Выбрать главу

Яна падышла да дзвярэй. Калi адчыняла, я пацалаваў шкло насупроць яе галавы. Яна хацела нешта сказаць, але я не даў ёй. Я пацалаваў яе, i мы пайшлi па вулiцы, пакуль не злавiлi таксi. Грымеў гром, i блiскала маланка.

- Хутка, зараз пойдзе дождж, - крыкнуў я.

Селi ў машыну. Першыя кроплi забарабанiлi па даху легкавiка. Машына скакала на выбоiнах. I гэта было цудоўна, бо пры кожным скачку я адчуваў Пат. Усё было цудоўна - дождж, горад, выпiўка, усё было велiчна i захапляльна. У мяне быў бадзёры светлы настрой, якi бывае, калi працверазееш пасля выпiўкi. Затарможанасць знiкла, ноч была напоўнена энергiяй i бляскам, нiчога дрэннага не магло ўжо здарыцца, усё было правiльна.

Дождж пачаўся, калi мы выйшлi. Пакуль я плацiў, асфальт быў яшчэ ў цёмных плямах ад кропляў, як пантэра, але не паспелi мы дабегчы да дзвярэй, як ён стаў увесь чорны i срабрыста-блiскучы. Пачалася залева. Я не ўключаў святла. Маланкi асвятлялi пакой. Над горадам грымела навальнiца. Грамы накочвалiся адзiн на адзiн.

- Цяпер можна крычаць, - гучна сказаў я Пат, - не баючыся, што нас пачуюць.

Акно ўспыхнула. На секунду чорныя сiлуэты дрэў на могiлках абазначылiся на бела-блакiтным небе i адразу ж з ляскатам знiклi ў змроку ночы, толькi на секунду ў разрыве змроку перад шыбай мiльгнула гнуткая фiгура Пат, якая засвяцiлася фосфарам... Я абняў яе за плечы, яна прытулiлася да мяне, я адчуў яе вусны, яе дыханне i больш нi пра што не думаў...

XII

Наша майстэрня ўсё яшчэ стаяла пустая, як ток перад жнiвом. З гэтай прычыны мы вырашылi не перапрадаваць таксi, а пакуль што выкарыстоўваць яго па прызначэннi. Ездзiць будзем па чарзе я i Ленц. Кёстэр з Юпам спакойна справяцца ў майстэрнi адны, пакуль няма заказаў.

Мы з Ленцам кiнулi жэрабя, каму першаму ехаць. Выпала мне, я набраў кiшэню дробязi i паволi паехаў па вулiцах, каб спачатку выбраць добрую стаянку. Упершыню было неяк нязвыкла. Любы дурань мог спынiць мяне i загадаць, куды ехаць. Гэта было не вельмi прыемнае пачуццё.

Я адшукаў месца, дзе можна спынiцца, - там стаяла толькi пяць машын. Стаянка была насупраць гатэля "Вальдэкер Хоф" у гандлёвай частцы горада. Можна было спадзявацца, што праца будзе. Я выключыў запальванне i выйшаў з машыны. Ад адной з першых машын да мяне падышоў высокi хлопец у скураным палiто.

- Зматвайся адсюль, - прашыпеў ён.

Я спакойна паглядзеў на яго i разважыў сабе, што, калi на тое пойдзе, лепш за ўсё пакласцi яго аперкотам знiзу. Палiто не дасць яму хутка падняць рукi.

- Не дайшло? - пацiкавiўся тып у скуранцы i выплюнуў цыгарэту мне пад ногi. - Матай хутчэй! Хапае без цябе! Больш не трэба!

Ён злаваўся на з'яўленне яшчэ аднаго канкурэнта, гэта было ясна. Але ж я меў права стаць тут.

- Я стаўлю потым, за знаёмства, з прычэпам, - сказаў я.

На гэтым справа павiнна была ўладзiцца. З новенькага належала. Падышоў малады шафёр.

- Добра, калега. Адчапiся ад яго, Густаў...

Але Густаву я нечым не спадабаўся. Я ведаў чым. Ён адчуваў, што я навiчок.

- Лiчу да трох... - заявiў ён. Ён быў на галаву вышэйшы за мяне i на гэта разлiчваў. Я зразумеў, што словам тут не дапаможаш. Трэба было цi пакiнуць стаянку, цi ўдарыць. Выбару не было.

- Раз... - сказаў Густаў i расшпiлiў палiто.

- Кiньце глупства, - сказаў я, робячы яшчэ адну спробу. - Лепш прапусцiм па чарцы.

- Два... - гыркнуў Густаў.

Вiдаць было, што ён вырашыў аддубасiць мяне як след.

- I апошнi раз... - Ён ссунуў шапку на патылiцу.

- Заткнiся, iдыёт! - раптам рэзка крыкнуў я.

Густаў ад нечаканасцi разявiў рот i зрабiў крок наперад. Якраз так, як я хацеў. Тады я i ўдарыў. Удар атрымаўся моцны, з усёй сiлы. Так бiць навучыў мяне Кёстэр. Я не вельмi ўмеў бiцца - не лiчыў патрэбным. Найчасцей усё вырашалася першым ударам. У мяне ён атрымаўся. Густаў асунуўся.

- Так яму i трэба, - сказаў малады шафёр. - Стары бандыт.

Мы зацягнулi яго на сядзенне ў машыну.

- Ачухаецца.

Я крыху ўстрывожыўся. Б'ючы, я незнарок выбiў вялiкi палец. Калi Густаў прыйдзе да памяцi, ён зробiць са мной, што захоча. Я расказаў пра гэта маладому шафёру i спытаў яго, цi не лепш мне даць драла.

