Лясная дарога была роўная, няраз'язджаная, была чыстая ад кустоў і галінак. Яна вывела мужчыну на ўзаранае шырокае поле. Адсюль, ад краю лесу, праз поле, можна было ўбачыць цвёрдую дарогу, кювет з кустамі, а за ўсім гэтым зялёную сцяну ляснога масіву.
Уздоўж лесу, недалёка ад Максіма, валяліся спілаваныя і паваленыя тонкія дрэвы. Кара часткова адышла ад засохлых кінутых ствалоў, а сонца, прыпякаючы адкрытыя ўчасткі драўніны, афарбавала ўсё ў шэрыя адценні. Высокая, леташняя, сухая трава, нібы русымі валасамі, густа схавала сабой тыя часткі дрэва, што моцна і безжыццёва прыціснуліся да зямлі. Цёмныя галінкі тырчалі з-пад вязкай жоўтай травы і мяккага моху. Тут, ля мяжы поля і лесу, Максім Фёдаравіч знайшоў знаёмыя халодныя валуны. Вялікія светла-шэрыя камяні, нібы больш не раслі і, хоць, працягам у пятнаццаць гадоў мужчына бачыў іх толькі некалькі разоў, здавалася, што камяні не змянялі свайго памеру. Яны толькі знізу пазелянелі ад вільгаці, абляпіў іх дробны мох-паразіт. Максім трохі пастаяў тут, каля поля, агледзеў усю прастору вясновай прыроды і адчуў непрыемную лёгкасць. Расслабленасць душы захоплівала цела і думкі, вабіла вялікім жаданнем больш нікуды не ісці. Быў б тут ложак або канапа, мужчына бы з задавальненнем прылёг на гадзінку. Максім Фёдаравіч глыбока ўздыхнуў. Надышоў час вяртацца назад, дадому.
Сабакі бегалі побач, кружылі недалёка ад гаспадара ў чаканні яго наступнага кроку. Яны непрыкметна касавурылі вокам у яго бок, шукалі адказу, меркавалі, куды і калі пойдзе Максім. Гаспадар нядоўга разважаў над выбарам: вярнуцца дадому той жа лясной дарогай, якая прывяла яго сюды, ці ж, перайсці поле і апынуцца на пясочна-гравійнай дарозе, а па ёй ужо выйсці да вёскі. Мужчына абраў другі варыянт. Ён паклікаў да сябе сабак і адважным крокам ступіў на ўзараную зямлю.
Цёмна-карычневая мяккая паверхня пуставала. Увосень тут прайшліся плугам, таму поле хутка прагравалася вясновым яркім сонцам, сталі прабівацца стрункі пырніка. «На такую глебу можна ўжо сеяць авёс», – падумаў Максім Фёдаравіч і спакойна пакрочыў прама да цвёрдай дарогі. Мяккая зямля хавала ўсю таўшчыню цёмнай падэшвы. За Максімам цягнуліся роўныя сляды ад галёшаў. Ногі амаль не грузлі. Пахла рыхласцю. Прайшоўшы палову поля, мужчына знайшоў свежыя і даўнія сцежкі дзікіх свіней. На сырой глебе захоўваліся сляды ад шматлікіх капытоў, можна было з упэўненасцю сказаць, што вялікі статак пераходзіў поле, таптаўся тут некалькі разоў. Па адным і тым жа шляху бегалі звяры, змяняючы адзін лес на другі. Вузкая пракладзеная сцежка віляла, месцамі шырылася. Па малюнку было бачна, як маленькія сляды капытцаў адбягалі ад галоўнай дарожкі і вярталіся назад да яе ж, робячы невялікае паўкола. Мабыць, з дазволам больш дарослых дзікоў, маладыя свінкі шукалі не толькі пражытка, але і спазнанняў. Не адыходзячы ад статка занадта далёка, карычневыя дзікі-аднагодкі адчувалі сябе свабодна і самастойна. Можна было лёгка ўявіць, як яны бегалі, рыліся і пазіралі па баках.
Сабакі хутка абнюхалі свежыя сляды дзікіх жывёл і першымі перайшлі поле, выбеглі на галоўную дарогу. Бім і Яша цяпер нікуды не спяшаліся, тапталіся на адным месцы, глядзелі на гаспадара, чакалі яго прыходу. Павольна, ужо стомленымі крокамі, няспешна набліжаўся да сваіх жывёл Максім. І як толькі ён падступіў да травяністага краю, пакідаючы друзлае поле, то сабакі хутка спусціліся ўніз, у кювет. Жывёлы прайшліся па прахалоднай вадзе, якая рассыпалася вялікімі плямамі ўздоўж дарогі. Абыходзячы самотную невялікую лужыну, што абрасла маладымі асінамі і атачыла сябе рэдкай высахлай асакой, Максім Фёдаравіч сустрэў сваіх гадаванцаў. Лапы сабак убеглі ў ваду, разварушылі лужыну, якая маляўніча адлюстроўвала нябёсы. За імгненне вада пакрылася хвалямі, забягалі белыя блікі святла. Разляцеліся празрыстыя пырскі па баках.
Махаючы сякеркай, адсякаючы галінкі насупраць твару, Максім без праблем прайшоў па бязводнай часткі, паміж тонкімі асінамі. Шэрыя маладыя дрэвы, як антэны, выцягнуліся ў неба. Мужчына ўзлез на цвёрдую, ямістую дарогу, якая злучала сабой вёску Пратасы і вёску Чорныя Брады. Менавіта па гэтым пясчана-гравіным шляху перавозілі дровы. Таксама, хвалістая як змяя, дарога, ад Пратасоў вяла да кар'еру, дзе летам можна было выкупнуцца. Вяла яна і да чыгункі, цягнік штодня курсіраваў у горад і з горада.