Выбрать главу

- Вось я i застануся да вечара.

- А дома?

- Што ж, патэлефануем, што я дзе-небудзь заначавала.

- Так i зробiм. Есцi хочаш?

- Пакуль што не.

- На ўсякi выпадак я сцiбру некалькi свежых булачак. Падносчык падвесiў кошык каля дзвярэй. Пайду, пакуль не позна.

Калi я вярнуўся, Пат стаяла каля акна. Яна была абута ў серабрыстыя туфелькi. Мяккае ранiшняе святло, як фата, накрывала ёй плечы.

- Забудзем, што было ўчора, добра, Пат?

Яна згодна кiўнула, не паварочваючы галавы.

- Мы проста больш не пойдзем у кампанiю. Сапраўднае каханне не трывае сведак. Тады ў нас не будзе сварак i прыпадкаў рэўнасцi. Няхай iх лiха забярэ - Броера i ўсiх астатнiх разам з iм. Праўда?

- Праўда, - сказала яна. - I тую Маркавiц таксама.

- Маркавiц? Пра каго ты гаворыш?

- А пра тую, з якой ты сядзеў у "Каскадзе" ў бары.

- А-а, - сказаў я, раптам чамусьцi ўзрадаваны, - ты пра гэну...

Я пакорпаўся ў кiшэнях.

- Зiрнi на гэта. Хоць якая ды карысць ёсць ад учарашняга. Я выйграў у покер кучу грошай. Можна вечарам пайсцi куды-небудзь, га? Толькi без кампанii. Мы пра iх забылiся, праўда?

Яна кiўнула.

Сонца выходзiла з-за даху Дома прафсаюзаў. Шыбы загарэлiся. Валасы Пат напоўнiлiся святлом, сонца пазалацiла ёй плечы.

- Я забыўся, чым займаецца гэты Броер? Хто ён па прафесii?

- Архiтэктар.

- Архiтэктар, - сказаў я, крыху збянтэжаны. Куды прыемней было б пачуць, што ён нiхто... - Архiтэктар - невялiкая шышка, праўда, Пат?

- Праўда, дарагi.

- Нiчога асаблiвага, праўда?

- Абсалютна нiчога, - пераканана сказала яна, павярнулася да мяне i засмяялася. - Архiтэктар - гэта нiшто, нуль. Дрэнь!

- А гэта каморка... яна не вельмi ўбогая, га, Пат? У iншых, вядома, лепшыя...

- Яна шыкоўная, гэтая каморка, - перабiла мяне Пат. - Гэта цудоўная каморка, дальбог, я не бачыла лепшай, дарагi!

- А я, Пат, у мяне ёсць недахопы, я ўсяго толькi таксiст, але...

- Ты - мой каханы, аматар булачак i рому, ты мой дарагi.

Яна абхапiла мяне за шыю.

- Ах, дурненькi! Як цудоўна жыць на свеце!

- Толькi з табой, Пат! Шчыра!

Быў цудоўны праменны ранак. Унiзе над магiльнымi плiтамi плаваў празрысты туман. Кароны дрэваў ужо былi цалкам асветлены. Над комiнамi дамоў вiўся дым. Чулiся воклiчы першых разносчыкаў газет. Мы прылеглi падрамаць, гэта быў не сон i не ява, становiшча на мяжы летуцення. Мы абнялiся i плылi, дыханне наша злiлося ў адно. Потым, у дзевяць гадзiн я спачатку патэлефанаваў ад iмя тайнага саветнiка Буркгарда падпалкоўнiку Эгберту фон Хакэ асабiста, а потым Ленцу, каб ён выехаў ранiцай замест мяне.

- Ён адразу перабiў мяне:

- Не трэба, дзiцятка, твой Готфрыд недарма знаўца варыяцый людскога сэрца. Я сам здагадаўся. Поспехаў, золатка.

- Заткнiся! - радасна сказаў я i аб'явiў на кухнi, што я хворы i да полудня буду ў пасцелi. Тройчы мне давялося адбiваць клапатлiвыя атакi фраў Залеўскi, якая прапанавала рамонкавы настой, аспiрын i кампрэсы. Потым мне ўдалося кантрабандай правесцi Пат у ванну. Нарэшце нам быў дараваны спакой.

XIV

Праз тыдзень у нашым двары нечакана з'явiўся булачнiк на сваiм "фордзе".

- Выйдзi, Робi, - сказаў Ленц, з'едлiва гледзячы ў акно, - кухонны Казанова, вiдаць, з'явiўся з рэкламацыяй.

Булачнiк выглядаў крыху зморана.

- Нешта не ў парадку з машынай? - спытаў я.

Ён пахiтаў галавой.

- Наадварот. Бегае выдатна. Амаль як новая.

- Дык яна новая i ёсць, - пацвердзiў я i з цiкаўнасцю паглядзеў на яго.

- Справа ў тым... - сказаў ён. - Як вам сказаць... Я хачу купiць iншую машыну... большую. - Ён азiрнуўся па баках. - У вас, здаецца, быў "кадзiлак".

Я адразу ўцямiў, у чым справа. Чарнявая, з якой ён жыў, даканала яго.

- Так, быў "кадзiлак", - летуценна сказаў я, - трэба было хутчэй браць яго тады! Цацачка! Сплыў за сем тысяч марак. Як задарма!

- Гм, задарма...

- Задарма! - паўтарыў я настойлiва, а сам думаў, што можна зрабiць.

