Выбрать главу

- Як вам падабаецца гэтае сабачае надвор'е?

Я пацiснуў плячыма.

- Будзем спадзявацца, што скора пераменiцца.

- Не пераменiцца.

Ён зiрнуў на мяне i замоўк. Потым ён узяў са стала аловак, паўзiраўся на яго, пастукаў iм па стале i зноў адклаў убок.

- Я здагадваюся, чаго вы мяне паклiкалi, - сказаў я.

Жафэ штосьцi прабурчаў.

Я хвiлiнку пачакаў. Потым сказаў:

- Мусiць, Пат трэба скора ехаць...

- Трэба...

Жафэ са злосцю глядзеў у адну кропку.

- Я планаваў на канец кастрычнiка. Але пры такiм надвор'i... - Ён узяў серабрысты аловак.

Вецер з шумам кiнуў у шыбiну прыгаршчы дажджу. Гук быў як ад дальняй кулямётнай чаргi.

- Калi, на вашу думку, ёй трэба ехаць? - спытаў я.

Ён раптам адкрыта глянуў на мяне.

- Заўтра, - сказаў ён.

На секунду я страцiў грунт пад нагамi. Паветра зрабiлася ватным i засела ў лёгкiх. Потым спазмы прайшлi, i я спытаў па магчымасцi спакойна, але голас мой прагучаў, быццам ён належаў iншаму:

- Няўжо адразу так пагоршала?

Жафэ моцна затрос галавой i ўстаў.

- Калi б так хутка пагоршала, яна не паехала б зусiм, - растлумачыў ён незадаволена. - Але так будзе лепш. Пры гэткiм надвор'i кожны дзень небяспечны. Прастуда цi яшчэ што...

Ён узяў са стала некалькi пiсьмаў.

- Я ўжо ўсё падрыхтаваў. Вам застаецца толькi завезцi яе. З галоўным лекарам санаторыя я знаёмы яшчэ са студэнцкiх часоў. Ён вельмi сумленны. Я яго iнфармаваў пра ўсё.

Ён даў мне пiсьмы. Я ўзяў iх, але не хаваў. Ён паглядзеў на мяне, потым падышоў i паклаў мне руку на плячо. Рука была лёгкая, як птушынае крыло, яе дотыку я нават не адчуў.

- Цяжка, - сказаў ён цiха, iншым тонам, - я ведаю. Таму я i чакаў, пакуль было можна.

- Не цяжка, - адказаў я.

Ён махнуў рукой.

- Не трэба...

- Не, - сказаў я. - Я не тое меў на ўвазе. Я хачу ведаць толькi адно: яна вернецца?

Жафэ хвiлiнку памаўчаў.

Яго цёмныя вузкiя вочы паблiсквалi ў змрочным жаўтлявым святле.

- Чаму вы хочаце ведаць гэта зараз? - спытаў ён праз хвiлiну.

- Таму што тады ёй не варта i ехаць, - сказаў я.

Ён хутка зiрнуў на мяне.

- Што вы гаворыце?

- Тады ёй лепш заставацца тут.

Ён утаропiўся на мяне.

- Вам вядома, што гэта несумненна азначала б? - спытаў ён цiха i рэзка.

- Вядома, - сказаў я. - Гэта азначала б, што яна памрэ не ў адзiноце. А што гэта такое, мне вядома таксама.

Жафэ падняў плечы, быццам яму зрабiлася холадна. Потым ён няспешна падышоў да акна i паглядзеў на дождж. Калi ён вярнуўся, яго твар ператварыўся ў маску. Ён падышоў блiзка да мяне i спынiўся.

- Колькi вам год? - спытаў ён.

- Трыццаць, - адказаў я.

Я не зразумеў, чаго ён хоча.

- Трыццаць, - паўтарыў ён дзiўным голасам, быццам гаворачы з самiм сабой. Мяне ён як i не пачуў. - Божа мой, трыццаць!

Ён падышоў да пiсьмовага стала i спынiўся. Ён здаваўся маленькiм, ён пазiраў дзiўным позiркам, быццам ён згубiўся сярод буйной палiраванай мэблi.

- Мне ўжо скора будзе шэсцьдзесят, - сказаў ён, не гледзячы на мяне. - Але я так не змог бы. Я ўвесь час шукаў бы паратунку, увесь час, любой цаной, нават каб ведаў, што ўсё дарма.

Я маўчаў. Жафэ стаяў з такiм тварам, быццам ён забыў пра ўсё на свеце. Потым ён зварухнуўся, i яго твар перамянiўся. Ён заўсмiхаўся.

