Выбрать главу

Уільям Шэкспір

Тры камедыі

Мн.: Маст. літ., 1989. 335 с.: іл. Пер. з англ. Алеся Разанава і Язэпа Семяжона.

Ілюстрацыі Георгія Паплаўскага.

Тыраж 4300 экз.

Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце

Пераклад Язэпа Семяжона

Дзейныя асобы:

АРСІНА, герцаг Ілірыйскі

СЕБАСЦЬЯН, брат Віёлы

АНТОНІА, марскі афіцэр, сябра Себасцьяна

КАПІТАН КАРАБЛЯ, сябра Віёлы

ВАЛЯНЦІН, КУРЫЁ } дваране са світы герцага

СЭР ТОБІ БЭЛЧ, дзядзька Алівіі

СЭР ЭНДРУ ЭГ’ЮЧЫК

МАЛЬВОЛЬЁ, дварэцкі Алівіі

ФАБІЯН, ФЭСТА } слугі Алівіі

БЛАЗЕН

АЛІВІЯ

ВІЁЛА

МАРЫЯ, камерыстка Алівіі

Вяльможы, свяшчэннікі, маракі, ураднікі, музыканты і іншыя прыдворныя.

Месца дзеяння: горад у Ілірыі і марскі бераг непадалёку.

АКТ I

СЦЭНА I

Пакой у палацы герцага. Уваходзяць ГЕРЦАГ, КУРЫЁ і іншыя ВЯЛЬМОЖЫ, за імі — музыканты.

ГЕРЦАГ

Хвіліначку, шаноўныя! Каханне, Гавораць, кормяць музыкай; папросім Расшчодрыцца звыш меры музыкантаў, Каб нашае жаданне ў здавальненні Спачыла. Вы яшчэ раз той матыў, Што, плаўна заміраючы, пяшчотна Ўлагоджваў слых, як слодыч мёду — вусны. Мы гэтак удыхаем пах фіялак, Калі яго пад шчодрым сонцам мая То дорыць нам, то крадзе подых ветру. Даволі! Штось не тое,— мне здаецца, Раней было ў ім значна больш пяшчоты. О, дух кахання, свежы, лёгкакрылы, Як матылёк! Хоць у табе адным Усё змясцілася, як скарбы ў моры, Нішто ў твае патайныя глыбіні Не ўнікне,— нават і высакароднасць — Без рызыкі згубіць цану адразу ж! Фантазія — такі клубок жаданняў, Што без фантазіі канца не знойдзеш.

КУРЫЁ

Вы паляваць збіраліся, мой герцаг?

ГЕРЦАГ

На што?

КУРЫЁ

На лань.

ГЕРЦАГ

                           Я на яе палюю Даўно, а ўзяць на мушку не ўдаецца. Калі я ўпершыню сустрэў Алівію,— Здалося, быццам свет мне праясніўся, I разам з тым няшчасны паляўнічы Ўвасобіўся ў аленя, за якім, Як ганчакі, бягуць услед жаданні.

Уваходзіць ВАЛЯНЦІН.

Ну, што яна сказала?

ВАЛЯНЦІН

                          Ваша светласць, Мяне сустрэцца з ёй не дапусцілі, Праз камерыстку ж быў такі адказ: Яшчэ не менш сямі спякотных лет Не ўбачаць твар яе з-пад пакрывала. Няўцешная, у чорным, як манашка, Яна дала зарок насіць жалобу I кожны дзень слязьмі па многу раз Крапіць сваю пустэльніцкую келлю. Адна прычына гэтых слёз, здаецца: Каб не завяла і заўсёды свежай Была яе сястрынская любоў Да брата, што даўно ўжо на тым свеце.

ГЕРЦАГ

О, шчодралюбная! Калі ў яе Такое сэрца, што даўгі любові Не закаханаму, а нават брату Адплачвае гадамі, дык з якою ж Адданай шчодрасцю яно палюбіць, Калі ў яго пацэліць залатая Страла і не адно, а ўсю чародку Пачуццяў кволых, што жывуць у ім, Глыбока раніць! Што ж тады, калі Мозг, сэрца, печань — гэтыя прастолы Вярхоўных органаў у чалавеку,— Адзіны зойме самаўладца — муж? Пайшлі; вы ўперад, у цянёк платана, Дзе так прыемна марыць аб каханай.

Выходзяць.

СЦЭНА II

Марскі бераг.

Уваходзяць ВІЁЛА, КАПІТАН і МАРАКІ.

ВІЁЛА

Што тут за край, сіньёры?

КАПІТАН

                         Тут наўкол— Ілірыя, сіньёра.

ВІЁЛА

                         Што я буду Рабіць у Ілірыйскім тут краі, Калі мой брат, магчыма, ўжо ў раі — Ў Элізіі? Хто ведае, мо ён Уратаваўся выпадкам. А як На вашу думку, капітан?