Выбрать главу

- На здароўе, Фердынанд. Пакуль мы жывыя.

- Што ж, - сказаў ён. - Часам мы цудам выжывалi... Дык вып'ем па адной i за гэта.

- Давай.

Мы вярнулiся ў майстэрню. Сцямнела. Булачнiк усё яшчэ стаяў, уцягнуўшы плечы, перад партрэтам. У вялiкiм пустым памяшканнi ён меў выгляд пакiнутага бедалагi, i мне здалося, што ён зрабiўся нават нiжэйшы ростам.

- Упакаваць партрэт? - спытаў Фердынанд.

Той уздрыгнуў, як спужаўся.

- Не...

- Тады я прышлю яго вам заўтра.

- Нельга яго пакуль што пакiнуць тут? - у нерашучасцi спытаў булачнiк.

- Але чаму? - здзiвiўся Фердынанд i падышоў блiжэй. - Вам не падабаецца?

- Падабаецца... але я хацеў бы пакуль што пакiнуць яго тут.

- Не разумею...

Булачнiк павярнуўся да мяне, нiбы просячы дапамогi. Я зразумеў: ён баяўся чарнявай лярвы вешаць партрэт дома. А магчыма, ён баяўся i нябожчыцы.

- Слухай, Фердынанд, - сказаў я, - няхай партрэт спакойна павiсiць тут. Чалавек жа плацiць.

- Няхай сабе...

Булачнiк з палёгкай дастаў з кiшэнi чэкавую кнiжку. Яны пайшлi да стала.

- Чатырыста марак? - спытаў булачнiк.

- Чатырыста дваццаць, - сказаў Фердынанд. - Гэта са скiдкай. Выпiсаць квiток?

- Так, - адказаў булачнiк. - Дзеля парадку.

Абодва моўчкi пачалi выпiсваць - адзiн чэк, другi - квiток. Я застаўся стаяць каля акна, разглядаючы пакой. У вечаровым паўзмроку з усiх сцен пазiралi твары незапатрабаваных i неаплачаных партрэтаў у залатых рамах. Яны здавалiся зборам прывiдаў з таго свету. Стваралася ўражанне, што ўсе iх мёртвыя позiркi былi скiраваны на карцiну каля акна, якая зараз павiнна далучыцца да iх, а пакуль што змярканне наводзiла на яе апошнi бляск жыцця. Гэта было незвычайнае вiдовiшча: дзве фiгуры, якiя схiлiлiся над сталом, пiшучы, ценi i мноства маўклiвых партрэтаў.

Булачнiк вярнуўся да акна. Яго вочы з чырвонымi пражылкамi здавалiся шклянымi шарамi, рот быў паўадкрыты, нiжняя губа адвiсла, так што былi бачны няроўныя зубы - яго пастава была камiчная i вартая жалю. На верхнiм паверсе нехта пачаў iграць на пiянiна, хтось выконваў практыкаванне, паўтараючы адно i тое. Гук быў высокi, пакутлiвы. Фердынанд Граў усё яшчэ стаяў каля стала. Ён запалiў цыгару. Агеньчык ад запалкi асвятлiў яго твар. Змрочнае памяшканне здалося надзвычай вялiкiм i, асветленае маленькiм ружовым святлом, вельмi сiнiм.

- Цi можна сёе-тое змянiць у партрэце? - спытаў булачнiк.

- Што менавiта?

Фердынанд падышоў блiжэй. Булачнiк паказаў на ўпрыгожанне:

- Цi можна ўбраць гэта?

Ён меў на ўвазе вялiзную залатую брошку, якую заказчык абавязкова патрабаваў намаляваць.

- Вядома, - сказаў Фердынанд, - яна нават не пасуе да твару. Без яе партрэт толькi выйграе.

- I я так думаю. - Ён хвiлiнку памуляўся. - Колькi гэта будзе каштаваць?

Мы з Фердынандам пераглянулiся.

- Нiчога не будзе каштаваць, - зычлiва сказаў Фердынанд. - Наадварот, вам трэба было б яшчэ вярнуць нейкую суму. Намалявана ж будзе менш.

Булачнiк ашаломлена ўзняў галаву. На iмгненне здалося, што i ён так думае. Але потым, пераадолеўшы сябе, ён сказаў:

- Ды што вы, не трэба, вам жа давялося маляваць.

- I то праўда...

Мы пайшлi, на лесвiцы, гледзячы на прыгнутую спiну перад сабой, я быў крануты i выглядам булачнiка, i тым фактам, што фальшывая брошка ўсё-такi разбудзiла яго сумленне. Цяпер, калi чалавек у такiм настроi, мне няёмка было напамiнаць яму пра "кадзiлак". Аднак потым я падумаў, што часткова прычына яго шчырай жалобы па нябожчыцы жонцы - чарнявая сужыцелька, якая аказалася сапраўднай падлай... I да мяне вярнулася ўпэўненасць.

- Мы можам абмеркаваць нашу справу ў мяне дома, - сказаў булачнiк, калi мы выйшлi.

Я згодна кiўнуў. Мне гэта падыходзiла. Булачнiк верыў, што дома сцены дапамагаюць, я ж разлiчваў на падтрымку чарнявай.

Яна ўжо чакала нас каля дзвярэй.

- Сардэчна вiншую, - пачаў я, не даўшы булачнiку разявiць рот.

- З чым? - спытала яна хутка, страляючы вачыма.

- З вашым "кадзiлакам", - адказаў я, не мiргнуўшы вокам.

