Выбрать главу

— Сціхні! — крычу я таксама нервова, паддаючыся яго шаленству. — Змоўкні. Ачумеў, дурань!..

У чорных ашалелых Крывёнкавых вачах жах і безразважнасць, стоячы на каленях, ён выпучвае грудзі, хрыпіць і насядае на мяне.

— Ага! Біць? Бі!!! Страляй!!! На, страляй!!! На!

Ён ірве на грудзях гімнасцёрку; трэснуўшы, тая распаўзаецца да самага падола, затым яго дрыготкія пальцы шкуматаюць сарочку. Я хапаю яго за грудзі, прыціскаю да сцяны сховішча, ён тузаецца пада мной, ірвецца і раптам сціхае. Рукі яго бяссільна ападаюць, і цела скаланае бязгучны ўнутраны плач. Я штурхаю яго на дол, прэч ад сябе, і сядаю ўбок. Дзве слязіны скочваюцца па запалых Люсіных шчоках, яна не выцірае іх і не саромеецца, толькі з нямым крыўдлівым дакорам глядзіць на Крывёнка, які нерухома ляжыць, уткнуўшы твар у зямлю.

— Герой! — ледзьве стрымліваючы злосць, кажу я са здзекам. — Прарвацца! Куды ты прарвешся? На той свет? Эх ты!

— Піць!.. — аднымі вуснамі шэпча тым часам Лук'янаў. — Піць…

Люся ўздрыгвае, сціскае сківіцы, на яе схуднелых замурзаных шчоках праступаюць жаўлакі. А побач варушыцца, упіраецца локцямі ў зямлю немец. Ён, здаецца, спрабуе ўстаць, павярнуцца, але гэта яму не ўдаецца, і тады ён роспачна просіць:

— Васэр! Айн шлюк васэр! Паўль!..

Люся сціскаецца ў камячок і курчыцца пад адным трошкі ўцалелым бокам нашага сховішча. У вялікіх яе вачах нейкі роздум, боль і зняменне.

Паляжаўшы з хвіліну, паднімаецца, сядае Крывёнак. Чорная, з раскудлачанымі валасамі ягоная галава падае на рукі, бяссільна пакладзеныя на калені. Я гляджу на яго босыя ногі, на плечы з адарванымі пагонамі. Рукаў ніжэй пляча рассечаны асколкам, на баку мокрая крывавая пляма. Хваляванне і трывога не даюць мне даўмецца, што ўсё ж сталася з хлопцам, які заўсёды быў цвёрды, разумны і ў цяжкую хвіліну паводзіў сябе як трэба. Няўжо гэта нервы? Цяпер ён аслабелы, бездапаможны, я адчуваю гэта, але не хачу супакойваць, угаворваць яго. На яго аслабеласць — ведаю я — трэба больш строгасці, патрэбна суровасць. Але мне некалі дадумваць усё гэта — я баюся, каб да нас блізка не падышлі немцы, і кідаюся да разбітага бруствера.

Навокал агнявой — пыльная земляная дрыгва. Увесь бліжэйшы травяністы абшар перакапаны, нібы яго парыў статак нейкіх вялізных дзікоў, — скрозь варонкі, земляныя вывараціны. Немцаў ужо нідзе не відаць.

— Ладна, усё! — паспакайнела, але ўсё яшчэ нервова кідае Крывёнак. — Што рабіць будзем? Кулямёта няма.

— А што рабіць? — як мага спакайней пытаюся я. — Вылезеш — тут цябе і пакладуць. Навек! А з ім як быць? — ківаю я на Лук'янава.

Я, мабыць, не менш, чым ён, намагаюся цяпер, каб як утрымаць сябе ў стане раўнавагі, трывожнае адчуванне не зменшылася, ведаю — небяспека ад нас не аддалілася.

— Мне чорт з ім — гінуць, дык гінуць. Толькі за таго не хачу. Не хачу! — кажа Крывёнак, і ягоны голас зрываецца на крык.

— Чаму гэта за яго? Ты за каго ваюеш?

— Як за каго? За сябе! За каго я павінен ваяваць?

— Мала, відаць, з табой палітзаняткаў праводзілі.

— Палітзаня-я-яткі! — адразу раздражняючыся, кажа хлопец. — На палітзанятках адно, а тут другое. Мы прападзём, а ён ордэн на грудзі прычэпіць ды будзе дзевак ахмурваць. Хіба не так!

Можа, і так, можа, і не, але я маўчу. Крывёнак нешта думае, седзячы ўнізе, пэўна ад болю, моршчыцца і адною рукой бярэцца за свой паранены бок. Люся паварочваецца да яго і так, нібы не было між намі ніякае сваркі, кажа:

— Паўлік, знімай гімнасцёрку — пагляджу.

Крывёнак паднімае на яе злосны, скалечаны шрамам твар.

— Навошта? Навошта! Яго даглядай! Мне не трэба! Я не прыгажун! Не герой! Я штрафнік! Што я табе?..

— Змоўкні! — з лютасцю гыркаю я. Крывёнак пераводзіць на мяне поўны нянавісці позірк.

— Што?.. Бабскі заступнік?

Мяне скаланае ад абурэння і злосці на яго.

— Дурань ты! Балда! — крычу я. — Асліная ты галава! Што ты разумееш! Завошта ты яе крыўдзіш? Задарожны сволач. Ён сачкануў, каб не ісці сюды. А яна бегла! Яна дзеля нас! Па-добраму! Па-чалавечы! А ты? Чаго ты дурнееш? Чаго шалееш?

Крывёнак скіроўвае на мяне нерухомыя вочы — у іх збянтэжанасць, няўпэўненасць, здаецца, ён збіты з панталыку маімі словамі. А Люся, неяк далёкая ад усёй гэтай нашай сваркі, нібы загнаны ў пастку звярок, туліцца да земляной сцяны, вочы яе поўныя напружання, але яна не плача — яна з усяе сілы імкнецца стрымаць-задушыць роспач і крыўду ў сабе.

— Піць!.. Піць!! — выдыхае Лук'янаў і грабе зямлю пальцамі. Люся ў тугі вузельчык збірае на лбе бровы, і я разумею, як ёй пакутна ад сваёй бездапаможнасці. А тут яшчэ ўсё не памірае, усё варушыцца, дрыжыць немец і таксама спалохана, трывожна просіць: