Максім успомніў, як дарога хутка змяняецца пасля працяглага дажджу: становіцца разбітай, бруднай, з’яўляецца на ёй шмат вялікіх вязкіх лужын, якіх ніяк не аб'ехаць.
На старой дарозе не было ні душы, ні машын. Адсюль было добра відаць, як тырчалі з-за ўзвышша светлыя дахі дамоў, як паднялося высока сонца. Максім Фёдаравіч перавёў дыханне. Ён зірнуў на чорную канаву, на разрослы цёмны кавалак лесу, што маўчаў ля дарогі. І толькі пасля гэтага пакрочыў у вёску. Яшчэ кіламетр шляху і ён будзе ў Пратасах. Пра гэта казаў дарожны сіні знак з белай лічбай «1».
Сабакі хадзілі ўздоўж і папярок дарогі, па-ранейшаму бегалі па лужынах і палях, што з'явіліся ўжо з двух бакоў гравійкі. Мужчына не збочваў, ішоў толькі наперад, пакінуўшы лясное раздолле ззаду. Ён усё часцей стаў падумваць пра адпачынак, які павінен адбыцца як раз пасля смачнага абеду. Перад сыходам, жонка Люба казала Максіму, што на абед прыгатуе дранікі. Мужчына спяшаўся, прынамсі, яму так здавалася. Ён ішоў без прыпынкаў, а няспынныя ціхія спевы маленькіх птушак і лёгкае гулянне вецера, надавалі яму сілы.
Вось і адкрылася вёска, з узвышша паказаліся цагляныя белыя дамы і іх шэрыя дахі, драўляныя платы і вузкія вокны. Частка вуліцы з'явілася наперадзе. Раней, справа ад дарогі, быў сад, зараз жа ад яго амаль нічога не засталося. Толькі шэраг садовых дрэў уздоўж вуліцы Бухтуева, да павароту, а за ім яшчэ невялікая група яблынь. Большую частку старога саду, які мінулым летам даў шмат садавіны – зрэзалі. Пні выкарчавалі, тэрыторыю ўзаралі. Упершыню, сёлета, на месцы яблынь і груш, будзе расці збожжавая культура. З левага боку дарогі, па якой ішоў Максім, у асяроддзі лясных дрэў і кустоў стаяў адзінокі двухпавярховы будынак з белай цэглы. Як самотнік, ён адасоблена сумаваў, нібы наўмысна аддаліў сябе ад вёскі. Чатырнаццаць гадоў таму, у тым будынку яшчэ вучыліся дзеці, а цяпер будынак школы стаў архітэктурным помнікам для жыхароў вёскі Пратасы. Зараз школа выглядае пашкоджанай і трохі разабранай. Ні даху, ні зашклёных вокнаў. З вонкавага боку толькі белыя сцены, а ўнутры пустата і пыл мінулага.
Сённяшні дзень быў не гарачым. Максім Фёдаравіч ужо дайшоў да дарожнага знака «Пратасы» і тут жа яго ногі адчулі роўную асфальтавую дарогу. Мужчына крыху прайшоўся наперад па галоўнай вуліцы, да скрыжавання. Яго правялі маладыя дрэвы, а затым Максім павярнуў направа на вуліцу Бухтуева, якая ляжала літарай «Г». Сабакі пабеглі прама, не павярнулі за гаспадаром. Таму, Максіму Фёдаравічу прыйшлося зменшыць крок і голасам вярнуць сабак да сябе. Жывёлы ахвотна вярнуліся, падбеглі да яго, а затым зноў апынуліся наперадзе гаспадара. Бім і Яша прадчувалі, што хутка апынуцца на прывязі, бо вяртанне ў вёску надавала такія пачуцці, прыводзіла да дому. Сабакі спяшаліся абнюхаць як мага больш вуглоў, платоў, дрэў і кустоў.
Ад скрыжавання, ад галоўнай дарогі, па вуліцы Бухтуева і да яе рэзкага павароту – людзей не было. Толькі стаяў адзін легкавы шэры аўтамабіль, ды сіні трактар. Брахалі ў дварах чужыя сабакі, амаль у кожным падворку адчувалася зайздрасць да Максімавых гадаванцаў, што яшчэ вольна бегалі пры дарозе. Мужчына павярнуў налева па вуліцы, справа з'явіўся той самы кавалачак саду, які пашкадавалі знішчаць. Наперадзе адкрылася астатняя доўгая частка вуліцы, апошні кавалак шляху. А пры канцы Максіма чакала жонка Люба, якая ўжо смажыла цёртую бульбу на патэльні, прадчуваючы хуткае вяртанне мужа.
Па ўсёй вуліцы, злева ад Максіма цягнуліся дамы, а справа стаялі дрэвы. Пасля заканчэння яблыневага саду з'явіліся шырокія ліпы, высокія бярозы і іншыя не садовыя дрэвы. Каля трох дарослых елак, якія пры жыцці пасадзіў Валодзя, насупраць свайго дома, грэбліся і хаваліся пад пухнатымі галінкамі куры. На вуліцу выйшаў высокі хлопец Сяргей. Ён сустрэў Максім Фёдаравіча, які якраз у гэты час праходзіў побач. Пасля вітання, завялася кароткая размова:
– Сабакі не з'ядуць маіх курэй? – з усмешкай, пытаўся круглатвары Сяргей.
– Не. Не хвалюйся. Яны не хапаюць курэй, – адказаў Максім Фёдаравіч і паглядзеў на свайго чорнага сабаку Яшу, які круціўся недалёка ад трох елак-сясцёр.
Мужчына паклікаў сабаку да сябе і развітаўся з хлопцам.
Пасля, адышоўшы ад дома Сяргея і пакінуўшы ззаду цагляны дом Валодзі, Максім Фёдаравіч пачуў стук малаткоў і людскія размовы. Пара мужчын працавала на даху хлява, слала новы шыфер пасля пажару.