Выбрать главу

Яшчэ праз колькі часу ўсе мы дружна налягаем на рыдлёўкі, ва ўсе бакі выкідваем з яміны зямлю, — часу да ранку засталося не дужа многа, а выкапаць трэба багата. Нядаўняе наша нежаданне рабіць — ужо забыта, мы цяпер разумеем, што заўтра хопіць гора ўсім — і пяхоце, і гаўбічнікам, і нам і што дзяліцца тут няма чым.

— Значыцца, так! — цяжка сапучы і адкашліваючыся, кажа наш камандзір. Ён убівае ў зямлю рыдлёўку, знімае сумку, распяразваецца і адкідвае ўсё гэта далей, да гарматы. — Значыць, так. Заўтра перш-наперш на золку разбіваем кулямёт. У што б там ні стала! Камандзір палка сам загадаў. Так што трэба пастарацца.

Жаўтых плюе ў далоні і зноў дыхавічна бярэцца за працу. Побач з ім капае Лук'янаў. Ён ашчадна, бы зямля — якая дарагая рэч, калупае рыдлёўкай, падбірае з долу і паціху выносіць на бруствер. Пасля некалькіх выкінутых рыдлёвак спыняецца і адпачывае з хвіліну. Гэткі працоўны тэмп Лук'янава калісьці раздражняў нас, Задарожны нават сварыўся з ім, але пасля мы прыгледзеліся і зразумелі, што гэты слабасільны, тонкі, надламаны палонам чалавек інакш і не можа. Цяпер мы прывыклі да яго і не звяртаем на тое ўвагі. Папоў, як і заўжды, робіць у нас самую тонкую справу — раўняе скос у доле, па якім заўтра прыйдзецца закочваць гармату ў сховішча. Ён робіць гэта старанна і ўвішна, — усё калупаецца і калупаецца, сагнуўшыся ў чорным доле. Крывёнак кідае зямлю рыўкамі: то вельмі часта, з тупою ярасцю, то замаруджвае тэмп, часам спыняецца, быццам задумваецца аб чымсьці, і ўсё азіраецца туды, назад, у наш тыл. Я ведаю, каго ён чакае, і здагадваюся, што непакоіць яго, але рашаю сам сабе маўчаць, адно толькі капаць, капаць да пякоткіх мазалёў на далонях. Але вось Крывёнак выпростваецца і паварочваецца да мяне:

— Чуеш? Даўно была?

— З гадзіну назад, мусіць.

— Доўга? Гутарылі?

— Ніколечкі. Адразу пайшла, і ён за ёй.

Крывёнак змаўкае і самотна паглядвае на сцежку. Нашу размову, напэўна, чуе Лук'янаў. Асцярожна ўпраўляючыся з рыдлёўкай, ён кажа:

— Распусцілі яго. Чалавека такога жывёльнага інтэлекту трэба выхоўваць. А ў нас ён на поўнай самастойнасці.

— Ага, выхаваеш яго! — глуха і зморана адзываецца Жаўтых. — Ён выхавацелям усе пальцы адгрызе. Глядзі, дакуль няма! Ну, хай прыйдзе, дармаед, футбаліст гэты. Ён у мяне папомніць!

Ад рыдлёўкі разгінаецца Папоў і кажа з заўсягдашняй сваёй разважнасцю:

— Лошка смелы. Лошка дужы — добра! Лошка хітры, Лошка ўпарты — нядобра. Марал чытай многа — не трэба. Марал чытай мала — трэба. Так я думай.

— Я яму дам, — сапе Жаўтых, шырока адмахваючы рыдлёўкай. — Хай толькі прыйдзе! Праўда, Аднавухі? — пытаецца ён у Крывёнка.

— Не гразіліся б, а даўно далі б.

— Даўно не было як. А тут не спушчу. Іш, прыліп да дзеўкі! І Люська, глядзі ты, не адшые.

— Люся нічога, — кажа Лук'янаў. — Яна разумная дзяўчына.

— Разумная? — з'едліва перадражнівае Жаўтых. — Пры чым тут розум? Ён вунь які бугай — на тое глядзі! А то — разумная.

— Мне здаецца — нічога асаблівага! — перастае капаць Лук'янаў. — Яны людзі розных узроўняў. А гэта даволі стрымліваючы фактар.

Жаўтых няпэўна чмыхае, сморкаецца, таксама выпростваецца і прыхінаецца да сцяны сховішча.

— От кажаш — фактар! Ведаеш, у нас было дзела, на Кубані. Фельчарка адна была ў станіцы, маладая, нішто сабе з аздобы, адукаваная, вядома, і так далей. І што думаеш? Адна, а вакол усе простыя. Прыспела дзеўцы замуж і выскачыла за нашага хахла. Так нішто быў хлопец. А пасля заганарыўся: як жа — жонка — фельчарка! Разбэсціўся, піць пачаў. І біў. І колькі яна нацярпелася ад яго. Мусіла цярпець, бо дзеці. От табе і фактар!

— Магчыма і такая сітуацыя, — падумаўшы, кажа Лук'янаў. — Але гэта нетыпова. Жанчына таксама выбірае. І куды больш старанна, чым гэта робіць мужчына. Асабліва такі, як Задарожны.

Праз гадзіну сховішча амаль што гатова, застаецца толькі падчысціць скос ды прарэзаць вузкую шчыліну ў беразе — для ствала. У гэты час на агнявой з'яўляецца Лёшка. Ён нячутна са змроку падыходзіць да нас марудлівым крокам і зморана сядае наверсе — на свежы, толькі што выкінуты з ямы глей. Я, мабыць, першы заўважаю яго крутаплечую постаць, пасрэбраную месцамі, і нешта нядобрае, помслівае з'яўляецца ў маім нутры.

— Усё ж капаем? — кажа Задарожны са здзеклівым спачуваннем. — Ну і ну!

Хлопцы паварочваюцца да яго і маўчаць, перастаўшы капаць, адзін толькі Папоў калупаецца ў самым глыбокім месцы — ён праразае шчыліну.

— Прыйшоў, дармаед?! — пагрозліва пачынае Жаўтых. — Дзе бадзяўся? Хто табе дазваляў? Мы што — ішакі на цябе працаваць? Га? Адказвай!