У штабе яго бязлітасна вылаялі разведчыкі, штабныя камандзіры, палітработнікі і ўрэшце для канчатковай расправы прывялі да камандзіра дывізіі. Той, таксама не шкадуючы, збэсціў дурня салдата, які сапсаваў гэткую важную справу. Крывёнак не сказаў ніводнага слова ў сваё апраўданне, увесь час маўчаў, і палкоўніку напэўна здалося, што ён каецца. Таму, накрычаўшы, камандзір запытаў:
— Ну, ты зразумеў? Зробіш для сябе вывады?
Крывёнак, насупіўшы пакалечаны твар, маўчаў.
— Ты зразумеў, што нарабіў? Адказвай, я ў цябе пытаюся!
— Трапяцца — усё роўна пазабіваю, — зацята паабяцаў баец.
Гэты адказ і вырашыў яго лёс. Неўзабаве Крывёнак быў ужо ў штрафной роце, дзе яму, аднак, пашанцавала: ён выжыў тры доўгія месяцы і нават не быў паранены. Пасля на шматлікіх дарогах вайны ён адшукаў сваю часць і аднойчы, нікім не чаканы, з'явіўся ў батарэю. Як напамінак аб няўдалым мінулым, ён прывалок з сабою трафейны кулямёт — нейкую няўклюдную чорную тарахцёлку, і Жаўтых, разважыўшы, залічыў яго ў кулямётчыкі, вядома, па сумяшчальнасці з абавязкамі гарматнага нумара.
— Слухай, Крывёнак, — пытаюся я ў хлопца, — адкуль ты родам?
— А ніадкуль.
— Як гэта?
— А так. Радзіўся пад Смаленскам. Пасля, як маці памерла, дзе толькі не бадзяўся. Усе дзетдомы абышоў.
— Дрэнна ўсё ж так… без роднага кутка.
— На чорта мне куток. Табе многа карысці з яго?
— Многа, — кажу я, падумаўшы. — Ты не ведаеш гэтага.
— А мне пляваць. Гадаў біць усюды няблага, — буркае Крывёнак. Голас у яго раздражнены, абрывісты, без усякае адзнакі сцішанай чалавечай лагоднасці.
— Чаго гэта ты нервовы такі? — пытаюся я, стараючыся як-небудзь тонам ці словам не раззлаваць таварыша. Але Крывёнак лаецца.
— Ты б не быў нервовы. Распісалі б табе так морду — нябось занерваваў бы.
— Ну, твар — не рукі, не ногі. Людзі з усякімі тварамі жывуць.
— Жывуць! — Хлопец ёрзае на зямлі і адхінаецца ўбок на локаць. — Ведаю, як жывуць. Кожнаму, хто размаўляе, адвярнуцца хочацца.
— Гэта ты дарэмна. Дзяўчат жа ў нас няма. Чаго саромецца?
— Каб жа не было…
«Каб жа не было». Ага! Вядома, гэта ён мае на ўвазе Люсю. Гэта праўда, яна заўсёды мяняецца, суравее і змрачнее з твару, калі сустракаецца позіркам з Крывёнкам, хоць і паводзіць сябе з ім, як і з іншымі. Ды і Крывёнак, здаецца, стараецца быць далей ад яе, ніколі не загаворыць, не павітаецца… І тут раптам мяне азарае здагадка, ад якой ажно халаднее на сэрцы. Няўжо? Але пэўна ж так. І Крывёнак, нібы ў пацвярджэнне маёй думкі, кажа:
— Надвячоркам задрамаў — Люся прыснілася. І быццам да ранення гэта. Твар мой — як у людзей. Ажно прачынацца цяжка было…
Ну вось! Так яно і ёсць. І яму яна не дае спакою ў жыцці, і ён, напэўна, гэтак жа, як і я, пакутуе з-за яе. Дык вось чаму ён стаў нервовы, грубы да ўсіх, асабліва калі прыходзіць яна.
Стаіўшы дыханне, я чакаю, што яшчэ скажа ён, але Крывёнак маўчыць. І я таксама маўчу, бо што я магу сказаць яму? Сказаць, што і мне яна снілася двойчы, што і я вось цяпер ляжу і думаю, ці прыйдзе, — так хочацца бачыць яе, чуць яе голас, чым-небудзь дагадзіць ёй. Незвычайная, незразумелая і ніколі не адчуваная пяшчота да гэтай дзяўчыны перапаўняе маё нутро.
Эх, Люся, Люся! Калі я прыйшоў у полк, яна яшчэ была ў гэтай батарэі санітарным інструктарам. Нямала я бачыў дзяўчат-санінструктараў і ў іншых часцях, — яны неяк з гонарам ставіліся да нашага брата, болей гарнуліся да афіцэраў, але гэта і адштурхоўвала нас ад іх. Люся ж была надзіва таварыская, простая і ў той жа час вельмі прыгожая дзяўчына. Невялічкая, жвавая, з выгляду зусім яшчэ дзяўчо гадоў на шаснаццаць, яна не спакушалася афіцэрскім сяброўствам і паводзіла сябе так, нібы і не ведала, якая яна слаўная.
У нас яна мела такую да сябе прыхільнасць усіх — і байцоў, і камандзіраў, і маладых, і старых, — што ўсе мы ледзь не навыперадкі хацелі зрабіць ёй штосьці прыемнае, як-небудзь аблегчыць яе нялёгкае франтавое жыццё.
Праўда, яна не з тых, што ахвотна прымалі заляцанні і спагаду іншых, — яна сама рабіла нам нямала турбот сваімі клопатамі пра наша здароўе, быт, гігіену. Мусіць, таму, а мо з якой іншай прычыны, начальства і вырашыла, што лепей будзе, калі забраць яе ў палкавую санчасць.