- Было б лепш, каб вы ўсе пайшлi адсюль. Магчыма, нядобра бачыць такое.
Ён гаварыў паволi з цвёрдым расейскiм акцэнтам, не адыходзячы ад дзвярэй.
- О божа! - прамармытала фраў Залеўскi i адышла назад. Эрна Бёнiг таксама адступiла на некалькi крокаў. Толькi Фрыда iмкнулася прабiцца наперад i ўхапiцца за ручку дзвярэй. Арлоў адцiснуў яе назад.
- Сапраўды было б лепш... - сказаў ён яшчэ раз.
- Пан! - гаўкнуў раптам скарбнiк, выпрастаўшыся. - Што вы сабе дазваляеце! Вы, iншаземец...
Арлоў спакойна зiрнуў на яго.
- Iншаземец... - сказаў ён. - Iншаземец... усё роўна. Не ў гэтым справа.
- Што, мёртвы? - прашыпела Фрыда.
- Фраў Залеўскi, - сказаў я, - мне здаецца таксама, што будзе лепш, калi толькi вы застанецеся тут i, можа, Арлоў i я.
- Патэлефануйце адразу лекару, - сказаў Арлоў.
Георгi ўжо зняў слухаўку. Уся падзея не заняла i пяцi секунд.
- Я застаюся! - заявiў скарбнiк, расчырванеўшыся, як iндык. - Як немец я маю права...
Арлоў пацiснуў плячыма i зноў адчынiў дзверы. Потым ён уключыў электрасвятло. Жанчыны ўскрыкнулi i падалiся назад. Хасэ вiсеў каля акна твар цёмна-сiнi, чорны язык высунуты.
- Адрэзаць, - крыкнуў я.
- Не мае сэнсу, - сказаў Арлоў няспешна, цвёрда i жалобна. - Мне вядома гэта... гэты твар... мёртвы, ужо некалькi гадзiн.
- Нам трэба хоць паспрабаваць...
- Лепей - не трэба... спачатку выклiкаць палiцыю...
У той самы момант нехта пазванiў. З'явiўся лекар, якi жыў побач. Ён кiнуў толькi адзiн позiрк на хударлявае цела.
- Ужо нiчога не зробiш, - сказаў ён. - Тым не менш паспрабуем зрабiць штучнае дыханне. Патэлефануйце зараз жа ў палiцыю, а мне дайце нож.
Хасэ павесiўся на тоўстым ружовым шоўкавым шнуры. Гэта быў паясок ад жончынага халата. Ён яго вельмi лоўка прымацаваў да кручка над акном. Шнур быў намылены. Ён, вiдаць, залез на падаконнiк i потым саслiзгнуў з яго. Рукi былi сутаргава скручаны, на твар было жахлiва глядзець. Дзiўна, але мне кiнулася ў вочы, што ён пераапрануў касцюм. Гэта быў яго самы лепшы шарсцяны касцюм. Ён пагалiўся i апрануў чыстую бялiзну. На стале былi педантычна раскладзены пашпарт, ашчадная кнiжка, чатыры паперкi па дзесяць марак, некалькi манет i два пiсьмы - адно жонцы i адно - у палiцыю. Каля пiсьма жонцы ляжаў сярэбраны партсiгар i шлюбны пярсцёнак.
Вiдаць, ён перад смерцю доўга думаў i ўсё прывёў у парадак. У пакоi ён старанна прыбраў, i калi мы добра агледзелiся, то знайшлi на камодзе яшчэ крыху грошай i запiску, у якой было напiсана: "Канчатковы разлiк за кватэру за гэты месяц". Ён паклаў грошы асобна, быццам хацеў паказаць, што яны да смерцi не маюць нiякага дачынення.
У дзверы пазванiлi, прыйшлi два ў цывiльным. Лекар, якi ўжо зняў нябожчыка з пятлi, устаў.
- Мёртвы, - сказаў ён. - Самагубства, без усякага сумнення.
Чыноўнiкi нiчога не адказалi. Яны ўважлiва агледзелi пакой, зачынiўшы за сабой дзверы на ключ. Яны дасталi некалькi пiсьмаў з шуфляды i параўналi почырк з пiсьмамi на стале. Той, што быў маладзейшы, кiўнуў галавой.
- Каму-небудзь вядома прычына?
Я расказаў, што ведаў. Ён зноў пакiваў галавой i запiсаў мой адрас.
- Можна яго забраць адсюль? - спытаў лекар.
- Я заказаў санiтарную машыну з бальнiцы Шарытэ, - адказаў малады чыноўнiк. - Скора павiнны прыйсцi.
Чакаючы, усе маўчалi. Лекар укленчыў на падлозе каля Хасэ. Ён расшпiлiў усё, што было на iм, i пачаў расцiраць яму грудзi ручнiком, спрабуючы яго ажывiць. Чутны былi толькi свiсцячыя гукi паветра пры ўваходзе i выхадзе з мёртвых лёгкiх.
- Дванаццаты за гэты тыдзень, - сказаў малады чыноўнiк.
- Па той самай прычыне? - спытаў я.
- Не. Амаль усе ад беспрацоўя. Дзве сям'i, адна разам з трыма дзецьмi. Вядома, атруцiлiся газам. Сем'i заўсёды выкарыстоўваюць газ.
Прыйшлi санiтары з насiлкамi. Сярод iх у пакой пранiкла Фрыда. З нейкай адмысловай прагнай цiкаўнасцю яна ўзiралася ў вартае жалю цела Хасэ. Яе твар пакрыўся чырвонымi плямамi i потам.
- Што вам тут трэба? - груба спытаў старэйшы чыноўнiк.
Яна адхiснулася.
