Немец жа ўсё тузаецца на зямлі, мармыча нешта — відаць, штосьці яго турбуе. «Піць? — кажу я сам сабе. — Д'ябла табе лысага, а не піць».
Я падношу да сваіх ссохлых, засмяглых вуснаў пляшку і п'ю. Вада цёплая, нясмачная, смярдзіць нечым нямецкім і не ўбаўляе смагі, але я неспатольна і ўпарта п'ю. Рэшту, што яшчэ засталася ў пляшцы, выліваю ў дол. Мне яна больш не спатрэбіцца.
Кінуўшы біклагу ў кут, я вяртаюся ў акоп. Люся ляжыць у доле на камяках накіданай выбухамі зямлі, рукі яе бяссільна выцягнуты ўздоўж цела, ногі роўненька сціснуты. Я сядаю над ёю, папраўляю на загарэлых каленьках старэнькую яе спадніцу. Тонкі дзявочы твар ужо прыкметна збялеў, пахудзеў… Тая яе апошняя ўсмешка, што нестрыванасцю ўзрушыла нашыя з Крывёнкам сэрцы, паволі знікае, саступаючы месца строгай нежывой нерухомасці. Мяне бянтэжыць і здзіўляе гэтая недарэчная здранцвеласць на заўсёды такім рухавым, жывым і вельмі лагодным Люсіным твары. Здзіўляюць і вочы — яны, аказваецца, зусім не сінія, яны шэрыя, і я не разумею, чаму яны заўсёды здаваліся нам сінімі, як васількі. Колькі бязмерна роднага было ў іх, у гэтых радасна-пакутных вачах!..
Я закрываю іх па чарзе, левае і правае — хай спяць!.. Што ж рабіць далей? Выбегчы ўслед за Крывёнкам? Застрэліцца з ракетніцы? Узарваць сябе з Люсяй?
У кутку на земляную пацяруху грабецца мурашка. Зямля дробная, яна разам з мурашкай раз-пораз ссыпаецца ўніз. Мурашка выграбаецца з пяску і пачынае караскацца зноў. Што значыць бяздумная ўпартасць! Я бяру яе на далонь і здзьмухваю на бруствер — хай ідзе, ратуецца. Тут ёй добра не будзе.
Не, чорта з два! Буду біцца! Адзін за ўсіх — за Жаўтыха, Папова, Лук'янава, Крывёнка. За Панасюка. Інакш мне нельга. Я выкладваю свой боезапас — тры РГД, адна лімонка ў кішэні, тры ракеты. Усё ж не голыя рукі.
Здаецца, пачынае цямнець. Неба яшчэ блішчыць далёкім зніжэлым святлом, але ў акопе ўжо засень. Бой здалёку ўсё грыміць, не зразумееш, у якім баку нават, — калоцяцца, стогнуць абшары і справа, і злева, і наперадзе. Ціха толькі на варожых пагорках. Але там, мусіць, нікога няма.
І раптам — знаёмае траскоцце на брустверы. Пясок, камякі, зямля, пыл — на галаву. Сыпане і сціхне… Праз пяць секунд зноў… Пасля яшчэ і яшчэ. Так, пачынаецца…
Трымайся, Лазняк! Здаецца, гэта апошні твой бой. За зямлю трымайся: усё на зямлі — усё ад зямлі, — гучаць у вушах колішнія Жаўтыховы словы. Не спагань яе! Ранейшаю сілай наліваецца маё цела. І спрытам. Кожны мускул напружваецца. Толькі страху ўжо няма і следу, ужо я перажыў, патраціў яго ўвесь. Біцца, дык біцца… Насмерць!
Прыўстаўшы на нагах, я адным вокам выглядваю з-за бруствера — паўзуць! Потныя, загарэлыя, з аўтаматамі на зямлі. Збоч нехта падае, нехта перабягае ў варонку…
Я бяру дзве гранаты, яны ўзведзены. Прыціскаюся да сцяны. Чакаю. Слухаю. Нейкая жыла пад каленам дробненька, надакучліва дрыжыць.
Пад брустверам нешта стукае. Граната? Лопае запал, затым — ашалелы ўдар! Зноў земляныя камякі, пыл, пясок засцілаюць неба…
Размахваюся — і ў адзін, другі, трэці бок шпурляю свае РГД. Зараз жа выбухі — адзін! другі! трэці! Выхопліваю з кішэні лімонку. І тут — удар у бруствер. Адскочыўшы ад яго, побач шлёпаецца доўгая палка нямецкай гранаты. Са звярыным спрытам я хапаю яе і кідаю наверх. Зараз жа выбух, нечы блізкі глухі енк.
Бяру ў правую руку лімонку, зубамі адгінаю чаку. Левай зараджаю ракетніцу і ўзводжу баёк.
Ззаду за брустверам блізкія крокі — я адразу чую іх тут, у зямлі. Вырываю зубамі чаку, адпускаю планку і, прытрымаўшы секунды са тры, кідаю гранату туды. Выбух! У той жа момант на брустверы над галавой — іх выбух! Удар недзе ззаду — і яшчэ выбух! Яшчэ рве ля гарматы, і праз пыл вынікае цёмная даўгалыгая постаць у касцы.
— Хендэ хох!
— Скулу ў бок! — крычу я і ва ўпор страляю з ракетніцы. Дымны струмень б'е ў ворага, пыхае клубком іскраў — немец хапаецца за грудзі і, падламаўшыся ў каленях, падае на спіну. Некалькі секунд з ягоных грудзей джагае яркае агністае полымя…
Немец гарыць, ракета рассыпае наўкола гушчар іскраў, ягоныя боты звісаюць у мой акоп. Гэта яму за Люсю.
Я хуценька зноў зараджаю ракетніцу, высоўваюся і б'ю ў тых, што паблізу. Пэўна, збянтэжаныя маім агнявым адпорам, яны прыціхаюць. Ракета падскоквае па зямлі і коціцца ў траве ярка-агнянай каметай. Зялёныя бліскаўкі дагараюць і тухнуць на камяках бруствера.
Выкідваю гільзу і піхаю новую. Мяркуючы па галоўцы, гэта асвятляльная, белая. Я чакаю новай атакі і дзякую Люсі. Мёртвая, яна ратуе мяне.
Але немцы маўчаць. Маўчаць хвіліну, дзве, пяць… Што сталася з імі? Можа, яны падпаўзаюць? І тут аднекуль здалёк зноў даносіцца танкавы роў. Устрывожаны, я ўслухоўваюся, а ён усё мацнее, шырыцца ў паднябессі, набліжаецца. Яшчэ праз хвіліну на ўсю глыбіню дрыжыць, гудзе, скаланаецца зямля. Некалькі разгоністых сіняватых трас джгаюць над брустверам — адтуль, з нашага боку.