20
Густы і імпэтны, як горны абвал, роў пікіроўшчыкаў штурхае мяне ад сцяны сховішча. Я ўжо не думаю, што гэта канец, паглыбленым падсвядомым пачуццём я перажыў яго і гатовы прыняць смерць, толькі нестрываны сум агартае мяне ад думкі, што не ўдасца ўберагчы Люсю. Так і пагінем мы, і ніхто ніколі не даведаецца, як я любіў яе. Але ўгары пранозліва завывае — я штурхаю Люсю ў кут, і ў той жа час першая бомба выбівае з-пад мяне зямлю. Наступныя выбухі абрушваюць на нас цяжкія земляныя глыбы. Гасне сонца. Паветра б'е тугімі пыльнымі хвалямі. Скрозь зямля, агонь і пякельная лютасць выбухаў. Ашчаперыўшы голаў, я курчуся ў куце, як магу, затуляю Люсю і заціскаю між калень аўтамат. Дзяўчына з кожным выбухам уздрыгвае, гэтак жа ўздрыгвае зямля, дрыжу і я. Пэўна, няма такой чалавечае сілы, якая б не была падуладна страшнай сіле выбуху. Бомбы рвуцца па тры адразу. «Тр-р-рах! Тр-р-рах! Тр-р-рах!» — зямля храпае на ўсю глыбіню, здаецца, расчэпіцца, як вялізны спелы кавун. Я сціскаюся, напружваюся — роў бліжае, візг і зноў «тр-р-рах! тр-р-рах! тр-р-рах!».
Дзевяць выбухаў міма. Наўкола яшчэ шастае зямля, зверху асыпаюцца хмары пяску, узнятага бомбамі, роў глушэе, але зараз жа нарастае зноў. Я не ведаю, ці жывая Люся, яна сціснулася за маёй спінай, праз пыл мне не відаць самалётаў, але, здаецца, яны ўжо ўваходзяць у піке. Я чую, як адрываюцца і разам з ровам шыбуюць на нас бомбы. «Тр-р-рах» — б'е недзе па акопу Крывёнка. Прапаў хлопец, мільгае думка, зараз жа новы віск і — «тр-р-рах!». Другога выбуху чамусьці няма, можа, бомба не ўзарвалася? Трошкі расслабеўшы целам, я чакаю заходу трэцяга пікіроўшчыка. Пакуль мы жывыя, але няўжо загінем ад апошняга выбуху? Павінны ж у іх скончыцца ўрэшце гэтыя праклятыя бомбы.
Трэці «лапатнік» трошкі замаруджвае, пыл паспявае асесці, пакуль ён заходзіць ад сонца. Па перакапанай агнявой мільгае спачатку ягоны імклівы цень, і затым прарэзліва вішчаць бомбы. Яны рвуцца трохі збоч, і ў мяне з'яўляецца надзея — уцалелі! Я яшчэ баюся паверыць у яе, але гул аддаляецца — цяпер трэба чакаць пяхоты. Я адхінаюся ад Люсі — яна ўскідвае голаў, і з яе валасоў сыплецца пясок, — абое мы скрозь у зямлі. Забітых закідала таксама, з-пад грудаў тырчаць адны толькі ногі. У Панасюка, пэўна асколкам, распораты чаравік, з якога вылез клык бруднае анучы. Я атрэхваю з аўтамата пясок і ўскокваю. Бруствера амаль што няма, сховішча заваліла зямлёй, падбітая гармата скасабочылася, адна станіна задралася сашніком угору.
Немцы! Яны бягуць са сланечніку ў поле, далей нам у тыл, пад вёску — відаць, як матляюцца почапкі іх аўтаматаў. Двое бліжэйшых засцярожліва прыгінаюцца і, бегучы, пазіраюць у наш бок.
Я тузаю рукаятку і, торапка прыцэліўшыся, тыркаю аўтаматам раз, другі, трэці, аднак немцы ўсё бягуць і бягуць. Відаць, для аўтамата да іх крыху далёка. Але чаму маўчыць кулямёт? Няўжо?..
— Крывёнак! Крывёнак! — крычу я. — Агонь. Чуеш? Агонь!
Я бачу яго — ён жывы і сядзіць у закутку свайго таксама абрушанага і змялелага акопа — счарнелы зусім, як цыган, і асалавела глядзіць на мяне. Рот ягоны адкрыты, і на твары грымаса адчаю.
— Агонь! Бачыш? Крывёнак!
— Да д'ябла! Да д'ябла ўсё!!! — раптам крычыць ён такім голасам, ад якога ў мяне скаланаецца сэрца, і ўскоквае. Ён выцягвае з зямлі свае босыя, без ботаў, ногі, і, хістаючыся, вылазіць з акопа да нас. Кулямёта яго не відаць.
— Да д'ябла сядзець! Прарывацца! Хопіць трываць! Чуеш? — крычыць і лаецца ён, увальваючыся ў наша разбуранае сховішча. Я закусваю вусны і нейкі час не магу сцяміць, што сталася з ім, а хлопец хапае ля маіх ног гранаты, Люсін аўтамат.
— Выбірацца адсюль! Даволі! Прарывацца! Ну?! — крычыць ён і кідаецца на бруствер.
— Стой!
Я хапаю яго за нагу, ён падае ў сховішча, крутнуўшыся, ускоквае на калені і ўпірае ў мяне асалавелы ад гора і нянавісці позірк.
— Ага! І ты! І ты з-за яе? І табе яна люба? Геройства трэба? Геройства! Той у тыле герой! А ты — тут! Гэта яна ўсё нарабіла, — размахваючы кулакамі, крычыць ён да Люсі; на вуснах яго пена. — Чаго ты прыбегла? Каго ты шкадуеш? Яго? Нас? Ты — мучыцелька! Гадаўка ты, от! Ух, усе сволачы! Гады!
Гэтага я не чакаў. Гэта не слабасць — гэта шаленства, агіднасць і дурасць. Ён звар'яцеў. У мяне ўзнімаецца ўнутры гняўлівая злосць на яго і таксама сціскаюцца кулакі. Але ж немцы! Я зноў выглядаю — немцаў ужо няма, — частка іх з тых падбітых на дарозе машын, пэўна, ужо прарвалася ў лагчыну ў наш тыл, у фланг палка… Тады і кідаюся да хлопца і хапаю яго за плячо.