Нешта раiць не мела сэнсу.
- Слухайце, Хасэ, - сказаў я. - Пасядзiце тут спакойна, колькi вам захочацца. Мне трэба пайсцi. Калi вам больш да густу каньяк, ён - у шафе. Тут - ром. Там ляжаць газеты. А пад вечар пойдзеце куды-небудзь з жонкай з гэтых чатырох сцен. Хоць бы ў кiно. Гэта будзе каштаваць вам столькi ж, колькi дзве гадзiны ў кавярнi, а атрымаеце куды больш! Сёння галоўнае: забыцца! А для гэтага - не разважаць! - Адчуваючы дакоры сумлення, я паляпаў яго па плячы. Няхай сабе, кiно заўседы выручае. Там кожны можа памарыць.
Побач дзверы былi адчынены. Жанчына ўсхлiпвала так гучна, што можна было пачуць знадворку. Я iшоў праз калiдор. Наступныя дзверы былi прачынены. Адтуль падслухвалi. Пахла духамi. Тут жыла Эрна Бёнiг, сакратарка. Выгляд мела занадта элегантны як на сваю зарплату - адзiн раз у тыдзень шэф дыктаваў ёй да ранiцы. Назаўтра ў яе бываў вельмi дрэнны настрой. Затое яна кожны вечар хадзiла на танцы. Каб не было танцаў, не варта было б i жыць, гаварыла яна. У яе былi два сябры. Адзiн кахаў яе i прыносiў кветкi. Другога кахала яна i давала яму грошы.
Побач у пакоi жыў ротмiстр граф Арлоў - расейскi эмiгрант, кельнер, статыст на кiназдымках, платны партнёр у танцах, кавалер з сiвымi скронямi. Ён выдатна iграў на гiтары. Кожны вечар ён малiўся Казанскай Божай Мацi, каб атрымаць пасаду метрдатэля ў якiм-небудзь заняпалым гатэлi. На падпiтку быў плаксiвы. Наступныя дзверы. фраў Бэндэр, медыцынская сястра ў доме малюткi. Узрост - пяцьдзесят гадоў. Муж загiнуў на вайне. У 1918 годзе двое дзетак памерлi ад недаядання. Мае рабую кошку. Больш нiкога.
Яшчэ побач - Мюлер, казначэй-пенсiянер. Сакратар таварыства фiлатэлiстаў. Жывая калекцыя марак, больш нiчога. Шчаслiвы чалавек.
У апошнiя дзверы я пастукаў.
- Як справы, Георгi? - сказаў я. - Нiчога новага?
Георгi Блок пахiтаў галавой. Ён быў студэнт другога курса. Каб закончыць гэтыя чатыры семестры, ён працаваў два гады ў руднiку. Заробленыя грошы скончылiся; iх хопiць яшчэ месяцы на два. На руднiк ён не мог вярнуцца - там цяпер ужо хапала сваiх беспрацоўных. Ён спрабаваў так i сяк дзе-небудзь уладкавацца. Тыдзень ён распаўсюджваў рэкламныя лiсткi маргарынавай фабрыкi. Але фабрыка збанкрутавала. Неўзабаве ён атрымаў месца разносчыка газет i ўздыхнуў быў з палёгкай. Праз тры днi яго спынiлi двое ў касках, адабралi газеты, падралi iх i растлумачылi, што гэты занятак не для яго. Няма чаго лезцi. У iх самiх хапае беспрацоўных. I ўсё-такi ён выйшаў наступнай ранiцай, хоць ужо давялося заплацiць за падраныя газеты. Нехта збiў яго роварам. Газеты паляцелi ў гразь. Зноў заплацiў дзве маркi. Ён пайшоў трэцi раз i вярнуўся з разадраным касцюмам i разбiтым тварам. Тады ён здаўся. Зараз у адчаi сядзеў у пакоi i зубрыў як вар'ят, быццам гэта мела нейкi сэнс. Ён еў раз на дзень. Пры гэтым не мела значэння, закончыць ён астатнiя курсы цi не - на працу можна было разлiчваць не раней як праз дзесяць гадоў пасля заканчэння.
Я падаў яму цыгарэты.
- Кiнь ты гэта глупства, Георгi. Як я. Потым пачнеш спачатку.
Ён пахiтаў галавой.
- Я ўжо тады заўважыў, пасля руднiка. Калi не займацца кожны дзень, адразу саб'ешся з тропу. А на другi раз мяне ўжо не хопiць.
Бледны твар i вушы, якiя тырчаць, i блiзарукiя вочы, хударлявая постаць з запалымi грудзьмi... д'ябал забяры ўсё!
- Ну, бывай, Георгi.
Бацькоў у яго не было.
Кухня. На сцяне - галава дзiка. Памяць пра нябожчыка Залеўскi. Тэлефон. Паўзмрок. Пах газу i дрэннага тлушчу. Дзверы з шэрагам таблiчак каля кнопкi званка. I мая мiж iншых. "Роберт Локамп, студэнт фiласофii. Званiць два разы". Яна была брудна-жоўтая. "Студэнт фiласофii"! Гучыць! Шмат вады сцякло. Я спусцiўся па прыступках у кавярню "Iнтэрнацыяналь".
"Iнтэрнацыяналь" - вялiзная, цёмная, задымленая кiшка з мноствам заднiх пакояў. Наперадзе, каля стойкi, стаяў раяль. Ён быў разладжаны, некалькi струн парвалася. Клавiшы таксама былi не ўсе. Але я любiў гэтую бадзёрую музычную скрынку са стажам. Я аддаў ёй год майго жыцця, працуючы тут тапёрам.