- Глупства, - сказаў ён. - Справа зроблена. Пайшлi ў шынок - стаў, што абяцаў. Ты не прафесiйны шафёр?

- Не.

- I я - не. Я - акцёр.

- Ну i як?

- Жывём... - сказаў ён. - Тэатра i тут хапае.

Нас сабралася пяцёра - два пажылыя i два маладыя. Праз нейкi час у рэстаране з'явiўся i Густаў. Ён тупа ўтаропiўся на наш стол, а потым падышоў. Я зацiснуў у левай руцэ звязку ключоў, трымаючы яе ў кiшэнi, i намерыўся абараняцца да апошняга.

Але да бойкi не дайшло. Густаў нагой падсунуў крэсла i плюхнуўся на яго. Гаспадар паставiў перад iм чарку. Налiлi. Густаў вылiў гарэлку ў сябе. Налiлi яшчэ раз. Густаў скоса зiрнуў на мяне. Ён падняў чарку.

- Будзь здароў, - сказаў ён мне, але твар у яго быў кiслы.

- На здароўе, - адказаў я i выпiў.

Густаў дастаў пачак цыгарэт. Ён працягнуў яго, не гледзячы на мяне. Я ўзяў цыгарэту i даў яму прыпалiць. Потым я заказаў на ўсiх па падвойнай порцыi гарэлкi. Мы выпiлi. Густаў зноў збоку глянуў на мяне.

- Дурнiла, - сказаў ён, але ўжо нармальным тонам.

- Неданосак, -адказаў я гэтаксама.

Ён павярнуўся да мяне.

- Удар быў удалы...

- Выпадкова... - Я паказаў яму вывiхнуты палец.

- Не пашанцавала, - хмыкнуў ён. - Мiж iншым, мяне завуць Густаў.

- Мяне - Роберт.

- Добра. Значыць, парадак, Роберт? Мне здалося, што ты - хлопчык ад мамiнай спаднiцы.

- Парадак, Густаў.

З гэтага часу мы пасябравалi.

Наша чарга павольна рухалася. Акцёру, якога звалi Томi, жудасна пашанцавала: натрапiўся пасажыр да вакзала. Густаў за трыццаць пфенiгаў павёз некага да рэстарана. Ён як не лопнуў ад злосцi - за дзесяць пфенiгаў "навару" зноў станавiцца ў хвост. Мне трапiлася нешта незвычайнае - старая ангелька, якая захацела агледзець горад. Я вазiў яе ледзь не гадзiну. Па дарозе назад я падвёз яшчэ некалькi чалавек. Калi мы ў полудзень сядзелi ў шынку, перакусваючы бутэрбродамi, я ўжо ўяўляў сябе вопытным шафёрам. Кампанiя напамiнала мне пра салдацкае брацтва. Тут сабралiся прадстаўнiкi самых розных прафесiй. Шафёраў было не больш паловы. Астатнiя выпадкова селi за руль.

Даволi замораны, я пад вечар вяртаўся ў двор нашай майстэрнi. Ленц i Кёстэр ужо чакалi мяне.

- Браткi, колькi вы зарабiлi? - спытаў я.

- Семдзесят лiтраў бензiну, - адрапартаваў Юп.

- I ўсё?

Ленц раз'юшана глянуў на неба.

- Дожджык патрэбны! А потым невялiчкая аварыя на слiзкiм асфальце перад самым домам! Без ахвяр. Толькi каб быў рамонт!

- Гляньце! - я растулiў далоню i паказаў трыццаць пяць марак.

- Шыкоўна! - сказаў Кёстэр. - Дваццаць марак прыбытку. Сёння мы iм знойдзем месца! Трэба ж замачыць першы выезд!

- Сёння п'ем лёгкае вiно, - заявiў Ленц.

- Вiно? - здзiвiўся я. - З якой нагоды?

- З намi будзе Пат.

- Пат?

- Не разявай так шырока рот, - сказаў апошнi рамантык. - Мы даўно пра ўсё дамовiлiся. У сем мы заедзем па яе. Яна ўжо ведае. Калi сам не думаеш, трэба нам паклапацiцца. Урэшце, ты пазнаёмiўся з ёю праз нас.

- Ота, - сказаў я, - ты бачыў большага нахабнiка, чым гэты навабранец?

Кёстэр засмяяўся.

- Што ў цябе з рукой, Робi? Ты яе трымаеш неяк бокам.

- Вiдаць, вывiхнуў.

Я расказаў пра Густава.

Ленц паглядзеў руку.

- Вядома! Як хрысцiянiн i адстаўны студэнт медыцыны я папраўлю яе, хоць ты i хам. Пайшлi, чэмпiён-баксёр.

Мы пайшлi ў майстэрню, i Готфрыд, змазаўшы руку вазелiнам, узяўся за яе.

- Ты сказаў Пат, што мы будзем адзначаць наш таксiсцкi аднадзённы юбiлей? - спытаў я.

Ён свiснуў праз зубы.

- Ты саромеешся гэтага, хлапец?

- Заткнiся, - адказаў я, бо ён адгадаў. - Ты сказаў?

- Каханне, - растлумачыў Готфрыд спакойна, - пачуццё цудоўнае. Але яно псуе характар.

- Затое адзiнота робiць нетактоўным, ты - змрочны салiст.

- Такт -гэта маўклiвая згода не заўважаць сумесных памылак, замест таго каб выяўляць iх. Гэта вартыя жалю кампрамiсы. На гэта нямецкi ветэран не пойдзе, дзiця.