Выбрать главу

19

— Піць!.. Піць!.. — пачынае стагнаць і тузацца Лук'янаў. Вусны яго сухія, твар завастрыўся, зжаўцеў, і нос, нібы дзюба, пазірае ў сляпое спякотнае неба. Люся нахіляецца да яго і ціхенька гладзіць па рукаве.

Ад напамінку пра ваду я глытаю сліну, але і сліны ўжо няма. Рот сухі, усярэдзіне таксама ссохла, у галаве тлумна ўсё круціцца. Я адчуваю, што трэба нешта рабіць, рухацца, бо так адолее сон і мы загінем. Раптам з акопа ад Крывёнка пырскае кароткая чарга.

— Што? Куды ты? — прахапіўшыся са знямогі, пытаюся я, але той маўчыць. Я ўслухоўваюся і зноў паўтараю сваё пытанне.

— Фрыц ля танка, — урэшце даносіцца з акопа Крывёнкаў голас. Я засцярожліва выглядаю з-за бруствера — сапраўды, ля танка варушыцца ў траве, здаецца, паўзе цёмная постаць.

— Стой, пачакай, — кажу я. — Можа, наш хто?

Мне шкада і аднаго патрона, шкада цішыні, якая — ведаю я — будзе нядоўгай, але якая ўсё ж набліжае нас да ночы і дае надзею на паратунак. Адсюль дрэнна відзён гэты чалавек, хоць ён і бліжэй да нашага сховішча, чым да Крывёнкавага акопа, але Крывёнак неўзабаве зноў лязгае затворам.

Побач з долу ўскоквае Люся, яна таксама ўзіраецца цераз бруствер: напэўна то немец. Нам відаць толькі, як угінаецца, варушыцца трава, часам высоўваецца з яе цёмная спіна. Крывёнак чагось марудзіць, не страляе, і тады зводдаль чуецца слабы пакутные енк:

— Паўль! Паўль!

Паранены немец — гэта пэўна. Ён і паўзе так — сутаргава, марудна, пластом па-над самай зямлёй. Люся зломвае свае вузенькія русыя бровы і гукае Крывёнку:

— Не страляй! Пачакай! Можа, у яго вада…

Я то хаваюся за бруствер, то зноў выглядваю. Хутка побач пырскае ў твар зямлёй і са сланечніку даносіцца стрэл. «Пільнуюць, сволачы!» Немец тым часам то паўзе, то заціхае, невыразна чуваць яго роспачнае, натужнае «Паўль! Паўль!». Дзіва, якога ён Паўля знойдзе ў нашым акопе, зласліва думаю я. Адзін ён нам тут не страшны, але на ўсякі выпадак я бяру з долу аўтамат і адцягваю назад рукаятку.

Спачатку з бруствера скочваецца груда, потым дзве разам, і на земляных камяках з'яўляюцца дзве страшныя, абпаленыя да чырвані рукі. Яны высоўваюцца з абгарэлых манжэтаў рукавоў, напружваюцца, уграбаюцца ў бруствер, і вось з-за камякоў паказваецца галава з недарэчна кароценькімі і кучаравымі ад агню, падпаленымі валасамі. Немец узнімае твар, і мы з Люсяй жахаемся. Твар яго, як і рукі, скрозь у чырвона-белых апёках, ля вуха крывяністая маса; павекі на вачах зліпліся, запалі і не адплюшчваюцца. Нейкі час мы нерухома ўзіраемся ў гэты прывід, пасля я зацята камандую:

— Уніз! Хутка! Шнэль!

Але немец, здаецца, не чуе. Нішто не мяняецца на яго твары, ён усё пазірае, нібы ў пустэчу, і стогне:

— Паўль!

Тады я хапаю яго за плячо, цягну на сябе — зрушваючы камякі, ён перавальваецца ў сховішча і падае ў дол. На нашу мітусню ў акопе б'юць некалькі куль, але міма.

І вось ён ляжыць у доле. Гэта ледзьве жывы яшчэ немец-танкіст, малады, пэўна, нашых год, хлопец. Шырока раскінуўшы ногі, ён гучна стогне. Камбінезон яго скрозь у прапалінах, ад немца нясе смуродам паленай тканіны, месцамі з вопраткі яшчэ курыцца дым. Я без нянавісці, з адной толькі агідаю гляджу на гэтага хуткага нябожчыка, а Люся ўкленчвае над ім, абмацвае шырокія кішэні яго камбінезона, дастае з аднаго гаечныя ключы, круглую з чырвонай пластмасы маслёнку, клык пакулля. Біклагі ў немца няма, патронаў таксама.

— Ага, прыпякло, чортаў фрыц! — кажу я са злосцю і падчапляю яго ботам пад бок, каб адкаціць з праходу. Люся ўскідвае на мяне свае строгія вочы.

— Нашто ты? Памірае ж!

«Чорт з ім, што памірае, — думаю я. — А колькі нашых памерла — вунь Жаўтых, Панасюк, Папоў, Лук'янаў; можа, сярод іх ёсць і той, каго забіў гэты фашыст. Ён і на яго падобныя ўтапілі нашу зямлю ў крыві, укралі ў нас маладосць, пакутамі спарахнілі нашыя душы…»

Люся, аднак, з нейкаю незразумелаю мне цярплівасцю бярэ яго пад пахі, адцягвае з-пад ног і кладзе побач з Паповым. «Пяты, — адзначаю я ў думках. — Дзіўна, не думаў, што пяты тут будзе немец». А немец стогне і кожную хвіліну сутаргава ўздрыгвае. Дзяўчына лёгка расшпільвае на яго грудзях прошву-маланку, і там, на кішэні мундзіра, нікеляванай каёмкай бліскае жалезны крыж. Гэты крыж узнімае ва мне вострую непрыязь да танкіста, я зрываю яго, шпурляю за бруствер, пасля бяруся за яго кішэні. Там мноства розных кніжачак, паперак, некалькі пацёртых пісьмаў у вузенькіх канвертах, патрушчаная аўтаручка і расчоска ў металічным футарале-абкладцы.