Але Крывёнак!.. Хіба не тое ж носіць у сабе і ён? Не, відаць, ён адчувае яе неабходнасць куды мацней, ён куды болей пакутуе, ён наогул крыху здурнеў з-за яе, гэтай чароўнай дзяўчыны. Я думаю, што калі ўжо ён не стаіў у сабе гэтага пачуцця да яе, дык яно ўжо мацней за яго самога, тое яго пачуццё. Я ж вось яшчэ трываю. Пэўна, я нізавошта не скажу нікому пра мае недарэчныя турботы, хоць і вельмі хочацца прызнацца ва ўсім, — думаецца, што за тым прызнаннем пачнецца штось незвычайнае. Але для гэтага ў мяне не хапае рашучасці. І яшчэ, цвяроза падумаўшы, я разумею, што ўсё ж мала ў мяне таго, што б прыйшлося да душы гэтай дзяўчыне. От калі б я быў хоць такі, як Лёшка!
Так я разважаю, думаю і пакутую ў цішы, як раптам грукатлівая чарга дзесь у першай траншэі абуджае ноч. Стрункі пучок трасіруючых бліскавак разгоніста мільгае над «нейтралкаю» ля падбітага танка, некалькі куль з рыкашэту адскокваюць ад зямлі і бліскавіцамі разлятаюцца ў бакі. Над перадавой узмывае ўгору ракета, даносіцца кароткі яе пошчак-стрэл, і пад імклівым святлом вынікае з цемры светлая плямка долу. Мне не відаць адгэтуль, што там заўважылі пехацінцы, але іх кулямёты пачынаюць мільгаць трасёрамі, да іх далучаюцца траскотныя аўтаматы, рэдка і важка бахаюць вінтоўкі.
Я падыходжу да Лук'янава, сюды ж выскоквае з акопа Папоў, ён насцярожаны, але, здаецца, спакойны. Над перадавой зноў загараюцца дзве ракеты. Трасёры веерам снуюць над нейтральнай паласой, скрыжоўваюцца і разлятаюцца ў бакі. Немцы маўчаць, не адказваюць ніводным стрэлам, і гэта яшчэ больш незразумела і дзіўна.
— Трэба ідзі ў акоп. Не трэба сядзі тут, — кажа Папоў, і мы з Лук'янавым неахвотна падпарадкуемся яму. У акопе я спыняюся на прыступках, Папоў становіцца за гармату, мы слухаем, глядзім і чакаем.
— Можа, прыкрываюць разведку, — кажа Лук'янаў. Яго голас трошкі дрыжыць, нібы ад холаду, але ноч цёплая і ціхая.
— Каб свая разведка, не пускалі б ракеты, — пярэчу я.
Папоў маўчыць, а пасля ідзе па пляцоўцы ў кут, дзе ляжаць нашы снарады, вымае з-пад скрынак ніжнюю і кладзе бліжэй да станін. Я ведаю, гэта ён нарыхтаваў карцеч, значыць, праніклівы наводчык разумее, што ўсё там, на перадку, — не так сабе.
Але перапалох на перадавой праз нейкі час аціхае, даносіцца адтуль нечы голас, мусіць, якая каманда, і сціхаюць апошнія стрэлы. Ракеты яшчэ ўзлятаюць раз-пораз, і іх далёкае зыркае святло блукае па шэрым прасцягу перакапанага поля.
— Паганы сволач! — лаецца Папоў. — Гітлер у разведку хадзіл.
Мы ўтрох збіраемся на пляцоўцы каля гарматы. Лук'янаў сядае ніжэй, на станіну, а мы з Паповым усё ўглядаемся ў ноч.
Тут нас і застае Жаўтых з Крывёнкам.
7
Наш камандзір прыбягае на агнявую задыханы, здаецца, раззлаваны, і з першых яго слоў мы адчуваем, што сталася нешта кепскае. Яшчэ не дабегшы да гарматы, ён незадаволена і сіпавата гукае:
— Ну што?! Дзе рыдлёўкі? Лазняк — ты? Давай сюды ўсе рыдлёўкі — капаць будзем. Жыва! Нечага рот разяўляць! Чулі ось? Ну дык жыва!
Мы яшчэ дрэнна разумеем яго, а ён ужо хапае з прыступкаў першую рыдлёўку, якой надвячоркам Лёшка дражніў снайпера, і збоч ад гарматы пачынае раскопваць зямлю.
— Лук'янаў! — гукае Жаўтых. — Мерай адсюль восем крокаў і пачынай. Дзе Задарожны?
— Задарожнага няма, — кажа Папоў. — Задарожны без дазвол пашол з Лусай.
— Куды пайшоў? Дармаед! Ну, хай прыйдзе! Свавольнік! Валацуга! — злуецца камандзір і сапе, раскопваючы бруствер. — Лазняк! — зноў гукае ён мяне. — Прыбяры кукурузу. Убок яе.
— А што, усё ж страляць будзем? — з затоенай трывогай пытаецца Лук'янаў. Жаўтых здзіўляецца:
— А то як жа? Чулі, што робіцца? Немец праходы размініруе. Зразумеў?
Лук'янаў няўцямна выпростваецца з рыдлёўкай, паварочваецца да гарматы Папоў — здзіўленыя, мы глядзім на нашага камандзіра і чакаем тлумачэнняў.
— Ну, што раты разявілі?! — крыкліва злуецца Жаўтых і перастае капаць. — Не зразумелі? Заўтра зразумееце. Чулі — гуло?
— Чулі, — кажу я.
— Ну от! Дарма не гудзе — запомніце! — кідае Жаўтых і зноў з ярасцю налягае на бруствер, у якім трэба пракапаць шырокую траншэю — сховішча для нашай гарматы.
На нейкі час мы заміраем ад нечаканасці і прадчування ліха, што ўсё бліжэй падступае да нас. Зноў трывожны клопат агартае душы — але пакутаваць няма калі. Папоў першы пераадольвае здранцвенне і моўчкі бярэцца за рыдлёўку. Пачынаем капаць і мы.