Выбрать главу

— На гэта мне цяжка рашыцца. Табе прасцей.

Было відаць, што яна вагаецца. Мікалай прадаўжаў настойваць. Паслязаўтра ён прыедзе да яе і перавязе яе рэчы на новую кватэру.

— Ты згодна? Згодна? — спытаў ён пад канец.

Яна задумалася і, здавалася, акамянела. У яе душы ішла барацьба.

Замест адказу яна сказала:

— Мне пара ісці.

Яны пайшлі на аўтобусны прыпынак. Мікалай пераконваў яе, што толькі так, а не інакш яны павінны рашаць гэтае пытанне. А яна маўчала. Прышоў аўтобус. Вера паімкнулася садзіцца, але Мікалай затрымаў яе.

— Ты не адказала мне нічога. Ты згодна?

Яе замкнёны твар выдаваў вялікую муку, нібы яна выбірала паміж жыццём і смерцю.

— Згодна,— ціха прамовіла яна нарэшце.

Мікалаю здалося, што ён сілаю вырваў у яе гэтае кароткае слова. Ён ішоў дадому і разважаў.

Няўжо яна кажа праўду? Ці будзе так, як малюе ён сам сабе? Ён ведае што многае залежыць ад яго самога. А калі не? Ці зможа ён сапраўды жыць з ёю добра, мірна, па-чалавечы? Ці не растане яго каханне пры першым сутыкненні з жыццёвай непрыемнасцю? Ці зможа ён па-сапраўднаму, без прытворства, любіць яе малое? Мікалай ламаў галаву над гэтымі пытаннямі, і ў канцы прыходзіў да заключэння, што ўсё будзе добра. Гучаў недзе і голас сумнення, але ён нібы не даходзіў да свядомасці.

Роўна ў назначаны час Мікалай пайшоў на яе старую кватэру. Гэта была проста «разведка». Якія ў яе рэчы? Ці трэба будзе браць машыну?

Але Веры ён не застаў дома. Кватарантка, маладая жанчына, сказала Мікалаю, што Веру выклікалі тэлеграмай — памерла маці. Вось што!.. Яму раптам стала душна, і ён амаль выскачыў з пакоя.

А здавалася, што перашкод больш няма, што ўсё пойдзе на лад. Вера, Вера! Колькі раптоўнага гора на тваю галаву!

Мікалай успомніў, што не ведае дамашняга адрасу Веры. Прышлося паслаць пісьмо ў пашпартны стол па месцу жыхарства Веры.

Марудна цягнуліся дні. Яму хацелася пачуць хоць адно слова ад Веры. Адказ прышоў праз тыдні тры. Мікалай напісаў кароткае пісьмо. У ім было толькі спачуванне і просьба напісаць пару слоў. Закранаць пытанне аб іх узаемаадносінах ён не асмельваўся. Ёй не да гэтага. Мікалай з трывогай стаў чакаць адказу. Але яго не было: тыдзень, месяц, другі...

Ну што ж? Трэба забыць усё і выкінуць з галавы думку аб тым, што іх дарогі яшчэ сыйдуцца.

Надышла вясна. Горад умываўся вясеннімі дажджамі, зелянеў першай ліствою. Вуліцы станавіліся люднымі, самі людзі — вясёлымі і ўзбуджанымі.

Мікалай усёй сваёй істотай адчуваў вясенняе адраджэнне, але частая туга і сум парушалі лепшыя хвіліны спакою. Ледзь толькі ён заставаўся адзін, як думкі яго зноў і зноў варочаліся да Веры. I што радаснага ён мог успомніць ад іх сустрэч? Адна горыч: нечаканыя разлукі, нечаканыя і кароткія сустрэчы. Нягледзячы на гэта, ён усё яшчэ ў глыбіні душы спадзяваўся, што яны сустрэнуцца.

Праз некаторы час яму давялося быць у камандзіроўцы ў тых мясцінах, адкуль была родам Вера. Вось тут і ажыла ў Мікалая надзея ўбачыцца з Верай. Неяк у нядзелю, калі час быў свабодны, Мікалай сеў на спадарожную машыну і праз колькі хвілін быў у вёсцы Трысцё. Верына хата стаяла далёка ад вуліцы, перад вокнамі быў добры сад, абгароджаны дротам.

Мікалай гадаў, ці ўбачыць ён Веру. Нешта не верылася ў такое шчасце.

Да хаты заставалася крокаў пяцьдзесят, калі дзверы ў сенцах адчыніліся. Дзяўчынка-падлетак выбегла ў сад і пачала ганяць курэй, якія грабліся на пасеяным.

У вочы кідалася поўнае падабенства дзяўчынкі да Веры. Такі ж колер валасоў, выраз твару. Нават голас, калі яна крычала на курэй, здаўся Мікалаю знаёмым. Таму, павітаўшыся, ён адразу спытаў:

— Вы Верына сястра?

Дзяўчынка здзіўлена паглядзела на яго.

— Якой Веры? — хітра спытала яна.

Мікалай усміхнуўся і назваў прозвішча.

— А што вам трэба?

— Я хацеў яе бачыць. Яна дома?

— Яе няма. Хіба вы не ведаеце, што яна замужам? Гэта вы пісалі ёй пісьмы?

Яна адразу паставілася варожа да Мікалая. Яго гэта крыху ўкалола, але ён тут жа рашыў, што яна робіць правільна. Таму ён, вінавата ўсміхнуўшыся, сказаў:

— Я ведаю, што яна была замужам, але ж яна апошні час не жыла з мужам. Таму я і пісаў. А цяпер яна што — зноў жыве з ім?

Апошняе пытанне ён вымавіў так, нібы гэта яго мала цікавіла.

— Жыве, — быў адказ.

— I яны добра жывуць?

— Добра,— коратка і рэзка адказвае дзяўчынка.

— А як вас зваць? — раптам пытае Мікалай.

— Навошта вам? — яна кідае на яго непрыветлівы позірк.

— Як навошта? Проста цікава ведаць, як завуць такую сярдзітую дзяўчынку.

— Не трэба вам маё імя. I пісем вы больш не пішыце,— гаворыць яна.