- Я павiнна даць паказаннi, - прамармытала яна.
- Вон! - сказаў чыноўнiк.
Санiтары закрылi Хасэ прасцiнай i панеслi. За iмi пакрочылi i два чыноўнiкi, забраўшы з сабой паперы.
- Ён пакiнуў грошы на пахаванне, - сказаў малады. - Мы перададзiм iх у адпаведнае месца. Калi прыйдзе жонка, скажыце ёй, калi ласка, каб яна звярнулася ў крымiнальную палiцыю. Ён завяшчаў ёй грошы. Можа, пакуль што пакiнуць тут яго астатнiя рэчы?
Фраў Залеўскi кiўнула.
- Цяпер ужо пакой усё роўна не здасi.
- Выдатна.
Чыноўнiк развiтаўся i пайшоў. Мы таксама выйшлi. Арлоў замкнуў дзверы i аддаў ключ фраў Залеўскi.
- Лепш паменей гаварыць пра ўсё гэта, - сказаў я.
- I я так думаю, - сказала фраў Залеўскi.
- Я найперш маю на ўвазе вас, Фрыда, - дадаў я.
Фрыда быццам ачнулася. Вочы ў яе блiшчалi. Яна не адказала нi слова.
- Калi вы хоць слова скажаце фройляйн Хольман, - сказаў я, - тады баранi вас бог!
- Сама ведаю, - адказала яна задзiрлiва. - Бедная дама i без таго хворая!
Яе вочы гарэлi. Я мусiў узяць сябе ў рукi, каб не заехаць ёй у вуха.
- Бедны Хасэ! - сказала фраў Залеўскi.
У калiдоры было зусiм цёмна.
- Вы гаварылi з графам Арловым даволi груба, - сказаў я скарбнiку. - Вы не хочаце папрасiць у яго прабачэння?
Стары ўтаропiўся на мяне. Потым ён вымавiў праз зубы:
- Немец не просiць прабачэння! Тым больш - у азiята! - Ён гучна грукнуў за сабой дзвярыма.
- Што ж гэта робiцца з гэтым нявылегчаным фiлатэлiстам? - здзiўлена спытаў я. - Ён жа заўсёды быў свойскi, як авечка.
- Ужо некалькi месяцаў, як ён бегае на перадвыбарчыя сходы, - адказаў з цемры Георгi.
- Вось як!
Арлоў i Эрна Бёнiг ужо пайшлi. Фраў Залеўскi раптам заплакала.
- Не бярыце так блiзка да сэрца, - сказаў я. - Ужо нiчога не зменiш.
- Жахлiва, - хлiпала яна. - Мне трэба выязджаць адсюль, я гэтага не перажыву.
- Перажывяце, - сказаў я. - Я аднойчы бачыў некалькi соцень нябожчыкаў ангельцаў, атручаных газам. I перажыў.
Я падаў руку Георгi i пайшоў у свой пакой. Там было цёмна. Перш чым уключыць святло, я мiжволi глянуў на акно. Потым я прыслухаўся, што робiцца ў пакоi Пат. Яна спала. Я падышоў да буфета, дастаў бутэльку каньяку i налiў сабе чарку. Гэта быў добры каньяк, i добра было, што ён у мяне быў. Я паставiў бутэльку на стол. Апошнi раз з гэтай бутэлькi пiў Хасэ. Я думаў пра тое, што лепш было б яго не пакiдаць аднаго. Я быў прыгнечаны, але мне не было ў чым папракнуць сябе. Я столькi перажыў усяго ўсякага, што ведаў: трэба цi папракаць сябе за ўсё зробленае, цi нi за што. Няшчасце Хасэ заключалася ў тым, што ўсё гэта здарылася ў нядзелю. У буднi дзень ён пайшоў бы на працу i, магчыма, неяк вытрываў бы.
Я выпiў яшчэ чарку. Не было сэнсу пра гэта думаць. Хто ведае, што чакае цябе самога. Нiхто не ведае, цi не палiчыць ён за шчаслiўчыка таго, каго цяпер так шкадуе.
Я пачуў, як Пат заварушылася, i пайшоў да яе. Яна сустрэла мяне вачыма.
- Не ведаю, што са мной робiцца, Робi, - сказала яна. - Я зноў заснула мёртвым сном.
- Гэта ж добра, - адказаў я.
- Не. - Яна абаперлася на локцi. - Я не хачу так шмат спаць.
- А чаму? Бывае, што мне хочацца заснуць i праспаць пяцьдзесят гадоў.
- Але ж ты не хочаш пастарэць на пяцьдзесят гадоў!
- Не ведаю. Гэта можна было б сказаць толькi потым.
- Ты засумаваў? - спытала яна.
- Не, - сказаў я. - Наадварот. Я толькi што вырашыў, што мы апранемся, пойдзем i выдатна павячэраем. Будзе ўсё, што ты любiш. I крышку вып'ем.
- Вельмi добра, - адказала яна. - Цi не звязана гэта з нашым вялiкiм банкруцтвам?
- Вядома, - сказаў я. - Гэта адно з адным звязана.
XXI
У сярэдзiне кастрычнiка Жафэ запрасiў мяне да сябе. Было дзесяць гадзiн ранiцы, але надвор'е было такое хмурнае, што ў клiнiцы яшчэ гарэла святло. Змешваючыся з туманным змрокам з вулiцы, яно ўтварала невыразнае, хваравiтае свячэнне.
Жафэ сядзеў адзiн у вялiкiм кабiнеце для прыёму пацыентаў. Калi я ўвайшоў, ён падняў лысую блiскучую галаву. Ён нявесела паказаў на вялiкае акно, у якое барабанiў дождж.