Выбрать главу

Першым пакінуў, адкінуў свой ланцуг меншы па росце і малодшы па гадах, сабака Яша, які адразу ж з вялікай радасцю падбег да Біма. Яша прыспешваў гаспадара, круціўся каля яго. Ён сваім спрытам, скачкамі, брэхам і стараннасцю, перашкаджаў Максіму хутка адшчапіць доўгі ланцуг ад нашыйніка Біма. Пасля таго, калі справа была зроблена і два сабакі з лёгкасцю падбеглі да шэрых драўляных варот, мужчына вярнуў у тоўстыя грубыя пальцы патрапаную ад часу сякерку. Максім Фёдаравіч павольна падышоў да гадаванцаў, якія разрываліся ад шчасця, якія гатовыя былі з нецярпеннем вырвацца за агароджу, прасілі хутчэй расчыніць вароты. Максім нагнуўся, прыўзняў штыр-замок і адштурхнуў правую палову варот ад сябе. Жывёлы неадкладна, спрытна, выбеглі з-за ног гаспадара, быццам хтосьці даў старт бегавой дыстанцыі. Яша і Бім рванулі з двара да пясочнай дарогі, якая ляжала непадалёк, за варотамі. Мужчына зачыніў праход, паправіў цёмную шапку, адкрыў шырокі лоб. Халоднае паветра цені, якое лунала ля паўночнай сцяны высокай пуні, закранула яго круглы твар. Максім пакінуў ценявую свежасць і выйшаў на дарогу, якая за гады злёгку абрасла травой, але не хавала адбіткі трактарных колаў. Гэтае месца прагна грэлася сонцам і прыемнае, у меру цёплае паветра, стала абдымаць адкрытыя ўчасткі мужчынскага цела, яго раздражнёную, не маладую, скуру. Не робячы прыпынку, Максім Фёдаравіч перайшоў пясчаную дарогу і апынуўся на тэрыторыі дзіцячай пляцоўкі, дзе калісьці быў па-сапраўднаму прыгожы парк. У гэтую ж гадзіну Максім не ўбачыў, не адвярнуўся і не заўважыў свайго суседа Віктара Іванавіча. Пенсіянер Віктар моўчкі стаяў за невысокім драўляным плотам свайго двара і стомленымі вачыма праводзіў сябра ў шлях, пазіраў яму ў спіну.

У мінулым парк, а зараз проста сціплая дзіцячая пляцоўка, пасярод лужка, адчувалася кінутай. Арэлі і карусель, афарбаваныя вясёлкавымі фарбамі, прачакалі ўсю зіму, каб з прыходам вясны іх сонны метал разварушылі пратасаўскія дзеці. Раней усю дзіцячую пляцоўку атачалі дрэвы: раслі высокія таполі, размашыстыя ліпы, канадскія клёны і зялёна-залацістыя хвоі. Цяпер жа, дзіцячую пляцоўку атачаюць пні, некаторыя з іх трохі абраслі кустом ці ж наогул, страцілі жыццёвую энергію, засохлі. Таму, гэта месца было цяжка назваць паркам, бо тут даўно не было ніводнага жывога дрэва – усё зрэзалі некалькі гадоў таму. Не пасадзілі ніводнага новага дрэўца і, мабыць, ніколі не пасадзяць. Карусель, арэлі, турнікі – самотна і холадна, заставаліся часткай мінулага, сталі напамінам пра былы зялёны жывы парк.

Каля Максіма Фёдаравіча працягвалі бегаць два сабакі. Бім, што быў старэйшы за Яшу, то падбягаў да гаспадара, то хутка адбягаў ад яго на невялікую адлегласць, перабіраючы рыжымі стройнымі лапамі. А вось чорны сабака Яша не падыходзіў да гаспадара, але як толькі Бім заставаўся адзін у баку, ён тут жа ішоў за старэйшым. Як вучань, малодшы сабака вучыўся, як правільна трэба сябе паводзіць на прагулцы. А калі Яшу быў знаёмы маршрут, ён бег наперадзе, паводзіў сябе па-даросламу.

Мужчына ішоў у лес, жывёлы адчувалі гэта. Але вось які шлях, які лес абярэ іх гаспадар, якой дарогай пойдзе ён у знаёмыя месцы, яны толькі меркавалі. Таму, сабакі часта падымалі галаву на Максіма, сачылі за яго перамяшчэннем. Але калі Бім і Яша захоплена адбягалі ў бок, палічыўшы, што гаспадар абярэ іх дарогу, то яны чулі цвёрды знаёмы голас Максіма, чулі сваё імя і вярталіся, мянялі свой кірунак шляху.

За плячыма ўжо была тэрыторыя былога парку, калі з'явілася асфальтавая дарога, галоўная вясковая вуліца. Па ёй перыядычна перасоўваліся як легкавыя аўтамабілі, так і грузавыя. Ужо больш за трыццаць гадоў вялікія машыны перавозяць лес гэтай дарогай, праз цэнтр вёскі. Часта можна было пачуць ці ўбачыць лесавозы з рознай драўнінай. У лес пустымі, назад вярталіся поўнымі. Тут жа каталіся і трактары, некаторыя палі ўжо размяклі, падсохлі і гатовыя былі да ворыва.

Вуліца Маладзёжная, галоўная дарога, была шырокай, крыху больш за кіламетр у даўжыню. Белыя цагляныя будынкі стаялі ўздоўж вуліцы з усіх бакоў. Але вось тут, дзе хадзіў Максім Фёдаравіч, дамы знаходзіліся толькі з аднаго боку, уздоўж дарогі. У гэтай частцы вёскі некаторыя двары засталіся без гаспадароў, тыя пакінулі свае дамы і з'ехалі. Хто пераехаў у суседнюю вёску, а хто выбраў іншы дом у Пратасах.