Затым гарэла вёска. Раўлі не выгнаныя на пашу каровы, кудахталі куры, вішчалі свінні. У полі наўкол пажарышча бегалі ашалелыя авечкі, трашчалі аўтаматныя стрэлы.
Увечары хлопцы перанеслі нас цераз поле і дабраліся да лесу. Буйневіча там закапалі.
…З таго дня пачаліся мае пакуты. Я думаў, здурнею ад болю і бездапаможнасці, бяссільнае ярасці, што туманіла маю свядомасць. Зубамі я шматаў ноччу ватоўку ў лагерным шпіталі, удзень сварыўся з доктарам Фрумкіным, які хацеў мне адрэзаць нагу. Я тады стаў лаяцца, нізавошта крыўдзіў сястру і таварышаў. Я хацеў сілы, дужасці, каб устаць і ўзяць аўтамат, але сілы было вельмі мала, а нестрываны боль у назе прымушаў выць. Тады я рашыў памерці, і як найхутчэй. Я не еў, выплёўваў лякарствы, не даваў рабіць уколы. Доктар, напэўна, спалохаўся за маю нагу, а яшчэ болей — за розум і адправіў мяне на аэрадром.
У ціхім тылавым шпіталі мне стала лепш. Нагу не аднялі, я супакоіўся, хоць часам хацелася завыць, як у тым лесе. Але дактары былі чужыя, незнаёмыя людзі, ці яны маглі зразумець недарэчныя мае пакуты? Патроху гаілася нага, і я займеў надзею вярнуцца на фронт. Я зрабіўся самым старанным хворым, рабіў усё, што мне раіла медыцына, прымаў усе лекі, нават вітаміны, расходжваў нагу, рэгулярна займаўся лячэбнай гімнастыкай, якой цураліся параненыя. Я ж мусіў яе любіць: мне трэба было вярнуць сабе сілу, трапіць на фронт і сквітацца з ворагам. Быццам дражнячы мае пачуцці, у шпітальнай палаце вісеў плакат з надпісам: «Воін Савецкай Арміі, адпомсці!» Пасля ўсяго, што я перажыў, плакат мне не дадаваў ярасці, я і без яго прагнуў схваткі і не сумняваўся, што, калі толькі дарвуся да жывых немцаў, аб маім подзвігу даведаецца свет.
Сталася трошкі інакш. Калі я трапіў на фронт, войскі спыніліся ў абароне, жыццё на перадавой было сумнае і аднастайнае, але я не траціў надзеі. Я набраўся трывання, зацяў у сабе мой боль і цярпліва чакаў, верачы, што мой час прыйдзе.
І вось цяпер гэтае заўтра!.. Невядома, якое будзе яно, але вельмі хочацца спатоліць свой боль. Хлопцы трошкі турбуюцца, трошкі непакояцца, мне ж завельмі турбавацца аб сабе не выпадае — такую раскошу не дазваляе мой лёс.
Але вось, здаецца, зноў нехта ідзе ад перадавой, — невыразны цень шмыгае ў адным месцы сцежкі, потым у другім. Спакваля становіцца бачнай постаць чалавека — яна хуценька, пэўна, подбегам, шыбуе да нас.
— Стой! Хто ідзе? — прывычна, з франтавою прыціхласцю пытаюся я, калі чалавек набліжаецца, і чакаю.
— Свае, свае, хлопчыкі! — чуецца з месячнага паўзмроку, і ад гэтага водгуку ў мяне ранейшым пакутна-радасным болем заходзіцца сэрца. Я папраўляю дзягу, спражка якой разам з дыскам спаўзла набок, набіраю паветра ў грудзі, крышачку на правае вуха, як у Лёшкі, хілю пілотку, і мае думкі скіроўваюцца ўжо іншым, весялейшым шляхам.
Лёгкай дзявочай хадой, як начная бясшумная птушка, яна неўзабаве падыходзіць да агнявой, мінае акоп. Хлопцы ўраз губляюць задумлівую нерухомасць. Лёшка ўскоквае з долу і імклівай хадой кідаецца насустрач.
— Люсёк! Ужо ўправілася? Малайчына! А мы тут чакалі-чакалі ды ўсе чаканкі паелі, — радаснай балбатнёй сустракае ён дзяўчыну. — Ідзі да мяне. Пасядзім трошкі, памарым пра тое-гэта.
— Не, хлопчыкі, пайду. Няма калі. Добрай вам ночы, — кажа яна, і нешта ў мяне нема і настойліва прагне: застанься, пабудзь. Невядома, чаму мне так хочацца, бо пячэ мяне і другое адчуванне — што не будзе мне ад гэтага радасці, але ўсё роўна я вельмі хачу, каб яна засталася.
— І тое няблага, я правяду цябе! — кажа Лёшка і спрытна падсоўвае пад дзяўчынін локаць сваю руку. Але Люся гэтак жа спрытна адводзіць локаць убок і смяецца. — Калі не супроць, вядома, і так далей. Не супроць жа? Ну, скажы праўду.
— Не супроць, — смяецца Люся. — Толькі без рук. Мы ж не мартышкі, праўда?
— Праўда! Хай без рук, — усмешыста згаджаецца Лёшка, але ўсё ж ціхенька бярэ яе за плечы, і яны па сцяжыне ідуць у тыл. Тады з бруствера ўскоквае Папоў.
— Хто дазваляў? Таварыш Задарожны! Чаму без дазвол?
— Ерунда, чаго там! Пяць хвілін! — чуецца зводдаль, і Папоў, пэўна, не ведаючы, што зрабіць, нерухома застаецца на брустверы. Лёшка змаўкае, пасля ўдалечы за кукурузнымі кучамі чуецца ціхенькі радасны смех Люсі.
І ад гэтага смеху вострая зайздрасць пранізвае мяне. Я разумею, што Задарожны нядобры салдат, што нельга гэтак, як ён, не слухаць камандзіраў, хоць бы і часовых, такіх, як Папоў, але пачынае здавацца, што гэтая яго характэрная непаслухмянасць робіць хлопца дужэйшым, больш сталым і смелым, чым я — дысцыплінаваны малады франтавік. Я разумею недарэчнасць майго жадання, але ўсё ж мне горыччу робіцца гэтая мая рупнасць і хочацца Лёшавай непаслухмянасці, яго самастойнасці, яго, можа, і не заўжды разумнай, рашучасці. Я згадваю ў ім нейкую ўладарную сілу перад жанчынамі, і думаецца цяпер, што ўсё тое, у шпіталі, аб чым расказваў Лёшка, так і было на справе. І яшчэ здаецца мне, што ён паволі і ўсё болей падабаецца Люсі, і падабаецца менавіта тым, чаго не хапае мне або Крывёнку, — грубаватаю мужчынскаю мажнасцю, самавітасцю, упэўненасцю ў сабе і, вядома, сваёй мужчынскаю дужасцю. І я зайздрошчу яму. Я хачу як мага пасталець, набыць усё тое, што ён ужо мае, як найхутчэй перажыць дваццаты свой год. Невялікія мае гады здаюцца мне зусім яшчэ хлапечым узростам — мне трэба сталасці, самавітасці, фізічнае дужасці, і ў гэтым сэнсе Задарожны раптам вырастае ў пакутны, чымсьці непрыязны, але і жаданы мой ідэал.