Выбрать главу

Я шпурляю цераз бруствер гэты незавязаны, не патрэбны цяпер нікому хатуль і зноў бяруся за каску. Сухая, напаленая сонцам зямля, як жарства, скрыгае па сталі, каска ўжо бялее вузенькім абшарпаным казырком. Мне не відаць, што там робіцца на паверхні, але Папоў маўчыць, і ў голаў лезе рознае.

Мне ўспамінаецца колішні наш камісар, які аднойчы перад атакай старанна начышчаў свае новыя, толькі пашытыя атрадным шаўцом боты і быў забіты праз якую гадзіну, нават не запэцкаўшы як мае быць гэтых ботаў. Паўстае ў вачах старшына Клыбаў, вядомы ў атрадзе барахольшчык і хцівец, у якога нельга было выпрасіць шматка на лапік і які вазіў з сабою тры вазы рознага трафейнага майна. Сталася так, што снарад ударыў якраз у фурманку і раскідаў па алешніку ўсё старшынскае багацце разам з рэшткамі скупога гаспадара… Памятаю, бачыў я ў шпіталі салдата, якому хірург аперыраваў сцягно і ўвесь час лаяўся. Аказваецца, нямецкі асколак разбіў у кішэні салдата сем гадзіннікаў, загнаўшы ў нагу ўсякія кольцы і спружынкі. Не, хай яно тысячу разоў спрахне, тое барахло! Ці да яго мне, калі варта толькі заплюшчыць вочы, — і вось яны, тыя страшныя каляіны, у якіх з крывавай гразёю перамешаны паламаныя рукі, ногі, раструшчаныя гусеніцамі дзіцячыя галоўкі… Але ж няўжо гэта так і сыдзе са мною ў магілу і прападзе назаўжды мая святая нянавісць?

Не! Калі ёсць справядлівасць на свеце і разумны сэнс у жыцці, дык я буду жыць. Я мушу жыць — гінуць мне нельга.

15

— Лошка!!! — раптам крычыць Папоў. — Хлопцы, Лошка!!!

Мы з Крывёнкам выскокваем з акопа, Папоў здаровай рукой паказвае ў поле, туды, дзе няма ні ворагаў, ні нашых. Сапраўды, цераз пагорак у наш бок нехта бяжыць.

Гэта яшчэ далёка, і відаць толькі, як коціцца па зялёным маленькая фігурка чалавека ў зеленавата-жоўтым, аблезлым на сонцы адзенні. Але тое, што ён кіруе сюды, ні ў кога з нас не выклікае сумнення.

Чалавек тым часам знікае ў лагчыне за бліжэйшым пагоркам, некалькі хвілін мы чакаем, не зводзячы з таго месца вачэй, і ён зноў паказваецца з-за блізкага грэбня і зноў хутка бяжыць уніз.

— Маладэц Лошка! — задаволена, амаль радасна кажа Папоў.

Добра было б, каб толькі яму не пашкодзілі немцы. Яны не так ужо і далёка і, пэўна, бачаць з дарогі адзінокага салдата і, вядома, могуць абстраляць яго. Я засцярожліва азіраюся на дарогу, але там нікога — адно толькі дымна смыляць-дагараюць аўтамабілі; другія, скасабочыўшыся, нерухома стаяць у канаве. Падбіты танк побач таксама недзе смыліць унутры, на ветры ўюцца рэдкія пасмы дыму, па-ранейшаму смярдзіць бензінам, фарбай, паленай гумай і яшчэ нечым гаркавата-салодкім — ад яго пад грудзямі робіцца блага.

Але чагосьці змаўкае Папоў, яшчэ болей нахмурваецца зацяты Крывёнак; адчуўшы нечаканае, я шукаю ў полі маленькую постаць нашага пасыльнага і таксама дзіўлюся. Ён ужо бяжыць цераз лужок ля ручая, і ўжо відаць некаторыя драбніцы ягонай постаці. І тут мне пачынае здавацца, што гэта не Лёшка і нават не салдат і не мужчына — прытрымліваючы пад пахай нейкую ношу, кідаючы позіркі ў бакі, бяжыць жанчына ў вайсковым.

Самае зоркае вока, аднак, у Папова, ён некалькі секунд востра ўглядаецца ўдалячынь і з радасным здзіўленнем ускрыквае:

— Луся?!

Так, гэта Люся. Як ні недарэчна, але гэта яна. Я і сам ужо бачу і пазнаю, як хуценька мігацяць у траве спрытныя ногі ў чорных халяўках ботаў і развяваецца на ветры залацістая шапка яе валасоў. Пад пахай у яе санітарная сумка, і мне здаецца, што я бачу нават, як глыбока ўрэзваецца почапка ў дзявочыя грудзі. Вядома ж, Люся шыбуе да нас…

Зноў самотнае, тужлівае пачуццё невядома чаму апаноўвае мяне — і няпэўная стрыманая радасць і трывога: чаго бяжыць яна? Мо што здарылася з Лёшкам, можа, яго параніла, і яна нясе нам камбатаў загад? Можа, яна думае, што ён тут, і таму не вытрымала, бяжыць, шукае яго? Але тады не трэба і яе, няхай бы яна лепш не паказвалася нам сёння. А можа, гэта яе паслаў сюды камбат Троцкі з якім загадам? Але не. Чаго гэта Троцкі будзе пасылаць санінструктара, хіба не знайшлося якога салдата ў палку! Я ўсё думаю і не магу даўмецца, чаго яна наважылася на гэта ў такі час, у такую небяспеку, калі мы тут самі сядзім як на вуголлі.

— От маладэц! Ну, маладэц! Ох, Луся! — захапляецца Папоў, узлёгшы жыватом на бруствер, і на яго спатнелым шырокім твары блукае лагодная наіўная ўсмешка. Крывёнак жа, здаецца, да болю сашчапляе сківіцы і, не сказаўшы ні слова, лезе назад у акоп, да сваёй рыдлёўкі.