Пераходзячы вуліцу, Максім Фёдаравіч заўважыў злева ад сябе людзей, што ў пару будынкаў ад яго, сабраліся каля драўлянай лаўкі. Трое жыхароў вёскі бачылі, як мужчына з сабакамі пераходзіў на другі бок. Яны пазналі Максіма, няхай, і знаходзіліся ад яго не надта блізка. Дзве жанчыны селі на лаўку, адна ўстала насупраць іх і з энергіяй у голасе пачала пра нешта распавядаць.
Калі Максім перайшоў цвёрдую дарогу, злева выцягнулася крывое поле, справа ўсталі могілкі, якіх тры гады таму абгарадзілі бетонным плотам. А крыху далей, направа, уздоўж галоўнай вуліцы, ля самага краю могілак, знаходзіўся помнік, які ўвекавечыў месца, казаў пра незабытае мінулае, сведчыў пра Вялікую Айчынную вайну. Ён меў большую ўвагу – на вясковых могілках была брацкая магіла салдат. Імёны вайскоўцаў былі пазначаны на мемарыяле, імёны тых людзей, якія загінулі падчас бітваў у Пратасах і ў яе ваколіцах. Каля гэтага помніка раз на год праводзіліся ўрачыстасці, прысвечаныя гераічным подзвігам салдат. У Пратасах быў яшчэ адзін помнік, што размясціўся ў старой частцы вёскі, дзе была разбітая пясочная дарога і стомленыя драўляныя хаты. Ён нагадваў страшную трагедыю. Менавіта там, дзе вертыкальна стаяла тоўстая пліта, былі жыўцом спалены жыхары вёскі ў час Вялікай вайны, падчас доўгай акупацыі. Імёны жанчын і мужчын, старых і дзяцей, выбітыя на цёмна-шэрай пліце. Але пры ўсёй павазе да гэтага памятнага месца, да помніка надавалася меншая ўвага з боку ўладаў, гасцей, карэспандэнтаў, нават у той адзіны памятны Дзень Перамогі. У асноўным пра яго гаварылі толькі жыхары вёскі, якія клалі кветкі, прыводзілі тэрыторыю ў парадак.
А калі Максім больш далей адышоў ад асфальтавай дарогі і прайшоў уздоўж могілак, яго ногі ўжо ішлі па не друзлым полі. Зямля была няўзараная, пасля раставання снегу было добра відаць, што да зімы тут расла кукуруза, якую прыбралі восенню на корм каровам. Рэшткі, іржышча, што тырчала як шчацінне, змяшаліся з прагнілым пустазеллям. Кіяхі, якія адарваліся яшчэ пры ўборкі, а зімой былі знойдзеныя дзікімі жывёламі, дзе-нідзе пакінулі свае стрыжні. Кукурузнымі зернямі сілкаваліся не толькі вепрукі і птушкі, часцей за ўсё зайцы. Шмат развялося вушастых каля Пратасоў, бо вёсачка акружыла сябе палямі і лясамі. Куды не паглядзі – усюды высокі лес, шырокае поле.
Максім Фёдаравіч, абышоўшы невялікі кар'ер, які з берагоў аброс хмызняком, яшчэ больш аддаліўся ад вёскі. Тады ж цёмнай марской хваляй над галавой адважна праляталі дзікія гусі. Птушкі раскідвалі кароткія гукі, перагаворваліся паміж сабой, ляцелі на ўсход. Мужчына правёў іх кароткім позіркам, пакідаючы за спіной палявую прастору. Ногі прывялі яго да краю хвойнага лесу, дзе ўздоўж доўгай паласы поля раслі не вельмі старыя, але і не сказаць, што маладыя, дрэвы. А ўнізе спала леташняя доўгая трава ў колер пустыні, якая акружыла сабой рэдкія хмызнякі, стройныя стрункі метровага кедра. А крыху глыбей, у рослым лесе, як на малюнку, усюды ляжалі безжыццёвыя бледныя іголкі хвой, валяліся голыя тонкія галінкі.
Спачатку Максім прайшоўся ўздоўж краю, дзе поле дакраналася лесу. Затым, калі з правага боку з’явілася знаёмая дарога, ён збочыў на яе. Сабакі звярнулі ўвагу на гаспадара, які сыходзіў у бок, і пабеглі за ім, абагналі мужчыну і бадзёра панесліся наперад. Жывёлы ўпэўнена перабіралі лапамі перад Максімам, яны нібы ведалі, куды прывядзе роўная лясная дарога. Быццам гаспадар больш не збочыць, не спыніцца, а пойдзе прама за імі.
У асяроддзі лесу, сярод лёгкага шуму соснаў і елак, чуўся бадзёры спеў птушак. Скрозь калматыя галінкі, тонкімі лініямі пранікала прамое сонечнае святло, падаючы на дзікую сырую паверхню. Цягнула, веяла прыемным халадком і вільготнай свежасцю. На імгненне Максім адчуў сябе моцным і здаровым, маладзейшым за свае гады. Лёгка застукала яго сэрца, адразу ж падумалася пра добрае. Мужчына адчуў усю любоў да лесу. Ён з дзяцінства ахвотна і з задавальненнем наведваў падобныя месцы з бацькамі, калі яшчэ жыў у іх, на Палессі. Ён успомніў, як вялікай сям'ёй яны збіралі грыбы, ягады, як з бацькам знаходзіў дзікі мёд.
Наперадзе раздаўся трэск, Максім кінуў погляд, але сабак не было відаць. Бім і Яша зніклі з-пад увагі.
Максім Фёдаравіч нетаропка крочыў па дарозе. Не пераставала пахнуць хвоямі, смалой, прахалодай, вільготнай глебай. Пышныя зялёныя вяршыні дрэў ціха гулі, перашэптваліся, нібы абмяркоўвалі прыход чалавека з сякерай, шукалі яго намеры, яго прычыну з'яўлення ў іх доме. А мужчына шпацыраваў, разглядаў і запамінаў, як цяпер выглядае гэты ўчастак лесу. Пасля зімы, ад лютаўскага ветру, палеглі слабыя ў корані дрэвы. Тонкія і тоўстыя, сухія і вільготныя іглічныя ствалы ляглі або схіліліся да зямлі. Максім вадзіў карымі вачыма, пазіраў: як за пару гадоў хутка зараслі дзялянкі, як за халодную пару выразалі новыя. У адрозненне ад некранутых плошчаў лесу, цяпер, тут, у свежаразараных квадратах, дзе не засталося дарослых дрэў, гэтым летам не будзе так шмат ягад і грыбоў.