Выбрать главу

Я сонна накладваю ў магазін аўтаматныя патроны, іх трэба настаўляць там роўненька, але пальцы не слухаюць, і патроны рассыпаюцца ў пазах. Гэта нервуе, ды і стома настойліва робіць сваю справу. У час бою неяк лягчэй было ўтрымліваць сябе ў напружанні, цяпер жа воля расслаблена, слабеюць мускулы. З нейкаю тупою злосцю ў думках я лаю патроны, канструктараў гэтага няспрытнага для снараджэння магазіна і нават камбатаў дазвол, які не прынёс нам паратунку. Затым паглядаю на адкінутую Жаўтухову руку, — гадзіннічак усё цікае, чырвоная стрэлачка рупна бяжыць па чорным цыферблаце — хутка пяць. Толькі яшчэ пяць гадзін, а здаецца, зранку перажыта цэлая вечнасць, цэлая эпоха, за якую вось пагінулі людзі, а жывыя напакутаваліся, перадумалі, перажылі столькі, што іншым хапіла б на ўвесь век.

Але ўсё ж сама па сабе жыве ва мне і ціхая радасць, і я ведаю — гэта Люся. Я адчуваю яе тут, калі і не бачу, чую яе дыханне, кожны яе рух, яе прысутнасць неяк надае сэнс усёй гэтай нашай безнадзейнай і, можа, не дужа патрэбнай бойцы. Толькі я баюся, ці ўберажом мы яе да канца? Люся ўсё корпаецца над Лук'янавым, адшпільвае ад пояса біклагу і падносіць да ягоных вуснаў. Вада ліецца па запыленай шыі, сцякае на дол, але вось Лук'янаў ціхенька грэбае рукой па зямлі і, абапёршыся на локаць, спрабуе ўстаць. Засмяглыя вусны яго шэпчуць:

— Я зараз… Зараз…

— Не трэба. Ляжы. Яшчэ на вады, — кажа да яго Люся і нахіляе біклагу. Лук'янаў яшчэ п'е, кадык на яго худой шыі сутаргава скача ўгору-ўніз, і салдат падымае ссінелыя павекі.

— Дзякуй, — ціха кажа ён ужо апрытомнелым голасам. Затым занепакоена азірае бруствер, неба і аслабела пытаецца: — Дзе немцы?

— Ляжы, ляжы, — лагодна супакойвае яго Люся. — Усё добра, ляжы. Не трэба пра немцаў.

Відаць, гэта насцярожвае Лук'янава, вочы яго засяроджваюцца ў сабе, робяцца пільнымі, і ён пераводзіць позірк на сцяну сховішча.

— Мы не ў санчасці? Не?

— Маўчыце. Будзеце размаўляць — горш будзе, — бы малому, растлумачвае Люся. Лук'янаў неяк супакоена апускае павекі, закусвае вусны і з насцярожанай развагай пытаецца:

— Здаецца, я памру? Так?

— Ну што вы? — здзіўляецца Люся. — Навошта так думаць! Вось адаб'ёмся, і возьмуць вас у шпіталь, і ўсё добра будзе.

— Адаб'ёмся! — шэпча Лук'янаў, кусае вусны і зноў спрабуе ўстаць.

Люся далікатна, але настойліва кладзе яго на лапаткі. Раптам нейкім чужым натужаным голасам ён патрабуе:

— Дзе мой аўтамат! Дайце аўтамат!

— Ну ляжыце ж! Што вы такі неспакойны! — угаворвае Люся.

Я снараджаю патронамі тры аўтаматныя дыскі, трэба яшчэ споўзаць па той бок пляцоўкі ў акоп, каб пашукаць якія запасы. Наверсе, здаецца, пацішэла, грукоча і бахае далёка за вёскай, а тут толькі там-сям кахаюць і рэхам раскочваюцца ў небе вінтовачныя стрэлы. Папоў з-за кола назірае за полем.

Я перапаўзаю пляцоўку і звальваюся ў акоп, у якім адзінока сядзіць Крывёнак. Ён кідае на мяне не дужа прыязны позірк і падкурчвае пад сябе ногі.

— Лук'янаў апрытомнеў, — кажу я. — Жывы. А ты ўсё злуешся?

Крывёнак сцінаецца, туліцца і нічым не рэагуе на маё пытанне. Гэта ўрэшце злуе і мяне — знайшоў яшчэ час паказваць характар, калі тут усё наша жыццё ледзьве ліпее на адным валаску.

— Ну і дарма, чорт бы цябе ўзяў, — кажу я. — Што ты зацяўся! Ты ведаеш, што нам загадана?

— Чуў! — буркае хлопец.

— Ну?

Але Крывёнак маўчыць, ад яго ўжо не даб'ешся ніводнага слова. Я разграбаю ў нішы зямлю, што навалілася з бруствера, выкопваю тры нашы гранаты, выцягваю з-пад пяску важкі засмолены пачак з патронамі. Здаецца, болей тут нічога няма.

— А ў цябе колькі? — пытаюся я ў Крывёнка. Ён неахвотна ківае на кулямёт, з прыёмніка якога звісае напалову набітая патронамі стужка.

— Гэта ўсё?

Я пакідаю хлопцу лімонку і з астатнім перапаўзаю пляцоўку. Люся сядзіць як сядзела над Лук'янавым, абапершыся на адстаўленую назад руку, а ён стогне і з частымі прыпынкамі аслабела гаворыць:

— Ну, навошта ж ашукваць?.. Навошта?.. Хіба гэтым паможаш!.. Чалавеку праўда патрэбна…

Люся маўчыць, а ён, трошкі перадыхнуўшы і неяк паспакайнеўшы, задышліва аб'яўляе:

— Ведаю, памру… У грудзях душыць… Ногі адняло… Так… Праўда ж?.. Ну, скажыце!.. Шчыра, — сіпіць Лук'янаў, і ў грудзях яго нешта ціхенька булькае. Люся маўчыць.