— Ага, Люся слаўная. Гэта ён балбатун, — згаджаюся я, і мне пакутна балюча ад думкі, што зусім нядаўна яшчэ я гатовы быў зняславіць ні ў чым не вінаватую дзяўчыну.
— Давай хутчэй, браце, каб не спазніцца! Ці не віднее? — павесялеўшы, кажу я, і мы паскараем крок — паўз сланечнік у лагчыну ля вёскі, куды ўночы прыязджае наша батальённая кухня.
9
Пакуль мы прыносім сняданак, пачынае світаць.
Неба з кожнай хвілінай святлее, па небасхіле ўсё шырэй разліваецца зеленаваты водсвет далёкага сонца, хутка гаснуць і без таго рэдкія зоркі. Месяц у вышыні растае, губляе сваё ядронае ўночы святло, вузее і бездапаможна вісіць над пасвятлелым прасцягам. На зямлі неўпрыцям знікаюць рэзкія цені, сплывае срэбны месячны бляск, сціпла і слаба асветленае, выступае са змроку ранішняе наваколле — травяністае, перакапанае вайной поле, шэраг слупоў над дарогай, вузкая палоска сланечніку пад вёскай.
Таропка і моўчкі снедаем.
Жаўтых першы паспешна даядае з вечка прыпраўленую тушонкай кукурузную кашу (мамалыгу, па-тутэйшаму) і засоўвае ў кішэню недаедзены кус хлеба. Шэры ў прыцемках твар старшага сяржанта ажыўлена-засяроджаны на сваіх камандзірскіх клопатах. Мы таксама выскрэбваем кацялкі, чысцей аблізваем лыжкі, і ўнутры ў кожнага з нас шпарка і няўхільна расце дрыготкая трывога. І мне аж любасна ад тае дзелавой спакойнасці, з якою гэты немалады ўжо, рудавусы, ссінелы з твару, трошкі крываваты ў нагах — звычайны калгасны дзядзька, наш цяперашні камандзір, збіраецца да начальства з дакладам аб гатоўнасці. Быццам для якой звычайнай працы ў полі, дажоўваючы ў роце сняданак, ён за тоненькі раменьчык вешае на шыю бінокль, закідвае за плячо аўтамат, насоўвае на лоб пакамечаную, белую ад сонца пілотку, якая заўжды неяк аблавушкай сядзіць на яго галаве — ад вуха да вуха. Пілотка і іншая абмундзіроўка ў яго не дужа адмысловая, звычайнае б/у, затое ўсё іншае, што вызначае ў ім сяржанта-артылерыста, дагледжана і носіцца ў ашчаднасці. Бінокль хоць і старэнькі, з вышчарбленым акулярам, але пра яго Жаўтых кажа, што не памяняе на новы, нават на трафейны цэйсаўскі. Да сяржанцкае палявой сумкі з настаўленнямі, брытвай і рознай салдацкай драбязою прышпілены компас, — як у начальства. Пад ранак ён надзявае зашмальцаваную сваю ватоўку, на ёй пакручастыя пагоны з чырвонаю лычкай упоперак і на рукаве вышэй ад локця, нібы залатая, паблісквае выразаная з бляхі самадзелка — скрыжаваныя ствалы гармат. Гэта эмблема знішчальніка танкаў. Ботаў Жаўтых не носіць, кажа, што ў іх нездарова нагам, і ходзіць у чаравіках з абмоткамі, якія накручвае нізенька — на далонь ад халявак.
— Крывёнак, пабудзі Папова, — загадвае старшы сяржант, варушачы вусамі. — Я да камбата.
Крывёнак, здаецца, абыякавы да ўсяго, што неўзабаве чакае нас, расслаблена ўстае ад кацялка і, валюхаючыся, ідзе будзіць наводчыка, якога Жаўтых перад світанкам паклаў спаць. Папоў, вядома, не выспаўся за якую гадзіну, разбуджаны, сядзіць нейкі час у доле і, пазяхаючы, няўцямна глядзіць перад сабой.
І тады зноў з-за варожых пагоркаў даносіцца злавесны гул танкаў. Гэты раз гудзе ўжо бліжэй, пачынае нават здавацца, што танкі ідуць сюды, на нас, усе мы ўстрывожана ўзіраемся ў бок ворага, але ўбачыць там яшчэ нічога нельга. Гэты гул, відаць, канчаткова абуджае Папова, ён устае на калені, падпяразваецца, бярэ свой кацялок з ежай і, узіраючыся ў змрочныя пагоркі, ідзе да гарматы.
— Усё ж нешта яны нам рыхтуюць сёння, — кажа Лук'янаў і бярэцца за аўтамат. Мы з Крывёнкам таксама бяром нашу зброю і ідзём да сваіх баявых месц ля гарматы. Ля разасланае палаткі з рэшткамі сняданка застаецца адзін Задарожны.
Нейкі час мы моўчкі сядзім на станінах, і, па меры таго як усё больш рассцілаецца-вынікае з-пад змроку знаёмы прасцяг, усё расце, большае наша хваляванне. Крывёнак згортвае няроўную, тоўстую пасярэдзіне цыгарку і нервова, без меры цмыгае яе. Лук'янаў надзявае ў рукавы шынель і зябка месціцца на снарадных скрынках, — як заўжды на світанні, яго пачынае трасці малярыя. На худым, нейкім да часу абвялым твары з глыбокімі зморшчынамі абапал рота і ў выцвілых вачах пад светлымі брывамі — выраз цярплівасці і пакорнасць непазбежнасці. Лёшка, здаецца, злосны і абыякавы да ўсяго, ён сядзіць, дзе сядзеў, не кратаючыся, але тое, што ён не ў гуморы, — выдае трывогу ў ягонай душы. Адзін толькі Папоў, санлявы яшчэ, без усякіх адзнак неспакою, старанна выскрэбвае з кацялка кашу і вузкімі вачыма на расплюснутым бурым твары раз-пораз глядзіць на пагоркі, дзе затаіўся вораг.
Дзень наступае і няўхільна блізіць наш небяспечны час. Ужо становіцца відаць бы кратом накапаная крывуляка першай траншэі, праз туманную золкую парнасць у лагчыне праступае чорная пляма танка ля ручая, на пагорках яшчэ курыцца дымчастая шэрасць, але яна неўзаметку, з кожнай хвілінаю радзее і саступае месца святлу.