Выбрать главу

— Калі хочаш, ніякага дазволу не было. Вот! Камбат забіты. Ён не загадваў. Я нічога не ведаю. Ранены, вось!

— Што-о-о? — крычу я, трацячы над сабой уладу.

— А то! Камбат мне нічога не загадваў. От! Я Люсі не казаў. Што вы нарабілі тут — не мая бяда. Я ўбаку.

— Ах, ты ўбаку! Нягоднік! Сволач!

Не адчуваючы сябе, я падскокваю да яго, гатовы кінуцца ў бойку, як тады, уночы, на гэтым самым месцы.

— Так, убаку! — крычыць ён. — Ідзі дакажы! Няхай ажывяць Троцкага, Люсю, няхай запытаюць. І прэч ад мяне, смаркач!

Ён замахваецца на мяне сваёй натрэніраванай нагой футбаліста, але я, без памяці ад гневу, нават не адскокваю, — я ўскідваю ракетніцу і агнявым выбухам б'ю ў яго ненавісны твар.

На момант стрэл аглушае і слепіць. Рукі мае дрыжаць, як не дрыжалі за ўвесь сённяшні дзень. Страшэннае яркасці ззянне, усё разгараючыся ў доле, нестрываным святлом залівае агнявую, станіны, скасабочаны шчыт, колы, абгарэлага немца, кожны камячок у доле. У акопе, сховішчы, за гарматай трапечуцца-дрыжаць чорныя дзягцярныя цені.

На некалькі імгненняў на брустверы з незвычайнаю яркасцю ўспыхвае роўная і надзіва маленькая ў доле постаць Люсі. Коратка і горача бліснуўшы (як і ў жыцці), яна ўмомант азмрочваецца, і зараз жа ўсё паглынае цемра.

Вялізная, накопленая за гэты жахлівы дзень злосць, раптам выбухнуўшы, пакутна ападае ў маім сэрцы. Ураз знікае ўвага да гэтага злыдня і ўсяго на свеце, я шпурляю ракетніцу і, адышоўшыся на другі бок агнявой, кладуся ніцма на мулкія груды халоднага бруствера.

За пагоркамі паволі сціхае бой. Далёкае святло ракет слепаватым водсветам блукае па цьмяным шчыце гарматы. Вечная ў сваёй жыватворнай сіле, пахне пабітая выбухамі, здратаваная танкамі, пасечаная жалезам зямля. Росны травяны водар яе пачынае ўладарна заглушаць бензінавы чад гарэлых танкаў, парахавы смурод гільз. Угары, у святлявым веснавым небе, высыпаюць рэдзенькія зоркі — тыя самыя, пад якімі я марыў учора — і марыў зусім не пра гэткае. Зняможаны і спакутаваны, неяк душэўна здранцвелы, я доўга не магу паварушыць нічым і пластом ляжу на зямлі. Усё ва мне сцялася, асела — адно толькі пякельным болем гарыць-дагарае ў душы мая нешчаслівая любоў і мая святая нянавісць.

Я ляжу так, аж покуль з цемры не даносяцца знаёмыя галасы. Недзе мерна лязгае ворчык, коратка фыркае конь — гэта едзе разлік Скварышава. Відаць, хлопцы шукаюць нашу агнявую, спыняюцца, і неўзабаве наводчык Шчарбак, пэўна, згледзеўшы мяне на брустверы, гукае:

— Давай сюды! Тут яны.

Тады я падымаюся з долу. З'яўленне таварышаў прыўзнімае нада мной нестрываную глыбу самотнасці. Праўда, я адчуваю, што давядзецца мне ўсё растлумачыць і за штось адказаць. Але я не баюся. Што б са мной ні сталася яшчэ — горш і страшней, чым сёння, мне ўжо ніколі не будзе…

1961