— А яшчэ што?
Лук'янаў прыцішвае хаду, пазірае ў месячную далячынь і заклапочана кажа:
— Разумееш, што атрымалася. Бацька мой камандзір брыгады, Герой Савецкага Саюза. А я вось няўдака, сорамна прызнацца каму.
Я насцярожваюся, слухаю, ён заўважае гэта і дадае:
— Пасля палону так і не напісаў яму. Не адважыўся. Дый што я напішу? Праўда, бацька мяккай душы чалавек. Маці таксама. Ні грошай, ні ласкі не шкадавалі. Здаецца, і я някепскі быў, слухаў, вучыўся. У сорак першым разам з дому пайшлі: бацька на фронт, я — у вучылішча. І вось дзіка як атрымалася.
— Ну што ж!.. Ці ваша віна? Вайна ўсё.
— Вайна, вядома. Але не ў тым рэч… — пярэчыць ён. — Недзе штось сфальшывіла ва мне. Я-то ведаю. Толькі…
Ён, аднак, не дагаворвае, змаўкае, і я кажу:
— Кепска!
— Вось іменна.
Я веру і шчыра спачуваю яму. Гэтая яго бяда нечым вабіць мяне, мусіць, у нас з ім нейкія блізкія перажыванні, і мне хочацца чым-небудзь суцешыць свайго таварыша.
— Ну, то нічога. Яшчэ не позна. Можна званне аднавіць. Быць бы жывым. А на кпіны вы не зважайце. Не ўсе ж у войску такія, як… Задарожны.
— Яно-то так, але… Дарэчы, ты не вельмі слухай гэтага Задарожнага, — пераходзіць на іншае Лук'янаў. — Ён трапло. Набрэша, а на справе нічога і не было. Такіх шмат… сярод нашага брата — мужыкоў.
Гэтыя словы спачатку здзіўляюць, а затым раптоўна ўзбадзёрваюць мяне. Я аж спыняюся, і нечакана для сябе ў мяне вырываецца:
— Праўда?
— Ну, а ты як думаў? Люся някепская дзяўчына… Наогул, шмат нашых уяўных бед ад таго, што мы не верым жанчыне. Мала паважаем яе. А ў ёй жа святасць мацярынства і мудрасць вякоў. Яна антаганіст злачынства, бо яна маці. Яна шмат выпакутавала. Пакуты выкрышталізавалі яе душу. А як правільна сказаў Жаўтых, пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут — трава.
Насустрач ідуць пехацінцы, моўчкі брыдуць яны ў прыцемках, несучы на перадавую ранні сняданак. Гадзінай пазней ужо тут не пройдзеш; хто спозніцца, той будзе галадаць да вечара. Мы ўглядаемся ў іх невыразныя пры месяцы твары, але знаёмых сярод іх няма.
— Мы не спазніліся, хлопцы? — пытаюся я.
— Не. Яшчэ толькі пачалі даваць. Мы от першыя, — ахвотна адказвае маленькі пехацінец, згорблены ад вялікага тэрмаса на спіне. Мы збочваем на траву і размінаемся. Лук'янаў даганяе мяне і зноў ідзе побач. Відаць, я сваёю цікаўнасцю зачапіў у ім нейкую балючую струну, якая загучала цяпер шчыра і надоўга.
— Пакуты, пакуты!.. — раздумна кажа ён і з нечаканаю ажыўленасцю прадаўжае: — Я вам скажу. Я доўга памыляўся, не разумеў шмат чаго. Палон мяне навучыў многаму. У палоне чалавек адразу губляе ўсё, што паначапляла жыццё: кубікі, шпалы, ордэны, дыпломы, білеты. Застаецца адно толькі пры ім — яго душа. Як у Ісуса. Я нагледзеўся рознага. За трыццаць год жыцця не зразумеў таго, што за адзін год палону. Я ўсё думаў: усё ж яны, немцы, не якія азіяты, яны далі чалавецтву Баха, Гётэ, Шылера, Энгельса. Аказалася, увесь іхні сэнс — Гітлер. Вось што можа зрабіць адзін чалавек з нацыяй, якая даверыцца яму. Хаця не ўсе аднолькавыя. Некаторыя думаюць па-свойму. Напэўна, кожны чалавек — ад прыроды чалавек. Жыццё робіць з яго генія або злыдня. Немцы прадалі Гітлеру свае душы, і ён зрабіў іх злыднямі. Гэта страшна — прадаць аднаму ўсе душы. Апрача ўсяго іншага, гэты адзін стане вампірам. Ён захоча акіяна крыві. Быў у нас Курт, ён шмат што разумеў правільна. Мы часам гутарылі. Я палонны, а ён салдат з аховы. Але ён трус. Ён болей за ўсё баяўся фронту. Ён ненавідзеў Гітлера, але пакорна служыў яму. Пасля ён павесіўся ў лагеры.
— Чаго ўжо чакаць ад немцаў, — кажу я, — калі вось і нашы… Колькі набралася і ўласаўцаў, і паліцаяў…
— Яно так. Гэта ўжо даказана. Трусасць і разлік на выгаду губяць усіх: і нашых, і немцаў, і радавых, і генералаў, — з незвычайным для яго запалам кажа Лук'янаў. — Не перамогшы ў сабе карысталюбца, баязліўца, не пераможаш ворага. Гэта так. Гэта пытанне жыцця і пытанне гісторыі.
Памаўчаўшы трохі, ён весялей ужо дадае:
— А за Люсю ты не турбуйся. Яна нішто дзяўчына. Так мне здаецца. Скончыцца вайна — камусь пашанцуе. Эх, калі б не вайна!..
І я раптам адчуваю, што веру яму, веру, як богу, ён звальвае з мяне нябачны камень пакут і дае светлую жаданую надзею, — дзіўна нават, якою сілай валодаюць звычайныя сяброўскія словы, сказаныя ў пару. Я не магу даўмецца цяпер, як гэта я не зразумеў усё з самага пачатку, навошта так легкадумна паверыў гэтаму балабону Лёшку. Я вельмі рады цяпер, але, здаецца, нічым таго не паказваю Лук'янаву, — мне раптам робіцца лёгка і светла на душы, і нават заўтрашняе выпрабаванне адлятае кудысь у далёкія задворкі памяці.