Выбрать главу

— Лазняк! — раптам устрывожана гукае Папоў. Я мігам пераадольваю тлумную дрымотную знямогу і выскокваю са сховішча. Наводчык няўцямна азіраецца на станіне, а цераз бруствер да нас пералазіць незнаёмы салдат, які немаведама адкуль узяўся тут і незаўважаны падышоў да агнявой.

— Адваюваўся! — кажа ён нейкім недарэчна бесклапотным голасам, быццам мы дзе-небудзь на занятках у тыле. І тут мы з Паповым насцярожваемся і моўчкі ўзіраемся ў яго збялелы васпаваты твар, на якім у незразумелым дзікаватым выразе застылі яго нейкія п'яныя вочы. Але самае горшае нават не ў вачах. Праваю рукой салдат заціскае левую, якая, нібы бранзалетам ад гадзінніка, перавязана вузенькай брызентавай дзяжкай, і ад самай гэтай перавязкі на нейкім ашмотку скуры вісіць зусім адбітая, скрываўленая, з растапыранымі пальцамі кісць.

— Ой, хлопці, адваюваўся, так рады! У каго е ножік? — пытаецца салдат і сядае акрай пляцоўкі. Мы ўзіраемся ў яго збялелы твар, на якім па-ранейшаму не здрыганецца ніводзін мускул. Гэты яго спакой здзіўляе і бянтэжыць нас, я кідаюся да нашых нябожчыкаў, дастаю з камандзіравай кішэні ягоны ножык і вяртаюся наверх.

— Ой, ой! — кажа Папоў. — І не баліць?

— Адстаў, — неўпапад адказвае салдат. — Всі пабіглы, а мэнэ як вдарыць! Ачнуўся, гляджу, параніты…

— Ты што, не чуеш? — крычу я ў самы ягоны твар. У засяроджаных салдатавых вачах адбіваецца кароценькае намаганне ўчуць і зразумець пытанне.

— З шістой роты я, — глухавата адказвае ён. — Панасюк. Тэпэрыча дадому пійду. На, адріж, хлопэц.

Пераадольваючы гідлівасць, з нейкім недаверам да яго розуму, я пераразаю шкуматок скуры, кісць назаўжды аддзяляецца ад рукі, салдат бярэ яе за ўказальны палец і неяк беражліва кладзе ў ямку пад бруствер.

— Пахаваты трэба. Стількі парабіла. А бінтэц е? — зноў пытаецца ён без ніякага ценю болю. — Тэпэр полечусь і — у Іванівку. А рука не лыха. Спецыяльнасць у мэнэ — пчаляр, і аднаруч упраўлюся.

Кроў з перабітай рукі амаль што не ідзе, відаць, раменьчык добра пераціснуў яе, толькі некалькі кропель падаюць на запыленыя салдатавы чаравікі. Але ўсё ж трэба перавязаць, ды ў нас няма чым.

— Дай гімнасцёрку, — тузаю я ягоны падол, аднак салдат ухіляецца.

— Ну, скажэш: вона ж нова. Тількі ў травэні атрымлівалі. Ты спідняй адірві.

Мы пазіраем на яго са здзіўленнем, а салдат, сапраўды не адчуваючы, відаць, ні болю, ні страху, паварочваецца да мяне бокам, і я шкуматаю кавалак ад яго нацельнай сарочкі. Затым як-колечы абкручваю яго руку.

— Адваюваўся! — радасна паведамляе ён і заклапочана дадае: — От тількі медаль згубыв, — і варушыць напаказ грудзьмі. Сапраўды над кішэньчыкам тырчыць коса прышпіленая шэрая стужка медаля «За адвагу» — самога медаля няма. — Тэпэрыча не с чым і додому показатыся.

Мы маўчым, чакаем, што будзе далей.

— Ну от гарно, — кажа ён, калі я закончваю перавязку, і ямчэй месціцца над невысокім брустверам. — Спічну трохі і пійду.

— Там жа немцы. Куды ты пойдзеш?! — крычу я яму ў вуха.

— Га? Вінніцкі я. А вы звідкіля?

— Табе што, не баліць? — пытаюся я. Але Панасюк, відаць, зусім аглухлы, ён толькі пазірае на мяне і неяк знямогла прыкрывае свае рудыя з сінню павекі. Я зноў пераглядваюся з Паповым — наводчык пільна глядзіць на нашага нечаканага госця і, пэўна, таксама нічога зразумець не можа. Мне дзіўна, як гэты салдат не адчувае болю, гэта ж, пэўна, так страшна балюча, а ён нават не паморшчыцца, разважае пра дом, толькі выгляд яго нейкі дужа не адпаведны яго нетутэйшаму настрою.

Шмат загадак ледзь не кожнага дня выстаўляе вайна, і хоць даўно ўжо не навічок я на ёй, але ўсё ж часцяком ніяк не магу зразумець загадкава-супярэчлівую сутнасць многіх яе незвычайных з'яў.

14

Наша нямое здзіўленне прыпыняе далёкі маторны гул.

Раптоўна неяк, раней не заўважаны, ён прарываецца з варожага боку, і мы з Паповым чуем яго толькі тады, калі з-за пагорка на дарозе, узняўшы воблака пылу, выскоквае некалькі машын. У іх аб'ёмістых кузавах цеснымі радамі сядзяць немцы.

Папоў ад нечаканасці нешта ўскрыквае па-якуцку і здароваю рукою хапаецца за механізмы наводкі.

— Лазняк, зараджай!

З расчыненай пачатай скрынкі я хапаю асколачны і пхаю яго ў ствол. Ад хвалявання гэта атрымліваецца няспрытна, гільза не дасоўваецца да канца, і клін не зачыняецца. Тады, як гэта часам рабіў Задарожны, я штурхаю яе чаранком рыдлёўкі і прыгінаюся на каленях.

Цяжка нагружаныя вялікія машыны, грузна асядаючы на скатах, перапаўзаюць на аб'ездзе міннага поля канаву і выбіраюцца на дарогу ў вёску. Як заўжды, знянацку дужа грымотна бахае стрэл. Пыл засцілае агнявую, я не бачу, куды трапляе снарад, і кідаюся па наступны. Зноў мяне ахоплівае ліхаманка бою, адчуванне небяспекі да дрыготкі напружвае нервы, а ў свядомасці, бы здзекуючыся, помсліва гучыць-дражніць мяне нейкі зласлівы голас: «Ага, вам канец, а ён жывы! Ён уцалее, і Люся будзе з ім, ага! Ён разумнейшы за вас, ён ведае, як і што, ён адчуваў гэта. Недарма так настойваў, казаў пра Лук'янава, а дбаў пра сябе… Ага!»