Выбрать главу

Я хачу знайсці яшчэ нейкі повад для свае злосці, я хачу бачыць гэтага танкіста віноўнікам усёй сённяшняй нашай трагедыі, але ў паперах толькі лічбы, нумары, нямецкія словы, напісаныя неразборлівым скорапісам, і скрозь свастыкі, арлы, сінія, чырвоныя пячаткі. Але вось загорнутыя ў цэлафан здымкі з крывулястымі абрэзамі. На першым вуліца нейкага акуратнага нямецкага гарадка з вастраверхімі хатамі, гатычнымі шыльдамі. «Грэйфсвальд» — напісана ўнізе. На другім знята група юнакоў на стадыёне, у пярэдняга футбольны мяч, — сярод іх напэўна і гэты танкіст. На трэцім ладная бландзінка з пакручастымі, доўгімі, да плеч, валасамі, яна вельмі міла ўсміхаецца мне, і, каб не яе дужа кірпаты нос, я сказаў бы, што яна прыгожая. Чацвёрты здымак прымушае мяне задумацца.

На ім, безумоўна, гэты наш «недагарак». Заклаўшы назад рукі, ён стаіць у мундзіры, і на выстаўленых яго грудзях чарнее, напэўна, той самы крыж, вочы немца, аднак, нявесела пазіраюць некуды на маё вуха. Перад ім на крэсле сядзіць немаладая ўжо, здаецца, апранутая ў жалобнае ўбранне кабета, твар яе самотны, у сумных вачах клопат. Нечым не нашым, далёкім, варожым, але і зразумелым вее на мяне ад гэтага здымка, і я стараюся разабраць надпіс на яго адвароце.

«Майн лібэр кнабэ! — выведзена сінім чарнілам. — Фюр міх біст ду дэр лецтэ, унд ду зольст даран дэнкэн. Зай форзіхціг. Ду біст майн. Ду гэхёрст ніхт дэм офіцір, генераль, одэр фюрэр, зондэн аляйн мір. Ду біст майн! Майн! Дайнэ мутэр* 29.III.44.»

* Мой дарагі хлопчык! У мяне ты застаўся апошнім, і ты павінен памятаць гэта. Будзь асцярожны. Ты — мой. Ты не афіцэраў, не генералаў, не фюрэраў — толькі мой! Ты мой! мой! Твая мама.

Я невялікі знаўца нямецкае мовы, але каб зразумець гэта, маіх ведаў хапае. І гэтыя чарнільныя словы бянтэжаць мяне. Простая рэч, але я ніколі не думаў, што ў майго ворага раптам акажацца маці, звычайная спакутаваная, не дужа маладая жанчына, якая гэтак нечакана стане між намі. Я думаю, што, напэўна, яна любіць яго і, напэўна, як і ўсякая маці, вельмі баіцца, каб чаго не здарылася з ім. І, напэўна, яна песціла яго ў маленстве і радавалася яго першым крокам і першым словам… і дбала, каб ён добра вучыўся і не меў двоек і каб не прастудзіўся, не захварэў, не трапіў пад машыну… Гэтаксама, як і мая, як і Люсіна, як і Папова, Лук'янава і мільёны мацярэй на зямлі. І можа так стацца, што і ён добры сын і гэтак жа любіць яе і кахае тую дзяўчыну… і суседзі старыя добрае думкі аб гэтым юнаку. Я разумею і гатовы спачуваць усякаму мацярынскаму гору, але цяпер я мушу ненавідзець гэтага яе сына, як, бадай, ён можа ненавідзець мяне, бо мы апалілі яго, а ён забіў нашага Жаўтыха і параніў Лук'янава.

Я хачу быць злосным, злосць надае сілы, але я губляю яе разам з рэшткамі гэтай сілы…

Гінуць нашы, паміраюць немцы, гінуць маладыя і старыя, добрыя, злыя, паганыя — і хто вінаваты? Адзін Гітлер? Не, адчуваю я, не адзін Гітлер. Не першы і, пэўна, не апошні імкнецца ён падпарадкаваць сабе іншых, спрадвеку валодае людзьмі ўсясветная прага ўлады, прага панаваць над іншымі, навязаць іншым свае погляды і свой парадак жыцця. Хіба гэта першая вайна і хіба апошняя! Вялікая нецярплівасць пануе ў свеце, які здаўна сплывае людскою крывёй! Мне хочацца закрычаць, нема завыць на ўсё паднябессе, страшна, нялюдскі вылаяцца…

Але я толькі недарэчна смяюся. Я адчуваю, што раблюся цынікам. Мне хочацца дабіць гэтага немца, дабіць без злосці, так, дзеля здзеку, у помсту за смерць сяброў, за мае пакуты, за тыя каляіны. «Дзіўная старая дурная кабета, — думаю я. — Чаго захацела ў такі век: прысвоіць уласнага сына. Хопіць таго, што ты нарадзіла яго, гадавала. У краіне, дзе крыважэрнічае д'ябал, якая там уласнасць! У адплату за яго ідэі людзі павінны ахвяраваць яму жыццё. Ідэі дорага каштуюць, калі іх навязвае кучка. Бяры цяпер, фраў, свайго сына, бяры гэтую сваю галавешку…»

Але што гэта і дзе гудзе? Калоціцца зямля, дрыжыць паднябессе. Няўжо?.. — коле свядомасць здагадка. Але так і ёсць. З-пад нізкага сонца, хаваючыся ў яго промнях, выплывае над зямлёю статак імклівых ценяў: цяжкі гул асядае, душыць зямлю. Яны ідуць на вёску. Ідуць роўна і важна, нібы паўзуць сваімі нябеснымі шляхамі, падцяўшы кароткія лапы-колы. Я не лічу іх. Я бачу, як трое з хваста гэтага каравана збочваюць на крыло, коратка на павароце мільгаюць бляскам прапелераў і скіроўваюць на нас…