Выбрать главу

— Стой! Ціха! Прыгніся! Прыцэл шэсць — адзін снарад, агонь!

Кулі б'юць па брустверах, пырскаючы ў бакі зямлёй, я соўгаю па лінейцы ўказальнік адкату, прыгінаюся. Тут, за казённікам, трошкі схоўней, чым на адкрытай пляцоўцы. Уся наша агнявая курыцца пылам ад куль, разлятаецца ў бакі зямля, шмаццё кукурузы лязгае па шчыце. Што і казаць: няўдалы пачатак, трэба як мага хутчэй упраўляцца, інакш можа быць кепска.

— Бах!!! — нечакана і грымотна б'е ў вушы стрэл. Гармата тузаецца назад, пад казённікам з'яўляецца пустая гарачая гільза, з яе вузкае шыйкі курыцца дым.

Я не бачу за шчытком выбуху, але чую яго далёкае раскоцістае «ках-х-х!». У ствале ўжо новы патрон, і Папоў асцярожна, дужа акуратна і спакойна падкручвае махавікі.

— Фіць-фіць! Чвік!.. — праносіцца побач варожая чарга.

«Хутчэй! Хутчэй!» — стукае ў скроні думка. Я імгненна азіраюся: Лук'янаў ляжыць на баку, і Крывёнак, няўмела раскручваючы белы, чысцюткі бінт, абмотвае яму галаву. Скрозь павязку праступае і распаўзаецца бурая пляма крыві.

— Бах!!! — б'е новы наш стрэл, і правае вуха глухне, нібы ў яго забіваюць тугі корак. Я таропка пазіраю на ўказальнік адкату — адкат, здаецца, нармальны.

— Прыцэл сем! — з лютасцю ў голасе камандуе ззаду Жаўтых.

Значыць, недалёт, трэба яшчэ прыстрэльваць. Кулямёт б'е доўгімі чэргамі, і гэта, мусіць, ратуе нас, бо толькі першыя кулі з чаргі трапляюць паблізу, іншыя ж ідуць з рассейваннем навокал. Усе мы тулімся долу, Лёшка ляжыць на баку, прыціскаючы да грудзей патрон, — позіркі нашы сустракаюцца, і я не знаходжу ў ягоных вачах варожасці. Мне таксама цяпер не да злосці — Люся і ўсё, што звязана з ёю, адступаюць цяпер далёка, у нейкае невыразнае даўняе ўчора.

Папоў працуе, аднак, таропка і дакладна. Не паспяваю я да канца адчуць сваю прыкрасць ад першых стрэлаў, як бахае новы, трэці стрэл і зараз жа ззаду крычыць Жаўтых:

— Адмеціцца па разрыву!

Гэта ўлюбёны прыём нашага камандзіра. Ёсць пэўныя правілы прыстрэлкі прамой наводкай, але Жаўтых амаль заўжды карыстаецца толькі гэтым — адмячаннем па разрыву, які ні разу яшчэ не ашукаў нас. Папоў, згорбіўшы спіну, ледзь-ледзь, аднымі далонямі, кратае махавічкі наводкі і цісне кнопку спуску. Я выглядваю з-за шчытка — снарад праз пыл з бруствера ідзе ўдалеч і рвецца на пагорку.

— Верна! — радасна і натужна, з усяе сілы крычыць Жаўтых. — Тры снарады, беглы агонь!

«Слава богу! — спадае ў душы прыкрае трывожнае напружанне. — Трапілі, цяпер дабіць!»

— Бах! — грукае стрэл, гармата тузаецца, з казённіка са звонам вылятае гільза. Лёшка, на імгненне прыўзняўшыся на каленях, дасылае наступную, і праз дзесяць секунд зноў:

— Бах!

На агнявой — кіславаты парахавы смурод, пыл. Шостая гільза звонка лязгае ў доле аб папярэднія, і вось жаданая каманда:

— Ва ўкрыцце!

«Ёсць! Здаецца, удалося! Яшчэ трошкі, яшчэ…»

Мы ўсе хапаемся за гармату, я перапаўзаю цераз станіну, вырываю з восі стопар, нехта ззаду выдзірае з зямлі сашнік. Жаўтых хапаецца за левую станіну. Прыпаўшы да самай зямлі, налягаю на кола, штурхаю — гармата зрушваецца з месца. Папоў трошкі спазняецца штурхнуць левае кола, гармата перакошваецца на пляцоўцы, і Жаўтых злосна крычыць на яго:

— Папоў, такую тваю растакую! Штурхай!

На Папова камандзір крычыць рэдка, толькі ў баі пад агнём, — тут ён нікога не вылучае, тут у яго ўсе роўныя, і, паслухаўшы збоку ў такі час, можна падумаць, што ён з кожнага гатовы садраць скуру. Папоў не крыўдзіцца на тое, як не крыўдзіцца ніхто, — у насунутай на вочы касцы ён упіраецца каленямі ў зямлю, плячом — у кола, гармата зрушваецца з месца і, цяжка гойдаючыся, ідзе ва ўкрыцце.

— Та-та-та-та-та… — стукае здаля кулямёт, але мы ўжо звярнулі станіны, я напружваюся, што, здаецца, разрываюцца ад натугі грудзі, і штурхаю ў кола аберуч, аж покуль гармата не пачынае каціцца паціху сама. Хлопцы і Жаўтых кіруюць яе станінамі, а апошні, на каленях, учапіўшыся за правіла, штурхае схуднелы, з акрываўленай шчакой Лук'янаў.

10

Пасля мы сядзім у нашым вузенькім абжытым акопчыку і, супакоеныя ды трошкі абрадаваныя зробленай справай, утаймоўваем у грудзях ашалелыя ад натугі і перажытага сэрцы. Некалькі кулямётаў лупяць па нашай пазіцыі, раз за разам збіваючы з бруствера камякі, і пясок сыплецца на нашы галовы. У чыстым ранішнім паветры над агнявой космамі вісіць пыл. Але буйнакаліберны кулямёт маўчыць, а астатнія мы як-небудзь стрываем.

— Хапіліся! — задаволена кажа Жаўтых, седзячы на дне, і радасна смяецца, густа наморшчыўшы свой зашчацінены за ноч, сіняваты твар. — Усё ж абдурылі — ведай нашых!