У заднiх пакоях жывёлапрамыслоўцы праводзiлi свае сходы. Бывалi тут i вулiчныя артысты. Наперадзе сядзелi прастытуткi.
Шынок быў пусты. Толькi пласкаступы кельнер Алоiс стаяў за стойкай.
- Як заўсёды? - спытаў ён.
Я згодна кiўнуў. Ён прынёс мне партвейн з ромам, палова на палову. Я сеў за столiк i бяздумна ўтаропiўся перад сабой. Шэры прамень сонца коса падаў праз акно на бутэлькi, што стаялi на палiцах. Чэрыбрэндзi гарэў, як рубiн.
Алоiс паласкаў шклянкi. Гаспадарова кошка сядзела на раялi i муркала. Я павольна палiў цыгарэту. Ад душнага паветра цягнула на сон. Дзiўны голас быў учора ў дзяўчыны. Нiзкi, грубаваты, амаль хрыплы i ўсё ж мяккi.
- Дай мне пагартаць некалькi часопiсаў, Алоiс, - сказаў я.
Зарыпелi дзверы. Прыйшла Роза. Роза, прастытутка з могiлак, па мянушцы Жалезны Конь. Яе так ахрысцiлi за нястомнасць. Яна прыйшла выпiць кубачак шакаладу. На яго яна раскашэльвалася тут кожную нядзелю. Потым яна ехала ў Бургдорф да свайго дзiцяцi.
- Прывiтанне, Роберт.
- Прывiтанне, Роза. Як малышка?
- Паглядзiм. Вось - вязу ёй.
Яна дастала з пакунка чырванашчокую ляльку i нацiснула ёй на жывот. "Ма-ма", - праквакала лялька. Роза свяцiлася ўся.
- Казачна! - сказаў я.
- Зiрнi! - Яна нагнула ляльку назад. Ляпнуўшы, заплюшчылiся вочы.
- Нечувана, Роза.
Яна была задаволена i зноў запакавала ляльку.
- Ты ў гэтых справах цямiш, Роберт. З часам будзеш добрым мужам.
- Ну, ну, - сказаў я з сумненнем.
Роза любiла сваё дзiця. Яшчэ тры месяцы назад, пакуль дзiця не хадзiла, яно жыло з ёй у адным пакоi. Нягледзячы на яе занятак, гэта было магчыма дзякуючы маленькай бакоўцы. З'яўляючыся вечарам з кавалерам, яна прасiла яго, прыдумаўшы прычыну, пачакаць на двары, сама хуценька бегла наперад, штурхала дзiцячую каляску ў бакоўку, замыкала дзверы i ўпускала кавалера. Але ў снежнi малую даводзiлася занадта часта перапраўляць з пакоя ў халодную бакоўку. Дзiця прастудзiлася i часта плакала ў прысутнасцi наведнiкаў. Роза мусiла разлучыцца з дачушкай, як нi цяжка гэта ёй далося. Яна здала яе ў дарагi дзiцячы прытулак. Там яна лiчылася паважанай удавой. Iнакш - дзiця не прынялi б.
Роза ўстала.
- Ты прыйдзеш у пятнiцу?
Я кiўнуў.
Яна глянула на мяне.
- Ты ж ведаеш, што здарылася.
- Вядома.
Я не меў нiякага ўяўлення, што здарылася, але ў мяне не было жадання распытваць. Такую звычку я набыў тут за год працы тапёрам. Так было заўжды найлепш. Як i тое, што да ўсiх дзяўчат тут я звяртаўся на "ты".
- Бывай, Роберт.
- Бывай, Роза.
Я нейкi час яшчэ пасядзеў. Але я не адчуваў звыклага дрымотнага спакою. "Iнтэрнацыяналь" у выхадныя днi быў мне ўтульным домам. Я выпiў рому, пагладзiў кошку i пайшоў.
Цэлы дзень я сноўдаўся. Я не ведаў, што мне рабiць. Нiдзе доўга не затрымлiваўся. Пад вечар я пайшоў у майстэрню. Там быў Кёстэр. Ён рамантаваў "кадзiлак". Гэтую старую машыну мы нядаўна купiлi за бясцэнак. Цяпер мы яго як след перабралi. Кёстэр наводзiў апошнi "марафет". Мы спадзявалiся добра зарабiць на ёй. Я сумняваўся, што нам пашанцуе. У такiя цяжкiя часы, як цяпер, людзi купляюць малыя машыны, а не такi аўтобус.
- Мы на iм пагарым, Ота, - сказаў я. Але Кёстэр быў упэўнены.
- Гараць на сярэднiх машынах, Робi, - растлумачыў ён. - Купляюць танныя машыны i вельмi дарагiя. Ёсць яшчэ людзi з грашыма. А ёсць, што выдаюць сябе за багатых.
- Дзе Готфрыд? - спытаў я.
- На нейкiм палiтычным сходзе.
- Вар'яцтва! Што яму там трэба?
Кёстэр засмяяўся.
- Сам не ведае. Магчыма, вясна затлумiла яму галаву. Вось i хочацца нечага свежанькага.
- Магчыма, - сказаў я. - Давай дапамагу.
Мы пракорпалiся, пакуль не сцямнела.
- Хопiць, - сказаў Кёстэр.
Мы ўмылiся.
- Ведаеш, што ў мяне ёсць? - спытаў ён i паляпаў па партманеце.
- Што?
- Бiлеты на бокс вечарам. Два. Пойдзем?
Я вагаўся. Ён здзiўлена паглядзеў на мяне.
- Удзельнiчае Сцiлiнг, - сказаў ён. - Супроць Валькера. Будзе добры бой.
- Вазьмi Готфрыда, - прапанаваў я i сам з сябе пакпiў: чаму не iду? Але не хацелася, не ведаю чаму.