- Я даведаюся, - сказаў я. - Магчыма, чалавеку, якi купiў яго, спатрэбiлiся грошы. Сёння такое - звычайная справа! Пачакайце хвiлiнку. - Я пайшоў у майстэрню i хутка расказаў пра ўсё. Готфрыд аж падскочыў.

- Хлопцы, дзе ж нам тэрмiнова дастаць стары "кадзiлак"?

- Пакiнь гэта мне, - сказаў я. - Лепш прыгледзь, каб тым часам булачнiк не ўцёк.

- Згода! - Готфрыд знiк.

Я патэлефанаваў Блюменталю. Я не вельмi спадзяваўся, але ж за спрос не б'юць у нос. Ён быў у канторы.

- Цi не хочаце вы прадаць "кадзiлак"? - спытаў я без хiтрыкаў.

Блюменталь засмяяўся.

- У мяне ёсць чалавек, - працягваў я, - плацiць наяўнымi з рук у рукi.

- Наяўнымi... - паўтарыў Блюменталь, хвiлiнку падумаўшы, - сёння гэта слова гучыць як высокая паэзiя.

- I я так думаю, - сказаў я i раптам павесялеў. - Дык як, абмяркуем гэтую справу?

- Абмеркаваць заўсёды можна, - адказаў Блюменталь.

- Цудоўна. Калi я магу бачыць вас?

- Сёння аполуднi ў мяне будзе час. Скажам, у дзве гадзiны тут, у канторы.

- Добра.

Я павесiў слухаўку.

- Ота, - усхвалявана звярнуўся я да Кёстэра, - нiколi не падумаў бы, але, здаецца, "кадзiлак" вяртаецца да нас.

Кёстэр адарваўся ад папер.

- Праўда? Ён згодны прадаць?

Я кiўнуў i глянуў праз акно туды, дзе Ленц нешта энергiчна даводзiў булачнiку.

- Ён сапсуе справу, - сказаў я заклапочана. - Ён замнога гаворыць. Булачнiк вельмi недаверлiвы. Яго трэба пераконваць маўчаннем. Я пайду змяню Готфрыда.

Кёстэр засмяяўся.

- З богам, Робi.

Я падмiргнуў яму i выйшаў. Але я не паверыў сваiм вушам: Готфрыд i не думаў загадзя ўслаўляць "кадзiлак" - ён з вялiкай стараннасцю тлумачыў булачнiку, як iндзейцы ў Паўднёвай Амерыцы пякуць кукурузны хлеб. Я пахвальна зiрнуў на яго i звярнуўся да булачнiка:

- На жаль, той чалавек не хоча прадаваць.

- Я так i думаў, - падхапiў Ленц, быццам мы згаварылiся.

Я пацiснуў плячыма.

- Шкада... але i яго можна зразумець...

Булачнiк стаяў у нерашучасцi. Я зiрнуў на Ленца.

- Можа, ты зробiш яшчэ адну спробу? - адразу спытаў ён.

- Абавязкова! - адказаў я. - Мне ўдалося дамовiцца з iм на сустрэчу днём. Як з вамi потым звязацца? - спытаў я булачнiка.

- У чатыры я тут буду недалёка. Тады заскочу...

- Добра... тады я ўжо буду ведаць дакладна. Спадзяюся, што нам пашанцуе.

Булачнiк кiўнуў. Потым ён сеў у "форд" i даў газу.

- Ты зусiм з глузду з'ехаў, - узарваўся Ленц, калi той выехаў. - Спачатку я з усiх сiл утрымлiваю хлапца, а ты яго адпускаеш як нiчога нiякага...

- Логiка i псiхалогiя, мой мiлы Готфрыд! - адказаў я i паляпаў яго па плячы. - Ты ў гэтым яшчэ не разбiраешся так...

Ён адкiнуў маю руку.

- Псiхалогiя... - прамовiў ён з пагардай. - Найлепшая псiхалогiя - удалы выпадак! А ён быў! Тып цяпер павек не вернецца!

- У чатыры ён будзе тут.

Готфрыд зiрнуў на мяне з жалем.

- На заклад? - прапанаваў ён.

- З радасцю, - згадзiўся я. - Але ты прайграеш. Я гэтага чалавека ведаю лепей, чым ты. Ён з першага разу не клюе. Акрамя таго, я ж не магу прадаць яму тое, чаго ў нас самiх яшчэ няма...

- Ах ты, божа мой, калi толькi ў гэтым справа, - сказаў Готфрыд, трасучы галавою, - тады з цябе не будзе толку, дзiця! Толькi так справы i робяцца! Хадзем, я прачытаю табе кароткi курс па сучаснай камерцыi...

Удзень я пайшоў да Блюменталя. Па дарозе я адчуваў сябе маладзенькiм козлiкам, якi iдзе да старога ваўка. Сонца распалiла асфальт, i з кожным крокам мне ўсё менш хацелася, каб Блюменталь смажыў мяне, як шашлык. Трэба было правесцi аперацыю хутка.

- Пан Блюменталь, - паспешлiва сказаў я, як толькi ўвайшоў у кабiнет, перахоплiваючы ў яго iнiцыятыву, - такая прапанова... барыш сам у руку лезе. Вы заплацiлi за "кадзiлак" 5 500 марак - я забiраю яго за шэсць, каб зноў збыць... Гэта павiнна вырашыцца да вечара...

Блюменталь сядзеў за пiсьмовым сталом, як на троне, i еў яблык. Ён перастаў есцi i кiнуў на мяне беглы позiрк.