Выбрать главу

Асаблівы ён ужо хоць бы таму, што наводчык. Усе нашы розныя няўдачы адбываліся па розных прычынах, але ўсе нашы поспехі — падбітыя ў красавіцкіх баях два танкі, спалены аўтамабіль, расстраляныя два кулямёты — справа спрытных рук і зоркіх вачэй Папова. Вочы ў яго сапраўды вельмі відушчыя, такія маленькія, трошкі нават занадта вузенькія і скошаныя, як у мангола, але другіх такіх вачэй у нашай батарэі няма. Гэткія ж асаблівыя і яго рукі — спрытныя і даўгапалыя, нібы ў музыканта. Гэтымі рукамі ён увесь час майструе што-небудзь — то футарал для прыцэла, то наразае ўзор на дзюралевым партсігары, то са снараднае гільзы выпілоўвае камсастаўскую спражку з зоркай. І ўсё ў яго выходзіць такое ладнае, адмысловае, што не розніцца бадай з фабрычным. Яшчэ ён дужа ўжо рупны, клапатлівы і старанны, асабліва калі давядзецца часова застацца за камандзіра гарматы. Тады ўжо ён замуштруе і нас і сябе, і мы ў такі час трошкі наракаем на яго. Я зайздрошчу яго ўмельству, яго вытрымцы і тайна сам сабе мару стаць калі-небудзь гэткім наводчыкам, як ён. Жаўтых заўжды беражэ яго ад працы, ад сцюжы, ад стомы — калі трэба зрабіць што цяжкае, куды збегаць ці пастаяць лішнюю гадзіну на варце, — камандзір ніколі не назначыць на тое Папова, а ўсё болей мяне ці Лук'янава або Лёшку, калі той чым-колечы не аднекаецца.

Вось так мы і жывём тут — невялічкі артылерыйскі разлік, шэсць чалавек, — курчымся доўгія дні ў вузкім акопе і з нецярплівасцю чакаем змяркання, калі пачынаецца іншая пара сутак са сваімі справамі і сваімі, адметнымі ад дзённых, клопатамі.

3

Перш за ўсё: голад — не цётка. Пад вечар усе мы так нагаладаемся, што не памагаюць ні курыва, ні вялізныя цяжкія галовы сланечніку з мяккімі, яшчэ зялёнымі семкамі, якіх мы назапашваем з ночы. Хочацца есці. У гэты час рэдзенькая крупчастая кукурузная каша, якую пасля, паеўшы, усе мы дружна бэсцім, — гэтая каша цяпер здаецца нам незвычайным, жаданым прысмакам. Гэткім жа смачным уяўляецца нам і хлеб — чэрствы, калючы, напалам з кукурузнай мукой. Ад сняданку ў нас застаўся невялікі кавалак яго — рэшта нечае пайкі, — ён ляжыць на верхняй снараднай скрынцы, і кожны з нас міжвольна паглядае ў той бок. Першы не вытрымлівае Лук'янаў. Пакінуўшы на хвіліну сваю чарцёжную справу, ён неяк сарамліва дастае яго запэцканымі пальцамі і, не гледзячы ні на кога, пытаецца:

— Хлеба ніхто не хоча?

Коратка зірнуўшы на яго, мы ўсе маўчым. Тады ён аб'яўляе:

— То я з'ем.

І ён грызе гэты кавалак, ледзь не вывіхаючы сківіцы пад тонкаю скурай худых, нездаровых шчок, а мы глытаем слінку і адводзім позіркі ўбок.

Лук'янаў толькі нядаўна вылез з-пад шыняля, бо кожнага дня зранку і пад вечар яго трасе малярыя. Увечары ён трохі ачуньвае, жвавее, і мы даруем салдату яго галодную нястрымнасць, бо ведаем, што ён дужа нагаладаўся ў палоне і дагэтуль не можа наесціся. Хлебны кавалак ён зжоўвае ўвесь да крошкі і пазірае ў неба, на якім журботна дагараюць залацістыя водсветы сонца. На сцяне акопа і на брустверы няма ўжо ніводнага промня, дол увачавідкі засцілае цень, халадае — хутка змярканне.

Усе мы нецярпліва чакаем гэтага часу. Чакае яго Жаўтых, — увечары ён ходзіць да начальства ў пяхоту, дзе ў яго багата знаёмых, яго ўсе тут ведаюць, бо старшы сяржант — ветэран палка. Чакае вечара Папоў, які адразу, як толькі вылезе з акопа, пачынае аходжваць гармату — выцірае запылены за дзень казённік, прыцэл, страсае чахлы і абнаўляе маскіроўку. Лёшка ўвечары, нібы малады мядзведзь, качаецца на зямлі ля агнявой або сноўдае вакол — ён любіць усялякія дробныя прыгоды, а больш за ўсё дбае пра тое, каб выпіць дзе і закусіць. Лук'янаў наядаецца, як толькі прыносяць вячэру, і дзе-небудзь ціхенька садзіцца, думаючы свае, невядомыя нам думы. Я чакаю вечара, бо тады схоўней, зацішней, можна пасядзець на брустверы і паназіраць ноч, у якой усё прытаілася, прыціхла, але скрозь поўна таемных, далёкіх і блізкіх гукаў. У безлічы гэтых гукаў я стараюся ўчуць крокі — ціхія лёгкія крокі на тылавой сцяжыне. Я чакаю іх доўгія пакутныя суткі, чакаю насуперак сваёй волі, сам не рады сабе.

Паволі, вельмі паволі цямнее. Неба пакрысе гасіць свой залацісты раздольны водсвет, з усходу на яго наплывае сінявата-шызая мутнасць. У акопе змрачнее, асабліва хутка ў снараднай нішы і пад палаткаю, якой накрыт дальні канец нашага сховішча. Жаўтых падпяразваецца шырокаю румынскаю папружкай з мноствам дзірачак, не дужа зграбна абцягвае гімнасцёрку і падыходзіць да мяне.

— А ну, дай — зірну!

Я аддаю яму перыскоп, і камандзір, стуліўшы голаў, водзіць туды-сюды тоненькай трубкай.