Выбрать главу

Я ведаю Лёшкава жыццё (ён ніколі нічога не тоіць ад іншых), ведаю, што ён былы футбаліст, грубаваты, фанабэрлівы і не дужа таварыскі хлопец. Здаецца, ён залішне самаўпэўнены; гэта, вядома, ад таго, што яму заўжды шанцавала ў жыцці, можа, і не вельмі, але ва ўсякім разе больш, чым мне ці Крывёнку. Ліха звычайна мінала яго — мінала, калі ён яшчэ да вайны жыў у Новарасійску і рана пачаў бадзяцца па прыстанях, кірмашах і розным гарадскім завуголлі. Аднойчы, як ён расказваў нам, кампанія гэткіх жа, як і ён, свавольнікаў з цэментнага завода злавіла аднаго флоцкага, з якімі яны заўсёды вялі вайну, і добра дала яму ягонаю ж шырокаю дзягай з бляхаю. Біў яго і Лёшка, але калі, нейкі час счакаўшы, флоцкія дзеля помсты «зацапалі» іх у парку, дык дастаў ножыка ў бок ягоны сябар. Лёшка ж выйшаў з гэтага здарэння сухі.

Шанцавала яму і пасля, у вайну. Трапіўшы пад Варонежам на фронт, ён, аднак, не дайшоў да перадавой, а нейкім выпадкам апынуўся ў ахове якогась генерала ў штабе. Генерал, відаць, не быў страявым камандзірам і не дужа любіў раз'язджаць па перадавой, таму Задарожнаму разам з пяцёркаю іншых, што ўваходзілі ў яго світу — два ардынарцы, шафёр, кухар і цырульнік, — заставалася толькі дбаць пра бытавыя зручнасці і бяспеку начальніка. Гэтае шанцаванне прадаўжалася аж да таго нешчаслівага ранку, калі генеральская машына выпадкам наляцела на супрацьтанкавую міну, пакінутую немцамі на ўзбочыне тылавой дарогі. Адных пахавалі, адправілі ў шпіталь генерала, а аглушаны Лёшка, пасланяўшыся са два тыдні ў санбаце, трапіў урэшце ў стралковы полк. Тут ён дзеля важнасці аб'явіў сябе танкістам, але паколькі танкаў у палку не было, яго паслалі ў процітанкавую батарэю, бо, каб цягаць гарматы, патрэбна была сіла, а Задарожны, здаецца, трохі накапіў яе на генеральскіх харчах. Спачатку ён трошкі фанабэрыўся, не дужа слухаўся Жаўтыха, зусім не прызнаваў Папова, усё любіў успамінаць, як «мы з генералам ехалі…» або «мы з генералам разважылі». Але мала-памалу абламаўся, пацішэў, тым болей што Жаўтых не вельмі зважаў на ягоныя «з генералам» подзвігі.

Маўклівая і трывожная ноч плыве над затоенай, прыціхлай зямлёй. Час ужо, мусіць, пераступае за поўнач, коўш Вялікай Мядзведзіцы пераварочваецца на хвост, вялізным сваім чарпаком задзіраецца ўгору, месяц узабраўся ў самую высь і свеціць на поўнае вока. Пад кукурузнымі кучамі туляцца кароткія і зусім чорныя глухія цені. Часам здаецца — нехта шмыгае там ад кучы да кучы, позірк сам сабою напружваецца, але я ведаю: колькі ні ўглядайся — нічога не ўбачыш — гэта здаецца. На перадавой ціха, нават вельмі ціха, немцы маўчаць. Чорныя гарбатыя пагоркі, нібы хрыбціна распластанага на зямлі волата, ледзьве шарэюць на гарызонце. Маторны гул неўпрыцям неяк заціхае ці, можа, аддаляецца куды; у начную цішу ўрываюцца далёкія і блізкія выпадковыя гукі — недзе ззаду ў вёсцы трывожна ржэ конь, у траншэі наперадзе лязгае нешта, пэўна, перазараджаюць кулямёт, зводдаль угары гудзе і сціхае самалёт, — мабыць, начны разведчык. Папоў ідзе ў акоп і грукае там, — мусіць, нешта шукае. Лук'янаў маўчыць з таго часу, як яму нагрубіў Лёшка, і нерухома сядзіць на чорным брустверы.

Я памалу хаджу ля агнявой і думаю пра Люсю. Вось яна пайшла з Лёшкам, ёй, відаць, добра і весела з ім (інакш не смяялася б яна так гарэзна і шчасліва), і той яе смех, скіраваны другому, вострай пілой рэжа маю душу. Але я ведаю, што Люся — вельмі, вельмі харошая дзяўчына. Апроч таго, што яна мілая і прыгожая, яна яшчэ невыказна ласкавая да ўсіх — і да знаёмых і незнаёмых, маладых і старых, — і гэтая яе ласкавая спагадлівасць, ад якой так даўно ўжо адвыклі нашы загрубелыя душы, п'яніць мяне болей, чым самае моцнае малдаўскае віно. І яшчэ яе ласкавасць ды іскрыстыя смяшынкі ў зіхатлівых вачах неяк даюць мнё спадзёўку, што не вельмі ўжо благі і я, замковы Лазняк, што яна — сябар усіх, у тым ліку і мой, і для асаблівай і абсалютнай шчырасці між намі не хапае толькі чагосьці наспелага ўжо, гатовага, але яшчэ не сказанага. І, здаецца мне, варта толькі знайсці яго, азначыць патрэбным словам, і мы ўдваіх ашчаслівімся навек вялікім шчасцем…