Выбрать главу

— Ай-яй! — заклапочана кажа Папоў і змаўкае. Гаварыць болей няма чаго, мы і без слоў добра разумеем, што сталася.

— Ой, як нядобра! Гітлер скора-скора ідзі. Давай зямля капай, зямля-матушка хавай…

Мы адчуваем — з кожнай хвілінай наша становішча горшае. Толькі цяпер нічога не зробіш, цяпер трэба чакаць Лёшку або шчаслівага выпадку і рыхтавацца да бою.

Папоў застаецца на агнявой ля гарматы, а мы з Крывёнкам лезем у акоп. Акопчык наш памялеў, бруствер разбіты, наўкола густыя воспіны мінных варонак, трава скрозь шэрая ад пылу і зямлі. Крывёнак бярэ рыдлёўку са зламаным чаранком, я — абдзёртую каску Папова з парваным раменьчыкам, і мы пачынаем паглыбляць акоп.

Пот, перамешаны з пылам, тлуста блішчыць на нашых тварах. Сонца, здаецца, ужо хіліцца на адвячорак, але паліць бязлітасна. Трошкі павявае вецер, ды яго так мала, і так хочацца піць. Галава тлумная, няма ніякага жадання ні пра што дбаць, ні думаць, — нейкая знясільваючая цягучая стома смалой налівае цела.

Я выграбаю з акопа камякастую, з травою, зямлю, наваленую выбухамі, і высыпаю яе на бруствер. Крывёнак капае побач, у трох кроках ад мяне. Ён якісь невядомы мне сёння, знікла яго простая, стрыманая таварыскасць, здаецца, за ўвесь дзень хлопец не сказаў ніводнага добрага слова, толькі ўвачавідкі худзее і чарнее з пакалечанага свайго твару. Мне робіцца няёмка ад гэтае яго недарэчнае ваўкаватасці.

— Слухай, — ціха кажу я. — Ты прадчуваеш, што нам будзе?

Ён на секунду пазірае на мяне чужым позіркам сцюдзёных вачэй і ўсё імпэтна шпурляе на бруствер зямлю.

— Ты чуеш?

— Ну і чорт з намі! — кідае Крывёнак.

Я ўглядаюся ў хлопца, выгляд у яго незайздросны, сапраўды, лепей не лезці да яго з размовамі. Але чаго гэта ён такі злосны на мяне сёння, хіба я чым-небудзь пакрыўдзіў яго? Я трохі часу думаю, пазіраючы на сябра, і адна здагадка з'яўляецца ў маёй галаве.

— Слухай, Крывёнак! Чаго ты злуешся?

— А табе што? — падымае ён неласкавы позірк.

— Не, усё ж скажы.

Крывёнак з ярасцю выкідвае цераз голаў поўныя рыдлёўкі зямлі і зморана дыхае. Але я чакаю, і раптам ён выпростваецца.

— Сам ведаеш! Чаго на Задарожнага кідаўся? Люсіна чэсць заела? Ага?

Дык вось што! Цяпер ужо знікае загадка, цяпер мне ўсё зразумела. Гэта крыху бянтэжыць мяне, але што я магу сказаць яму? Схлусіць, што Люся тут ні пры чым, — у мяне не паварочваецца язык, а сказаць праўду я не хачу.

— Ты вось пра што! Цяпер зразумела…

Крывёнак маўчыць, у мяне таксама прападае ахвота да гутаркі, і я налягаю на працу.

У канцы акопчыка вытыркаецца з зямлі нейкі пакамечаны рукаў, я цягну яго — аказваецца, гэта бушлат Жаўтыха. Дзіўнае ўражанне заўжды робяць на мяне рэчы забітых. Бушлат гэты старэнькі, густа запэцканы змазкай і яшчэ веснавой гразёю, адзін пагон у яго адарваны, а на другім чырванее роўненькая палоска сяржанцкай нашыўкі. Я памятаю, як Жаўтых прышываў яе аднойчы ўранку, у яго не было тады ніткі, і я даў яму сваю іголку. І цяпер мне чамусьці здаецца: навошта гэта?

Усе дробязныя клопаты жывых цяпер выглядаюць нейкімі вельмі нязначнымі і недарэчна марнымі перад бязмерна магутнаю з'яваю смерці. І невядома, чаму нават тут, на вайне, дзе яна як ніколі ўрадлівая, людзі паводзяць сябе, як заўсёды, з усімі ўласцівымі ім заганамі — сябелюбствам, хцівасцю, кар'ерызмам, сварлівасцю. Ці на самай справе яны ўпэўнены ў сваёй даўгавечнасці, ці мо проста не хочуць зважаць на нешта галоўнае, адзіна важнае і дужа неабходнае ў жыцці, якое нельга забыць і на хвіліну?

Пад бушлатам Жаўтых яго рэчавы мяшок. У ім небагата чаго накладзена, але нешта ўсё ж муляе ў маіх руках, і ад цікаўнасці я развязваю лямкі. Чужы рэчмяшок — гэта амаль тое ж, што чужая душа. Ось і тут — вечная, нескароная праява жыцця, якая смешна закрывае чалавеку вочы перад непазбежнасцю смерці. У камандзіравым рэчмяшку вафельны ручнік, пара ануч, настаўленне па нашай гармаце, і разам з гэтай маёмасцю, атрыманай са старшынскіх рук, — дзве цвёрдыя лусты невядома дзе ўзятай падэшвы са скуры, матацыклісцкія пальчаткі з доўгімі шырокімі халяўкамі, а ў самым сподзе — нейкая шкатулка з вельмі прыгожым лакавым вечкам… Эх, стары, мудры Жаўтых! Ты заўжды здаваўся багаты практычным жыцейскім розумам, хіба не бачыў ты, колькі заставалася ў ротах гэткіх вось нікому не патрэбных катомак пасля ўдалых і няўдалых атак? Ведаў жа, але, пэўна, не мог адолець у сабе спакусу прыхаваць якую непатрэбшчыну, а жыццё сваё берагчы забываўся. А без яго які сэнс ва ўсіх самых цудоўных у свеце рэчах!