— Ты што? Папоў!
Я кідаю снарад, хапаю наводчыка за плечы — ён увачавідкі бялее, затуманеным позіркам слізгае па мне і праз цяжкі апошні стогн шэпча:
— Лазняк!.. Забілі Папоў… Забілі! Навошта?.. Дурны Папоў!
— Куды цябе? Куды? Дзе? — недарэчна пытаюся я, не бачачы нідзе крыві. Але ён, апаўзаючы на маіх руках, шэпча:
— Ой, дурны Папоў! Нашто Папоў! Камбат… кажы…
— Што, што казаць камбату? Што? Папоў!
Але, відаць, марныя мае намаганні. Паўзакрытыя яго павекі некалькі секунд часта-часта ўздрыгваюць і раптам сціхаюць. Не маючы сілы паверыць у тое, што сталася, я здзічэла ўзіраюся ў яго потны застылы твар.
— Сволачы! Гады! — крычу я, і ўсё ва мне шалёна крычыць роспачна-нясцерпным крыкам. Але машыны імчаць па дарозе, я адхінаю нежывога наводчыка і прыціскаюся лбом да гарачай гумы прыцэла. Яны ўжо мільгаюць і мільгаюць міма тоненькай валасінкі трохкутнічка ў прыцэле, я кручу паваротны механізм, пераганяю трохкутнічкам пярэднюю і з невялічкім вынасам цісну на кнопку. Стрэл! У той жа час недзе блізка ля галавы зноў ляскае разрыўная ці бранябойная. Я ўспамінаю: трэ накаціць. Праз пыл кідаюся на дол да казённіка, і мае рукі сутыкаюцца там з гарачымі мяккімі рукамі Люсі. Разматляўшы на галаве валасы, яна, лежачы на зямлі, таксама ўпіраецца ў казённік. Пераплёўшы нашыя рукі ў адным намаганні, мы зрушваем ствол з месца. Затым я зараджаю… У скрынцы застаецца апошні снарад.
— Ага, гарыць! Гарыць! — крычу я, убачыўшы ў прыцэле, як дыміць на дарозе нахіленая набок машына. Замаруджваючы хаду, яе аб'язджаюць наступныя. Я ўжо не бачу, дзе першая, і б'ю па той, што трапляе бліжэй да трохкутнічка. Гарматка тузаецца, нешта металічна лязгае побач, і я праз неаселы яшчэ пыл бачу, што стральба наша скончана: ствол сарвала з люлькі, казённікам ён убіўся ў зямлю пад брустверам. Люся ляжыць збоч, таксама пабялелая і напалоханая.
«Ну, вось і ўсё! Прайшлі! Не стрымалі!»
Машыны, аб'язджаючы падбітыя, шпарка імчаць па дарозе да вёскі, цяпер мы іх не стрымаем. Па гарматным шчыце б'юць кулямёты ці аўтаматы, кулі ляскочуць па метале і разлятаюцца ў бакі. Кінуўшы ўсё як ёсць на пляцоўцы, я саскокваю ў сховішча да аўтаматаў. Туды ж адпаўзае Люся.
Схапіўшы аўтаматы, мы высоўваемся з-за бруствера — немцы бягуць па траве з траншэі, бягуць, падаюць, узнімаюцца зноў. Іх чалавек з пятнаццаць. Побач у акопе густым грымоццем трашчыць кулямёт Крывёнка. Я пускаю першую, другую чаргу, бачу, як кулі разбіваюць зямлю ля траншэі, аўтамат калоціцца ў руках — некалькі немцаў падае. Затым я кідаюся на другі бок сховішча, да Люсі, яна таксама б'е доўгай лапаткою чаргой, і на мяне з яе аўтамата сыплюцца гарачыя гільзы. І раптам яна спыняецца, сціхае, прысядае пад сцяною і пачынае таропка рваць рукаятку. Заела! Я вырываю ў яе аўтамат, даю свой, перазараджаю двойчы. Люся прыцэльваецца, але я тузаю яе за гімнасцёрку, яна азіраецца. «Перабягай! — крычу я. — Мяняй месца!»
Я ўпершыню звяртаюся да яе на «ты», у яе ясных, поўных напружання вачах коратка ўспыхвае ўдзячная сяброўская прыхільнасць, толькі цяпер мяне гэта не радуе. Цяпер усе мае такія пакутныя адносіны да яе трацяць свой былы сэнс, я вельмі хачу толькі зберагчы яе, не даць загінуць раней, чым загіну сам. Люся прысядае, пераносіць аўтамат на два крокі далей і зноў прыцэльваецца. Дзіўна, але здаецца, быццам яна зусім і не баіцца. Твар яе спакойны, толькі вочы звужаны і шчокі страцілі былую здаровую, загарэлую чырвань. У мяне ж усё дрыжыць унутры, але знешне рухі, здаецца, спакойныя, я баюся толькі чагось празяваць, не паспець, не ўбачыць і кідаюся сюды-туды ў сховішчы.
Мы б'ёмся на два бакі. Крывёнак у акопе раптам змаўкае, я трывожна ўслухоўваюся — але спакваля ягоны кулямёт грукоча далей, у самым канцы нашай пазіцыі. Ага, гэта ён б'е туды, па дарозе. Адтуль, дзе нерухома стаяць чатыры машыны, рэдкім шырокім ланцугом бягуць сюды яшчэ дзесяткі два немцаў.
Так, час ад часу ўсё горш…
Кінуўшы на брустверы аўтамат, я бягу ў кут, дзе ляжаць нашы гранаты, хапаю іх усе тры, і, калі разгінаюся, мой позірк зноў сустракаецца з затуманеным позіркам Лук'янава. Салдат тузаецца з зямлі, каб устаць, і, выцягнуўшы руку, з адчаем патрабуе:
— Дай!
І я кідаю яму лімонку, астатнія РГД кладу сабе пад ногі і падхопліваю аўтамат. Я страляю па тых, што бягуць, што ляжаць, б'ю кароткімі чэргамі, ужо не зважаючы на сваю бяспеку, аж покуль аўтамат не змаўкае. Пасля, прысеўшы, выкідваю пусты дыск і ад хвалявання доўга не магу трапіць у пазы новым.
— Дзе яны? Дзе? — стогне Лук'янаў, і ў ягоных паблеклых вачах дагараюць адчай і рашучасць.