Калі ён змаўкае, Жаўтых прыўстае на каленях і ўглядаецца ў чорныя пагоркі.
— Вы не заўважаеце: штось дужа ціха ў фрыцаў? — кажа ён. — І ракет не кідаюць. Можа, мяняюцца, ці што?..
Але хто ведае, што там робіцца ў немцаў? Толькі, сапраўды, тое, што яны сёння не свецяць ракетамі, трошкі трывожыць нас сваёй незразумеласцю і загадкавасцю. Праўда, пакуль усё ціха, і не хочацца думаць пра што благое.
Зводдаль ад пехацінскай траншэі, здаецца, нехта ідзе. У начным месячным змроку відаць, што гэта чалавек, але хто — разгледзець яшчэ нельга. Толькі падходзіць ён усё бліжэй і кіруе да нас. Здаецца, там двое, і ідуць яны не па сцежцы, дзе ходзяць усе, а наўпрасткі па прасцягу. Яшчэ праз нейкі час мы бачым дваіх у касках і чуем знаёмы голас, ад якога адразу змаўкае Лёшка і ўсе губляюць цікавасць да яго баек.
— Ну што, артылерысты? — гучыць з цемры надломлены барытон нашага камандзіра батальёна, капітана Троцкага. — Дружна спіце?
— Ніяк не, таварыш капітан, — кажа Жаўтых і спаважна ўзнімаецца насустрач. Мы сядзім, дзе сядзелі, толькі паварочваемся да камбата і насцярожваемся, бо ведаем, што так сабе капітан не прыходзіць. І сапраўды, Троцкі набліжаецца да пляцоўкі агнявой і строга, з затоенай да часу пагрозаю пытаецца ў Жаўтыха:
— Чаму вартавога няма?
— Дык мы ж усе тут. Ніхто не спіць, таварыш капітан, — тлумачыць наш камандзір. Але яго тлумачэнне і асабліва зварот «таварыш капітан» гучыць як апраўданне.
— Ага, усе тут! А хто назірае за праціўнікам?
— Дык вось усе назіраем…
— Гм!..
Ён ідзе далей уздоўж акопа, моўчкі мінае нас; з ім побач тупае прыціхлы Жаўтых і ззаду валачэцца сувязны з аўтаматам упоперак грудзей. Ля гарматы Троцкі спыняецца, нешта думае і пытаецца ў Жаўтыха:
— Колькі вы тут сядзіце, на гэтай агнявой?
Жаўтых пераступае з нагі на нагу і разважна ўдакладняе:
— На гэтай агнявой? На гэтай мы, таварыш капітан, так з дзесятага ці дванаццатага — чатыры дні, значыць…
— І за чатыры дні, старшы сяржант, вы не маглі выкапаць укрыцце для гарматы?
— Дык загаду не было. Думалі, можа, яшчэ куды пераставяць. Увесь час жа перастаўляюць, перасоўваюць.
— Перасоўваюць! — з'едліва кажа капітан. — Яны думалі! Вы што, першы дзень на вайне?
Жаўтых маўчыць, а Троцкі ва ўпор падступае да яго.
— Вы мне менш думайце. Вы салдаты. Хай генералы думаюць, — са стрыманай злосцю кідае Троцкі. — Вы мне заўтра знішчыце кулямёт, вунь той буйнакаліберны, — тыцкае ён пальцам у цемру. — Дзесяць снарадаў вам на тое і дзесяць хвілін часу.
— Адсюль? — пытаецца Жаўтых.
— Адсюль. Адкуль жа яшчэ?
— Адсюль нельга, таварыш капітан, — пярэчыць камандзір гарматы. — Тут нас накрыюць.
— Магчыма, — згаджаецца капітан, і ад таго, якім тонам сказана гэта, агідны халадок западае ў нашыя грудзі. Адзін за адным мы ўстаём і падступаем да камбата. — Калі вы не акапаецеся як мае быць, могуць і накрыць.
— Як тут акапаешся, калі для бліндажа ніводнае палкі! — злуецца і Жаўтых. — Усё на соплях.
— Гэта вашая справа, — абыякава адказвае капітан. — Шукайце.
— Не, так няможна, — кажа Жаўтых, падумаўшы. — І разлік і гармата прападуць. А што, з закрытай пазіцыі нельга? Вунь гаўбічнікі, дармаеды, ні разу за цэлы тыдзень не стрэлілі… Ось ім і задаць бы гэтую задачу…
Мы ўсе маўчым, бо разумеем, што ад нас патрабуецца, уяўляем сабе, што можа быць заўтра, і ўнутры само па сабе вырастае жаданне, каб Жаўтых як аднекаўся, пераклаў гэтую задачу на каго іншага. Але Троцкі не такі, відаць, камандзір, каб даць угаварыць сябе, адмовіцца ад уласнага намеру, мы ўжо ведаем яго, гэтага прыдзіру, самага строгага з усіх трох у палку камбатаў.
— Вы зразумелі задачу? — холадна пытаецца ён у Жаўтыха.
Але і наш камандзір таксама з характарам і, калі яго раззлаваць, можа паказаць сваю ўпартасць хоць каму хочаш.
— Што задача? — пераходзіць ён у наступ на камбата. — Трэ было раней яе ставіць, ён вунь тры дні лупіць адтуль. А гэтак і кулямёт не разаб'еш, і гармату загубіш. Тут жа пад самым носам. Трэба падрыхтавацца.
— Рыхтуйцеся!
— Ага, рыхтуйцеся! Трэба агнявую змяніць, акапацца як след, гэта не жарты. За ноч не зробіш…
— Вось што! — абразае яго капітан ужо іншым, катэгарычным тонам. — Мы не на кірмашы, таварыш старшы сяржант. Падрыхтавацца і ў тры ноль-ноль далажыць аб гатоўнасці.
Камбат паварочваецца і роўна скіроўвае некуды ў змрок, за ім, як цень, валачэцца маўклівы сувязны, а Жаўтых моўчкі стаіць на месцы і няўцямна глядзіць ім услед. Побач гэтак жа моўчкі топчамся мы. Першы не вытрымлівае Задарожны, са спазнелаю злосцю ён плюе ў траву.