Выбрать главу

— А што ж гэта мой рыцар надзьмуўся сёння? Ці, можа, пісьма не дачакаецца? Са шпіталю? — смяецца Люся. Хлопец ёрзае на брустверы і груба кідае:

— А табе якая справа?

— Ну не сярдуй, Паўлік, я ж пажартавала. Ты харошы! — сур'ёзнее Люся.

Крывёнак нешта чмыхае і, пэўна, каб як пераадолець сваю няёмкасць ад дзявочай увагі, пачынае закурваць. Курыць у такі час і гэтак адкрыта нельга, але хлопец, мусіць, забываецца пра гэта і яркім агеньчыкам раздзімае сваю цыгарку.

— А ну асцярожней там! — строга гукае да яго Жаўтых. — Што раскачагарыў!

— Будзем есці, — кажу я Крывёнку. Той не адказвае, маўчыць, і я не настойваю, бо разумею, што робіцца ў яго душы. Але і мне не лягчэй.

«Ось табе і радасць! — думаю я. — Ось і дачакаўся і цяпер вось трывай».

З новым пачуццём болю і прыкрасці я пазіраю на цьмяную постаць Люсі, ледзь не з нянавісцю — на Задарожнага і не магу даўмецца, як гэта яна не бачыць яго прысалоджанай нагласці, не заўважае яго грубаватага жарту, адносіцца да яго так, быццам ён тут найлепшы сярод нас, і мне нават здаецца, што ёй добра так сядзець з ім і есці суп.

— Ну вось так! Павячэралі — дай бог паснедаць, — кажа Жаўтых, выціраючы вусы, і бярэцца за другі кацялок. — Будзем піць чаёк і закурым…

Але папіць чаю яму не ўдаецца. Не спраўляецца ён падняць кацялок, як угары нечакана і таму незразумела спачатку, візгліва ўзвывае:

— Пі-у-у… Пі-у-у… Пі-у-у-у-у-у!!!

— Тр-рах! Тр-рах! Тр-рах! — ірве ў цемры навокал нас. Гарачыя хвалі ўдараюць у спіны, у твары, абдаюць дробнай зямлёй. Блізкае полымя на момант вырывае з цемры спалоханыя, знямелыя постаці, асляпляе. І зноў угары вые: «Пі-у-у… Пі-у-у!!! Тр-ра-ах!»

— Лажысь! — пагрозліва крычыць Жаўтых. — У акоп!!!

Прыгнуўшыся, хлопцы ўскокваюць, я перавальваюся цераз бруствер і падаю з усімі ў чорную цемру акопа. Нехта навальваецца на мяне, балюча выцяўшы абцасам у спіну. Зямля пад намі рвецца, уздрыгвае раз, другі, трэці: па галавах, скурчаных спінах лапочуць груды, і нечакана зноў усё сціхае.

— Сабакі! — кажа ў напружанай цішы Жаўтых. Штурхаючыся ў цемры, ён пачынае ўставаць. — Засеклі ці наўгад?..

За камандзірам варушацца іншыя, здаецца, усе цэлыя.

— А божачка! І напалохалася ж, — раптам зусім блізка ля мяне адзываецца Люся, і я ўздрыгваю — яе цёплае пругкае і трошкі дрыготкае цела толькі што прыціскалася да маёй спіны. З незразумелай няёмкасцю я паварочваюся, абсыпаю спінай зямлю ў акопе і даю дзяўчыне месца.

Мы ўсе ўстаём у акопе і ўслед за Жаўтыхом пачынаем вылазіць на паверхню, а ля палаткі, быццам нічога і не здарылася, сядзіць Лёшка і даядае суп з кацялка.

— Ну і хуткія ж на пад'ем! — напаўжартоўна і здзекліва кажа ён. — Трах-бах, і ўжо ў траншэі. Ваякі!

Яму ніхто не адказвае, Жаўтых стаіць, услухоўваючыся ў трывожную ціш. Наперадзе, над пагоркамі, узлятае ў неба першая сёння ракета; губляючы агняныя кроплі, яна разгараецца, міргае па кукурузных кучах далёкім мільготкім агнём і гасне.

— А ты не дужа таго! — кажа Жаўтых. — Глядзі, каб калі бокам не вылезла. Дажартуешся.

— Хе! Ерунда! Дзвюм смярцям не бываць — адной не мінаваць. Што мне, падумаеш!..

Хлопцы зноў прысядаюць каля палаткі, недаверліва азіраючыся на чорныя пагоркі, а Люся, пэўна, яшчэ не перажыўшы свайго страху, стаіць на выхадзе з акопа.

— Ой, няўжо вы не баіцеся? — роўным голасам пытаецца яна ў Задарожнага.

— А чаго? І не падумаў.

— Смелы! Зайздрошчу смелым, — кажа яна і ўздыхае. — А я ўсё не прывыкну. Колькі нацярпелася, і ўсё боязна. Трусіха такая…

І тады я бачу Крывёнка. Нікім не заўважаны, ён зацята і маўкліва сядзіць на ранейшым месцы ля бруствера. Трошкі апанураны ад свае нястрыманасці перад дзяўчынай, я бяру з палаткі акраец. Крупніку ўжо няма: перакулены наш кацялок валяецца на зямлі.

Задарожны тым часам са смакам даядае, устае на ўвесь свой немалы рост, пацягваецца, адчуваючы застаялую сілу ў маладым дужым целе, і зноў гаворыць да Люсі:

— Смялей, дзяўчынка! З намі не прападзеш! Хадзем, правяду цябе да другога разліку.

— Не, дзякуй — я сама, — адказвае Люся і выходзіць з агнявой. — Дзе гэта мая сумка? Не памятаю, дзе і кінула.

— Ось тут. У мяне, — нейкім прыдушаным голасам упершыню адзываецца Крывёнак. Лёшка выхоплівае ў яго сумку і аддае Люсі. Яна надзявае яе цераз плячо і абыходзіць агнявую, каб выйсці на сцяжынку ў другі батальён. Поруч ідзе Задарожны.

— Дзякуй за вячэру, хлопчыкі. Да пабачэння.

— Аўфідэрзэй! — па-блазнерску кідае нам Задарожны.

— Прыходзь калі, — кажа Жаўтых Люсі. — Не забывай нас.

— Дзівакі! Як жа вас забыць? Вы ж мае родненькія, — даносіцца зводдаль ласкавы голас, і ў мяне сціскаецца сэрца. Крывёнак пераварочваецца на жывот, і з грудзей яго вырываецца цяжкі, як стогн, уздых.