Радасная здагадка азарае мяне, і, здзіўлены, я паволі ўстаю ў акопе. Недзе побач заліваюцца-грукочуць кулямёты, і ўсё адтуль, з нашага боку, джгаюць-мільгацяць трасы.
З апошняй Люсінай ракетай у ракетніцы, гатовы да ўсяго, я выскокваю з акопа.
22
Так, я выратаваны. Усё страшнае, нясцерпнае ўжо мінула…
Наўскасяк па полі, праз сланечнік, да дарогі з даўжэзнымі, як бервяно, стваламі ідуць САУ-100. За імі бяжыць, адстае, даганяе пяхота. Я сяджу на брустверы з адзінаю сваёй ракетай і не адчуваю ў сабе і маленькага намёку на радасць паратунку. Ля маіх ног ляжыць нерухомае маленькае цела Люсі. Я вынес яе з акопа пад раздольнае неба, на шырокі палявы прастор, якога яна ўжо не пабачыць ніколі… Ні прастору зямлі, ні нашай перамогі, ні гэтага звечарэлага неба, якое цяпер вельмі падобна на яе шэрыя, некалі зіхатлівыя вочы… Ідзе час, а я ўсё сяджу.
Сяджу без дум, без сілы, без аніякага людскога жадання. Праклятая вайна дала і вырвала ў мяне нялёгкае права на Люсіна каханне. Цяпер што радасці мне з жыцця? Пехацінцы штосьці пытаюцца, нешта крычаць, але я не чую іх і не адказваю. Нейкі кірпаты салдат у перакручанай упоперак галавы пілотцы кідае на мяне: «Дурны ці кантужаны» — і другі, што бяжыць ля яго з кулямётам, смяецца. Ім радасна.
А я думаю: хто з нас мог меркаваць учора, што сёння здарыцца гэткае? Ці мог я за доўгія месяцы ў шпіталі прадбачыць, што мая адплата ворагу заслоніцца ад мяне новай вайсковай няўдачай і подласцю свайго ж чалавека? Як гэта ўсё складана і трудна. Я думаў: дабрацца б да немцаў! А ці толькі яны сталі віною нашай бяды! На колькі ж франтоў суджана змагацца мне — і з ворагамі ў акружэнні, са сволаччу побач, нарэшце, з самім сабой. Колькі ж гэта перамог трэба здабыць гэтымі вось рукамі, каб яны склаліся ў тую, што напішуць з вялікай літары? Як гэта мала — аднае рашучасці, добрых намераў і колькі яшчэ трэба сілы! Зямля мая родная, людзі мае, — дайце вы мне гэтую сілу! Мне яна так трэба!
Цямнее. Бой сунецца далей, за цёмныя хрыбціны пагоркаў. Па полі ідуць мінамётчыкі. Сагнуўшыся, з цяжкімі шпулькамі брыдуць сувязісты. Некуды імчаць ездавыя на перадках…
І раптам з прыцемкаў між варонак з'яўляецца Лёшка. Спорным таропкім крокам ён падыходзіць да агнявой — у яго ў здаровай руцэ два кацялкі, пад пахай другое, што бялее бінтам, бохан хлеба. Самаўпэўнена, з такім выглядам, быццам ён толькі дзесяць хвілін не быў тут, Лёшка вітаецца:
— Прывет! Ну як? Стрывалі! Героі! Законна!
Ён укленчвае, асцярожна ставіць між грудоў кацялкі, кладзе хлеб.
— Вайна вайною, а есці трэба. Праўда? Ось растараўся тут. А дзе ж хлопцы?
Я маўчу, адчуваючы, як усё перад вачмі закружылася, загойдалася і плыве ў шалёным тумане нянавісці. Пэўна, ён заўважае гэта і сур'ёзнее.
— А мяне, ведаеш, трохі цюкнула. Пакуль да санроты дабег, перавязаўся, ну і… забавіўся… Во, яшчэ Люська прапала. Была і прапала. Шукалі, шукалі… Дык дзе ж хлопцы: прастыне…
Туман у маім позірку расплываецца — варонкі, выбоіны, бруствер і Лёшка ва ўсёй катэгарычнай выразнасці паўстаюць перад вачмі.
— Ідзі сюды, гад!
Я ўстаю, паварочваюся на брустверы да агнявой, і Лёшка, адчуўшы кепскае, паслухмяна лезе наверх.
— Не там шукалі. Глядзі! — крычу я. — Глядзі, сволач!!!
На некалькі секунд ён нахмурваецца, аглядае нябожчыкаў, але зараз жа здаровай рукой пачынае атузваць кароценькую сваю гімнасцёрку.
— Ну і што? Што глядзі? — злосна агрызаецца ён. — Падумаеш! Вунь не такіх пабіла. Камбату галаву адарвала. Што, я вінават?
— А хто ж — твая работа! Гад ты! Судзіць цябе!
— Судзіць? — вызверваецца ён. — Пайшоў ты да д'ябла, малакасос! Завошта?!
— Ах, завошта? Ты не ведаеш завошта? Ты пагубіў іх. Ты злачынца! Фашыст! Мы чакалі цябе, чаму не прыйшоў? Найперш сябе ратаваў?
— Параніла, во! Глядзі! На, глядзі! Не верыш? Паказаць табе? — Ён тыцкае ў мой твар сваю перавязаную кісць і пачынае з яе зрываць бінты.
— А ў нас не параненыя? Папоў не паранены? Лук'янаў не паранены? Ногі ж у цябе цэлыя, гад ты паўзучы! Чаму камбату не далажыў? Навошта Люсі сказаў, што нам канец? Чаму?..
Кожная жылка ва мне струнка дрыжыць, я гатовы растаптаць яго, пакалечыць, змяшаць з зямлёй. Але ён не бянтэжыцца — ён абураецца, яго нахабны твар распаляецца нянавісцю да мяне. Раптам яго тон з'едліва мякчэе.