана гаварыць табе ўсё, што ёй вядома, і рабіць перад табой справаздачы...

— А табе што да таго, як я абыходжуся з ёю? Ёй адвакатаў не трэба! — Адам збіў капялюш на патыліцу, адкрыўшы вялізны лоб са шрамам-абручом над белымі брывамі.— Я рашаю свае сямейныя справы так, як мне падабаецца.— Голас яго гучаў груба і нядобразычліва.