- Любы! - у адно iмгненне яна павiсла на шыi ў булачнiка.

- Але ж гэта яшчэ не... - Ён спрабаваў вызвалiцца i даць тлумачэнне. Але яна ўчапiлася моцна i кружылася разам з iм, дурэючы. Ён не мог вымавiць слова. На мяне пазiралi то з-за яго пляча - хiтрая падмiргваючая мордачка, то з-за яе пляча - поўны дакору, дарма пратэстуючы твар мучнога чарвяка.

Нарэшце ён з цяжкасцю вызвалiўся.

- Мы ж яшчэ нi пра што не дамовiлiся, - адфыркнуўся ён.

- Чаму ж, - сказаў я надзвычай сардэчна, - дамовiлiся. Бяруся збiць цану яшчэ на пяцьсот марак. Вы плацiце за "кадзiлак" сем тысяч - i нi пфенiга больш. Згода?

- Вядома, - хутка адазвалася чарнявая. - Гэта ж сапраўды танна, любы...

- Чакайце! - Булачнiк падняў руку.

- Ды што ты зноў прыдумаў? - накiнулася яна на яго. - Спачатку ты абяцаеш купiць машыну, а цяпер стаiш i адмаўляешся.

- Ён не адмаўляецца, - умяшаўся я. - Мы ўсё ўжо абмеркавалi.

- Ну, што... мiлы... навошта тады... - Яна прытулiлася да яго. Ён зноў паспрабаваў вызвалiцца, але яна прыцiснулася да яго сваiмi вялiкiмi грудзьмi. Ён паспрабаваў злавацца, але супрацiўленне аслабла.

- "Форд"... - сказаў ён.

- Бярэцца, вядома, у кошт аплаты...

- Чатыры тысячы марак...

- Калiсьцi каштаваў столькi, праўда? - спытаў я зычлiва.

- Вы яго возьмеце за чатыры тысячы марак, - цвёрда заявiў булачнiк. Ён знайшоў, за што ўчапiцца, каб перайсцi ў контратаку, ачомаўся. - Машына ж, лiчы, новая.

- Новая, - сказаў я, - пасля вялiзнага рамонту...

- Сёння ранiцай вы самi сцвярджалi...

- Ранiцай была iншая справа. Новая... i новая - гэта розныя рэчы ў залежнасцi ад таго, купляеш цi прадаеш. На чатыры тысячы марак вашаму "форду" трэба было б мець залатыя поршнi...

- Чатыры тысячы марак, iнакш i гаварыць не варта... - упарта сказаў булачнiк. Ён зноў зрабiўся такiм самым, як быў, - старым, якi вырашыў канчаткова пазбавiцца сентыментальнасцi, якой ён толькi што паддаўся.

- Тады да пабачэння! - заявiў я i павярнуўся да чарнавокай. - Шкада, шаноўная панi, але цярпець страты не магу. На "кадзiлаку" мы i так нiчога не зарабляем, як жа нам браць яшчэ "форд" за такую высокую цану... Бывайце...

Яна затрымала мяне. Вочы яе гарэлi, яна накiнулася на булачнiка так, што той не ведаў, куды падзецца.

- Ты сам сто разоў паўтараў, што гэты "форд" ужо нiчога не варты, зашыпела яна нарэшце са слязьмi на вачах.

- Дзве тысячы марак, - сказаў я. - Дзве тысячы, хоць i гэта - самагубства.

Булачнiк маўчаў.

- Ты што маўчыш, скажы што-небудзь! Што ты стаiш як язык праглынуў! бушавала чарнявая.

- Панове, - сказаў я, - я зараз прыганю "кадзiлак". Вам лепей абмеркаваць гэтую справу без сведкаў.

Я адчуваў, што будзе найлепш, калi я знiкну. Чарнявая сама давядзе маю справу да канца.

Праз гадзiну я вярнуўся на "кадзiлаку". Я адразу ўбачыў, што спрэчка закончылася самым мiрным чынам. У булачнiка быў пакамячаны выгляд, на яго касцюме вiсела пер'е. Чарнявая ж, наадварот, палала, трэсла цыцкамi i ўсмiхалася здрадлiва-сыта. Яна пераадзелася i была цяпер у тонкай шаўковай сукенцы, якая шчыльна аблягала яе цела. Непрыкметна для булачнiка яна падмiргнула мне i дала зразумець, што ўсё ў парадку. Мы зрабiлi пробны выезд. Чарнявая ўтульна ўладкавалася на шырокiм сядзеннi, увесь час шчабечучы. Мне хацелася выкiнуць яе, але пакуль што яна была мне патрэбная. Булачнiк даволi меланхалiчна сядзеў побач са мной. Ён ужо насiў жалобу па сваiх грошах, а такая жалоба - самая шчырая.

Мы пад'ехалi да дома булачнiка i зноў вярнулiся ў памяшканне. Булачнiк выйшаў з пакоя, каб прынесцi грошы. Гэта быў зусiм стары чалавек, цяпер я заўважыў, што валасы ў яго фарбаваныя.

Чарнявая абцягнула сукенку.

- Выдатна правярнулi справу, праўда?

- Так, - сказаў я нехаця.

- Сто марак павiнна перапасцi мне...

- Вось як... - сказаў я.

- Стары скнара, - даверлiва зашаптала яна, падыходзячы блiжэй, - у яго грошай як вошай. Але паспрабуй вырваць! Нават завяшчання не хоча пiсаць. Потым усё захапаюць дзеткi, а ты рабi што хочаш. Не вялiкае шчасце гэты кiлун.