Выбрать главу

— Чорт бы іх там пабраў, камандзіраў гэтых. Ім лацвей — у бліндажыках сядзець, а тут паспрабуй стрэльні! Ён табе задасць такога, што за дзень трупы не адкапаеш…

— Галоўная небяспека — мінамёты, — уздыхае Лук'янаў. — На водараздзеле іх карэкціровачны пункт.

Жаўтых нейкі час маўчыць, услухоўваецца ў цемру, напружана стараецца нешта зразумець і ні на кога не зважае, быццам не чуе, што кажуць хлопцы. Пасля, вылаяўшыся, лезе ў акоп, паўхвіліны поркаецца ў цемры і вылазіць з палявою сумкай на баку і аўтаматам на грудзях.

— Я хутка, — кажа Жаўтых. — Папоў, застаешся за мяне. Крывёнак, шагам марш!

Салдат, падумаўшы, нетаропка ўстае, вешае аўтамат і ідзе за камандзірам.

— Да начарта пайшоў, — кажа Лёшка. — Можа, абыдзецца.

Начальнік артылерыі — даўні Жаўтыхоў знаёмы, ён паважае гэтага камандзіра гарматы і зважае на яго прэтэнзіі. Але хто ведае, ці ўдасца цяпер Жаўтыху перайначыць загад камбата?

Хлопцы, здаецца, таксама занепакоіліся, прыціхлі і сядаюць на брустверы бліжэй адзін да аднаго — як заўжды перад няпэўнасцю або небяспекай. Цяпер неяк і Лёшка Задарожны пачынае здавацца мне звычайным, някепскім хлопцам, ураз адступае ў даўнюю далеч усё дрэннае ад яго, што паўгадзіны назад атручвала маё жыццё. Падсвядома мы адчуваем, што галоўнае ў нашым лёсе — тое нашае заўтра, сілы для якога мы можам узяць толькі ў сабе і спадзявацца толькі адзін на аднаго.

— Яму-то што! — рэзка кажа Задарожны. — Яму абы загадаць. А мы тут свае галовы паложым. Па-дурному!..

— Нашто так гаворыш — па-дурному?! — адгукаецца з цемры Папоў. Ён калі пры Жаўтыху не скажа за дзень і аднаго слова, а застаўшыся за камандзіра, вельмі ўжо чулы да кожнага слова і да кожнага ўчынку. — Мы прыдадзены пяхоце… Мы далжон страляць!

— Ерунда! Прыдадзены не прыдадзены, а будзеш выконваць усё, што ім уздумаецца, — дык і тыдня галавы не праносіш. А да Берліна яшчэ вунь колькі!

— Чаму не праносіш? У галаве розум ёсць — праносіш. Няма розум — не праносіш! — пераконана зазначае Папоў. Лук'янаў хутаецца ў шынель і раз-пораз уздыхае. Цяпер, без камандзіра, ён крыху жывее і далікатна, стараючыся нікога не перабіць, кажа:

— Звычайны канфлікт: камандзір пасылае — баец баіцца, здаецца, што загад несправядлівы. Псіхалагічная непадрыхтаванасць да ахвяравання. Адсюль і ўсе непаразуменні.

Задарожнага, аднак, не пераконваюць ніякія довады, ён крыху маўчыць, ловячы не зусім выразны ход думак Лук'янава, і затым са злосцю пярэчыць:

— Ну ўжо ерунда! Калі загад правільны, дык я нутром яго разумею. А калі не, дык ты мне нічым не дакажаш. Як ні круці.

— Навошта даказваць? — паціскае плячыма Лук'янаў. — Загады не даказваюцца. Тут важна не чыё алібі, а патрэбен вынік.

— Ох, які ты разумны! — прадаўжае злаваць Задарожны. — Вынік! Ты б сказаў гэта Троцкаму. Мо ён цябе камандзірам паставіў бы.

Лук'янаў змоўчвае крыху, пэўна, прыкідваючы, ці варта адказваць на грубасць, а затым спакойна заўважае:

— Што з вамі спрачацца не па сутнасці!

— Падумаеш, знайшоўся мне «па сутнасці». Разумнік такі! Думаеш, я дурней за цябе? Так думаеш? Ось дудкі! Я, брат, хоць інстытутаў не канчаў, але і ў палон не здаваўся. Немцам рукі не паднімаў, не тое, што ты!

Мы ўсе прыціхаем, з прыкрасцю адчуўшы, што спрэчка пераступіла мяжу добразычлівасці і што будзе сварка. Але Лук'янаў сядзіць як сядзеў — у нерухомасці, уражаны грубасцю Лёшкі, які, мяркуючы, што яго перамога, змаўкае да часу. Такое абыякава стрываць нельга.

— Сволач ты, Задарожны, — коратка і як мага спакайней кажу я.

Лёшка зараз жа паварочваецца да мяне.

— Чаго гэта я сволач? Што я няправільна сказаў? Што? Самі вы сволачы!

І тады на яго, як заўжды запальчыва і з акцэнтам, накідваецца Папоў.

— Нашто так гавары? Нядобра гаворы, Лошка (ён заўжды так называе Задарожнага, не вымаўляючы як трэба яго імя), — Лук'янаў правылна казаў, ты нядобра казаў. Ты нядобры таварыш.

Задарожны сапе і лаецца:

— Пайшлі вы ўсе да д'ябла: нядобра, нядобра! Што я, ізвіняцца павінен? Ось паглядзім, што заўтра будзе — добра ці нядобра.

— Дурны Лошка! Нядобры Лошка! Эх ты! — ківае галавой Папоў. Задарожны ўскоквае з бруствера, адыходзіць убок і раззлавана сядае зводдаль — панылы і злосны. Мы маўчым, тоячы прыкрасць на яго, — не хапала аднаго клопату, дык вось яшчэ гэтая сварка. І ў часе гэтай маўклівасці з-за варожых пагоркаў даносіцца глухі, быццам падземны, грукат, нібы дзе далёка заводзяць танк, — ён прагрукоча і сціхае, потым, пасля нядоўгага часу, пачынае зноў. Хлопцы міжвольна ўслухоўваюцца, стараючыся разгадаць сэнс гэтага загадкавага гулу.