Выбрать главу

Я не адказваю, ускокваю, — ага, яны не стрывалі, яны зноў заляглі непадалёк ад сваёй траншэі. Некалькі іх даўганогіх постацей кідаецца назад цераз бруствер, некалькі застаюцца ляжаць у траве. Крывёнак б'е з кулямёта ўслед. Тыя, ля дарогі, таксама залягаюць, і спакваля ў полі не відаць нікога. Адно толькі рой куль над намі, пырскаюць зямлёй брустверы, разлятаюцца ўшчэнт разбітыя груды…

Стуліўшыся пад брустверам, мы трохі слухаем, не верачы, што зноў адбіліся, пасля Люся першая апускаецца на дно, і раптам плечы яе ўздрыгваюць ад плачу. Я палохаюся, здаецца мне, нешта з ёй здарылася, хапаю яе за рукі, якімі яна затуляе свой твар, але яна ўсё сутаргава, без слоў хліпае.

— Люся! Што з табой? Не трэба! Не трэба!..

І яна раптам абрывае плач, коратка пазірае на мяне сур'ёзнымі вялікімі і мокрымі ад слёз вачмі і неяк адразу супакоена кажа:

— Нічога. Усё. Прабач…

Яна выцірае рукавамі вочы, закідвае назад растрэсеныя валасы, заклапочана пытаецца:

— Дзе яны?

У мяне таксама трошкі спадае напружанне, і толькі цяпер я разумею, што Папова з намі няма і што я — нейкім чынам камандзір над гэтай жменькай жывых людзей. Ніколі мне не даводзілася быць камандзірам, заўжды камандавалі іншыя, а я толькі слухаўся, а цяпер вось, у такі трудны час, — я сам сабе і ім гаспадар. Цяпер можна кінуць усё гэта — разбітую гармату, агнявую гэтую праклятую пастку, і можна паспрабаваць як выбрацца, пакуль яшчэ канчаткова не закрылі нам адзінае выйсце ў лагчыну. Цяпер не трэба прасіць дазволу, угаворваць Папова, цяпер усё можна рашыць самому.

Эх, бедны Папоў, ненадоўга перажыў ты свайго камандзіра, аддыхваючыся, думаю я. Але што гэта ён шкадаваў, паміраючы? Ці мо ў чым каяўся? Можа, у тым, што трымаў тут усіх нас? Ці, можа, што паслаў Лёшку? Ці яшчэ што дапякло яго напаследак? Якую гэта пакутную і загадкавую рысу падвяла смерць яшчэ ў адным чалавечым жыцці?

Але таго ўжо не ўведаеш, і я, адклаўшы аўтамат, паўзу на пляцоўку, бяру наводчыка за запыленыя, працёртыя на костачках боты і валаку ў сховішча. Прапацелая яго гімнасцёрка загортваецца пад дзягай і агаляе запалы худы жывот з сінім шрамам на правым баку. У сховішчы ўправіцца з ім мне дапамагае Люся, і мы ашчадна кладзём забітага ў сонечны прыпёк ля ног іншых. «Ну, от і чацвёрты», — кажу я тужлівым шэптам, а Люся закусвае вусны. Лук'янаў ціхенька стогне і ўжо не расплюшчвае вачэй. Рука яго, аднак, не выпускае гранаты — толькі, здаецца, марна яго чаканне. Напаследак я зазіраю на Жаўтыхова запясце — гадзіннік усё стукае, на ім палова восьмай.

Не, трэба біцца з усяе сілы. Гэта маё перакананне і маё рашэнне. І я адчуваю ў сабе новую сілу, упартая злосць напружвае мае мускулы — чорта з два мы ім паддамося! Можа, гэта і безнадзейная справа, можа, гэта канец, але інакш не дазваляе мне мой характар і мой партызанскі гонар. Інакш мне нельга, бо калі я не абаранюся тут, аддам у палон Лук'янава, што скажуць тады ў палку, што падумаюць пра мяне і маіх землякоў?.. Праўда, я не герой, не храбрэц, я вельмі звычайны і, здаецца мне, нават баязлівы хлопец, але няўжо я не змагу стрываць да канца? Ды яшчэ тут Люся, мілая, харошая Люся. Так цяжка мне гінуць з ёю, але, здаецца, яшчэ больш нестрыванай была б мая трусасць тут, перад ёй. Няхай даруе яна мне маю жорсткасць, але я буду бязлітасны да сябе, да Крывёнка, можа, і да яе — так трэба.

— Люся, бяры новы магазін, — кажу я. — На гранату. Усім па адной. Адна ў рэзерве.

— Лазняк, — сіпіць з долу Лук'янаў. — Вы мяне кіньце… Я ўжо…

Я не адказваю. Мы рыхтуемся да самага горшага. Пакуль ёсць патроны, будзем адбівацца, а там… Што ж, не мы першыя, і не мы апошнія, як кажуць людзі.

Я прыціскаюся грудзьмі да сцяны сховішча, затуляю за бруствер галаву і чакаю. Паніжэлае сонца паліць мне твар, і па-ранейшаму да знямогі хочацца піць. Люся перазараджае аўтамат і сядае ў цень, пад сцяну насупраць. Галоўнае, нешта зразумець, рашыць, думаю я, на нешта наважыцца — усё астатняе лягчэй. Самае горшае — няпэўнасць. Няпэўнасць знешняя — у абставінах і ўнутраная — у сабе, калі не ведаеш, што табе трэба, і кідаешся ва ўсе бакі, як пацук у дзежцы. Мне цяпер робіцца ўсё выразна, зразумела і лёгка. І перад Люсяю лёгка, цалкам знікае тая пакутная няўпэўненасць у сабе, няёмкасць, што дапякала мне ўвесь час нашага знаёмства.

— Не так проста нас тут узяць! Хай паспрабуюць! — азіраючыся, кажу я, каб падбадзёрыць Люсю, якая запытальна і з нейкай няпэўнай надзеяй паглядвае на мяне. Дзяўчына маўчыць і ўсё ўслухоўваецца ў гукі наверсе, а Лук'янаў стогне, падымае ссінелыя павекі і пытаецца, ледзь варушачы ў руцэ гранату:

— Ну, дзе яны? Чаму не ідуць? Хоць бы паспець… Паспець…