Выбрать главу

5

Мабыць, апоўначы ўсходзіць месяц. Ён неяк неўпрыцям выпаўзае з-за небасхілу і, залазячы ўсё вышэй, пачынае свой нетаропкі рух па ўскрайку святлявага чэрвеньскага неба. Неба ўжо так і не цямнее да ранку, яно скрозь свеціцца нейкім невыразным унутраным святлом, прыглушаным да мутнай сінявы на ўсходзе і з зеленаватым адценнем на захадзе. Цёплы паўднёвы ветрык нясе з сабою невыразныя шолахі, таемныя, нібы чалавечыя, уздыхі, рэшткі далёкага гулу — недзе не то грукацяць танкі, не то тужацца на пад'ёме машыны. Далёка, напэўна, па той бок Прута, узлятаюць угору тоненькія зеленаватыя пункцірыкі трасіруючай чаргі. Дасягнуўшы нейкага месца ў небе, яны адзін за адным гаснуць, нібы хаваюцца за якую нябачную хмарку.

Прыслухоўваючыся да наваколля, мы сядзім укупе ля запарушанай пяском палаткі, на якой ужо не засталося і крошкі ежы. Жаўтых, адкінуўшыся на бок, курыць са жмені, побач сядзіць Папоў; Лук'янаў непадалёк мые рэшткаю чаю нашы запэцканыя кацялкі (сёння яго чарга); Лёшка, вярнуўшыся з недалёкіх праводзін, соладка качаецца ў доле, сапе і стогне ад лішкаў маладое сілы і нейкага душэўнага задавальнення. Адзін толькі Крывёнак не падыходзіць да ўсіх і моўчкі сядзіць наводшыбе.

— Любата на вайне, га? — пытаецца Жаўтых з сытай задаволенасцю ў голасе. — Любата! Цяпер у нас, на Кубані, ой як горача! Ад зары да зары, бывала, у стэпе. Праца да сёмага поту, а тут ляжы… Спі… Паеў і — на бакавую. Так і ад вайны адвыкнеш. Праўда, Лазняк? Ты колькі ў шпіталі праваляўся?

— Дзевяць месяцаў без трох дзён.

— Добра, відаць, цябе цюкнула? У нагу?

— У бядро, — кажу я.

— Та-а-ак, — няпэўна выдыхае Жаўтых і, разважыўшы, дадае: — А наогул прападзі яна пропадам, гэта вайна. У японскую ў мяне дзеда забіла. У тую германскую — бацьку. Японцы над тым Халкіным голам…

— Правільна: Халхін-Голам, — тут жа папраўляе Лёшка.

— Ну, пад Халхін-Голам… Дык гэта брата Сцёпку пакалечылі. Прыйшоў без рукі, з адным вокам. Цяпер — я. Праўда, тут ужо нічога не скажаш. Тут трэба. Але ўсё думаецца: няўжо і маім дзецям без бацькі расці?

Пэўна, штось цікавае ўдумаўшы, ускоквае з долу Лёшка.

— Слухай! Вось ты кажаш: вайна, вайна. А ты падумай, хто ты да вайны быў? Ну хто? Радавы калгаснік! Быкам хвасты закручваў! Кізякі голымі нагамі мясіў! Законна?

— Ну і што? — насцярожваецца Жаўтых.

— А то. Быў ты нікудыка. А цяпер? Паглядзі, кім цябе вайна зрабіла? Старшы сяржант. Камандзір гарматы. Кавалер ордэна Айчыннай вайны, трох медалёў «За адвагу». Член партыі…

— От сказаў! — з'едліва здзіўляецца Жаўтых. — Кавалер! Ці ведаеш ты, што ў майго бацькі крыжоў болей было, чым у мяне медалёў. І што? Думаеш, што змянілася? А то кавалер! — кажа Жаўтых і злосна ёрзае ў доле.

— Ерунда! — аб'яўляе Лёшка, зноў разлёгшыся на траве. — Мая праўда!

— Праўда! Я б усе медалі аддаў, толькі б дзяцей зберагчы. Вунь — не скончыцца вайна да новага года — старшы мой, Дзмітрый, пойдзе. Дапрызыўнік. Васемнаццаць год хлопцу. Возьмуць, трапіць у пяхоту, і што, думаеш? Маладое, дурное — у першым-другім баі і пакладзе галаву. Не жыўшы, не ведаўшы. А то медалі! Добра табе, халасцяку, ні кала, ні двара, сам сабе галава. А тут — чацвёра ў доме, і малыя!

Лёшка маўчыць, камандзір уздыхае, лагодны яго настрой псуецца.

— Толькі тое і радасці, як падумаеш, што гэтая вайна — ужо апошняя. Даваюем, і баста. Ужо другой такой не будзе. Не павінна быць. Сам я гатовы на ўсё. Але каб апошні раз. Каб дзецям не давялося.

— А што, хай паваююць, — не то ўсур'ёз, не то жартам — яго не зразумееш — пярэчыць Задарожны. — Разумнейшыя будуць. Вайна — таксама быццам акадэмія.

— Акадэмія! Эх ты! Сам вось скончы гэтую акадэмію, а пасля кажы.

— Ерунда! Ваююць жа хлопцы. І дзеўкі нават. Вунь Люська, напрыклад. Чым яна горшая?

— Ну і што ж? Думаеш, правільна гэта? Ці лёгка ёй, дзяўчыне, сярод гэткіх вот, як ты… бугаёў?

— А што?

— А нічога! Праўда, Люся — дзяўчына харошая, — кажа Жаўтых. — Даваяваць, ды даў бы ёй бог шчасця. Яна варта…

Мы ўсе маўкліва згаджаемся (хто ж з нас скажа што супраць Люсі), Жаўтых зацягваецца — ружовым агеньчыкам узгараецца і гасне заціснутая ў яго кулаку папяроса.

— На добрай зямлі вырасла. У добры час. Што вы думаеце: ад зямлі ўсё. І чалавек. Якая зямля — такі чалавек. Нямеччына — паганая зямля. На ёй, пэўна, адны мухаморы ды порхаўкі розныя растуць. І фашысты яшчэ. Зямля, зноў жа жыццё. Калі жыццё ў маленстве ператрэ добра — будзе чалавек. Залашчыць — прапаў чалавек.