Выбрать главу

Мы стаім тут, на травяністым палетку з параскіданымі сям-там кучамі высахлай леташняй кукурузы. Адна такая куча, крыху большая за іншыя, хавае і нашу гарматку, да якой з аднаго боку прымыкае гэты кароценькі, крокаў на пяць, акоп-ровік.

Старшы сяржант, напэўна, ужо не злуецца. Згарнуўшы цыгарку памерам ледзь не з буйнакаліберную кулямётную гільзу, ён сядзіць на дне, курыць, і клубы шызага духмянага дыму напаўняюць акоп. Гэта нам тут даюць такі тытунь з трафейных румынскіх прыпасаў, — Жаўтых калі ўвечары прынясе кілаграмовую нізку вялікага зжоўклага лісця, і мы тыдзень курым яго ўсім разлікам. Вядома, каб накурыцца такому курцу, як наш камандзір, трэба згортваць цыгарку памерам ледзь не з гаўбічны ствол.

— Слухай, Лук'янаў, — кажа праз дым Жаўтых, — ты не палікмахерам да вайны быў?

— Не, — сур'ёзна адказвае Лук'янаў і ўзнімае на камандзіра вочы. — Я на архітэктара вучыўся, толькі… вайна.

— А-а… А я думаў, палікмахер. Ужо дужа далікатна ты анучку трымаеш, — кажа Жаўтых і раптам загадвае: — А ну, тры мацней! Не разарвецца, не бойся!

Лук'янаў відавочна бянтэжыцца, зацінаецца ў сабе, пачынае церці хутчэй, але слізкі снарад вышчоўквае з рук і падае ў пясок.

— Ну от, гарота! — махае рукой Жаўтых. — Ідзі сюды, другую работу дам.

Салдат змрочна выцірае ад пяску снарад, пасля — аб падол гімнасцёркі рукі, а Жаўтых дастае з свае кірзавае сумкі пацёртую, пакамечаную картку ПТА.

— Ты гэта вось… намалюй як трэба. А то прыходзяць — чапляюцца, чаму няма? Хаця б не было каму, а то поўны разлік грамацеяў: архітэктар, футбаліст ды настаўнік, — не забываецца ён намякнуць і на маю колішнюю вучобу ў настаўніцкім тэхнікуме. Я, аднак, змоўчваю.

Лук'янаў прыкметна весялее, новая работа яму, вядома, больш па характары. Падкурчыўшы пад сябе ногі, ён прысланяецца спінай да акопнай сцяны і пачынае чарціць схему нашых арыенціраў і агню. Жаўтых сядзіць насупраць і пільна, з затоенай цікавасцю назірае за кожным рухам ягонага алоўка.

— Во тут, бачу, ты майстар. І куст якраз такі, двайны, як спарыш… І танк — як «тыгр», далібог. Добра.

Я таксама пазіраю на невялічкі аркуш паперы, адарваны ад бланка «баявога лістка» — нічога асаблівага, звычайны чарцёж. Жаўтыху, вядома, не па сіле такія малюнкі, бо хоць ён і камандуе разлікам, аднак, здаецца, мае самую нізкую ад усіх нас адукацыю — два ці тры класы. Праўда, ніхто пэўна таго не ведае, але ва ўсякім разе ніхто ў нас ніколі не бачыў, каб Жаўтых што пісаў ці чытаў услых. Усякае пісьмовае афармленне, што трэба разліку (імянны спіс, картка ПТА, справаздачы на снарады), ён даручае Лук'янаву, Папову або мне, кажучы пры тым, што ў яго няма часу, а сам заўжды сядзіць побач і курыць. Лук'янаў, вядома, самы пісьменны тут і, напэўна, самы разумны — не бяда, што ён так няўмела-асцярожна ўпраўляўся са снарадамі. У нас ён прызнаны аўтарытэт наконт розных навук, і нават Задарожны, які наогул не прызнае нікога разумнейшым за сябе, часцяком звяртаецца да яго, калі трэба ўдакладніць, у якіх фільмах здымаўся Чарлі Чаплін, колькі год Вялікаму тэатру ў Маскве, каму перад вайной прайграў маскоўскі «Спартак» або хто такая Марыя Сцюарт. Лук'янаў без цікавасці паслухае пытанне, неахвотна, бы малому, коратка адкажа, але відаць, што ведае ён яшчэ не такое, а куды больш значнае. Праўда, на вайне яму не шанцавала. Ён быў у палоне, нешта перажыў кепскае, і ўвесь ён нейкі надламаны, пакрыўджаны, але, здаецца, неблагі, хоць у нас ён нядаўна і мы яго ведаем мала.

Куды лепш ведаем Лёшку Задарожнага, ён хітрэц і лежабока — вунь і цяпер снарадаў так і не чысціць, а ўсё аходжвае, камечыць свае боты. Але Задарожны вельмі дужы хлопец, а гэта ў нашай артылерыйскай справе — немалаважная якасць. Праўда, ён мае прывычку часам злоўжываць сваёю сілай, памучыць каго, жартуючы, і тут перападае таму ж слабаку Лук'янаву і калі-нікалі Крывёнку. Адзіны, да каго ён адносіцца з нейкай павагай (пасля камандзіра, вядома), — гэта якут Папоў. Але Папоў асаблівы ў нас чалавек, і пра яго трэба сказаць асобна.