- Я ўпэўнены, што яна выдатна перазiмуе там.

- Толькi перазiмуе? - спытаў я.

- Спадзяюся, што вясной зможа вярнуцца.

- Спадзявацца... - сказаў я. - Што гэта значыць - спадзявацца?

- Усё, - адказаў Жафэ. - Толькi спадзявацца. Цяпер я вам больш нiчога сказаць не магу. Усё астатняе - магчыма. Трэба паглядзець, як пойдуць справы ў санаторыi. Але ў мяне цвёрдая надзея, што вясной яна вернецца.

- Напэўна?

- Напэўна.

Ён абышоў вакол стала i так моцна штурхнуў нагой высунутую шуфляду, што аж посуд зазвiнеў.

- Д'ябал забяры! Зразумейце ж вы, дзiвак, што i мне вельмi важна, каб яна вярнулася.

Увайшла сястра. Жафэ жэстам адаслаў яе. I ўсё-такi яна спынiлася прысадзiстая, няўклюдная, з тварам бульдога i сiвымi валасамi.

- Потым! - буркнуў Жафэ. - Прыйдзiце потым!

Сястра злосна павярнулася. Выходзячы, яна выключыла святло. У памяшканнi ўжо быў шэра-малочны дзень. Твар Жафэ раптам аказаўся вельмi бледны.

- Старая вядзьмарка! - сказаў ён. - Ужо дваццаць гадоў я збiраюся прагнаць яе. Занадта старанная. - Потым ён павярнуўся да мяне: - Ну як?

- Мы выязджаем сёння, - сказаў я.

- Сёння?

- Сёння. Калi ўжо так трэба, то лепш сёння, чым заўтра. Я завязу яе. На некалькi дзён змагу адлучыцца.

Ён кiўнуў галавой i падаў мне руку.

Я пайшоў. Шлях да дзвярэй здаўся мне вельмi доўгiм.

На вулiцы я спынiўся. Я заўважыў, што пiсьмы ўсё яшчэ трымаю ў руцэ. Дождж забарабанiў па паперы. Я выцер пiсьмы i паклаў у нагрудную кiшэнь. Потым азiрнуўся. Перад домам якраз спынiўся аўтобус. Ён быў поўны, з яго вывалiлася куча людзей. Некалькi дзяўчат у чорных блiскучых плашчах з вясёлым смехам размаўлялi з кандуктарам. Ён быў малады, белыя зубы асвятлялi яго смуглявы твар. "Гэта ж ненармальна, - думаў я. - Гэтага не можа быць! Столькi жыцця, а Пат павiнна памерцi!"

Кандуктар даў званок, i аўтобус паехаў. З-пад яго колаў пырснула вада на тратуар. Я пайшоў, каб расказаць пра ўсё Кёстэру i купiць бiлеты.

Аполуднi я прыйшоў дадому. Усе справы былi вырашаны. Я нават даў тэлеграму ў санаторый.

- Пат, - сказаў я адразу ад парога, - ты можаш да вечара ўпакаваць усё?

- Трэба ехаць?

- Трэба, - сказаў я. - Трэба, Пат.

- Адной?

- Не. Мы паедзем разам. Я завязу цябе.

Твар яе пасвятлеў.

- Колькi ў мяне часу на зборы? - спытала яна..

- Цягнiк адпраўляецца ў дзесяць вечара.

- А ты яшчэ пойдзеш з дому?

- Не. Я тут буду да ад'езду.

Яна глыбока ўздыхнула.

- Тады ўсё вельмi проста, Робi, - сказала яна. - Пачнём?

- Час яшчэ ёсць.

- Я хачу пачаць зараз жа. Каб раней закончыць.

- Добра.

Я хутка ўпакаваў у чамаданы некалькi рэчаў, якiя трэба было ўзяць з сабой, i праз паўгадзiны справiўся. Потым я пайшоў да фраў Залеўскi i сказаў ёй, што мы ўвечары едзем. Я з ёй дамаўляўся, што з першага лiстапада цi нават раней яна зможа здаваць пакой. Яна хацела ўцягнуць мяне ў працяглую размову, але я хутка пайшоў.

Пат стаяла, укленчыўшы над чамаданам, усюды звiсалi яе сукенкi, на ложку ляжала бялiзна. Цяпер яна пакавала абутак. Мне ўспомнiлася, што калi яна пераехала сюды i распакоўвалася, то гэтаксама стаяла на каленях, i мне здалося, што гэта было бясконца даўно i быццам учора. Яна ўскiнула на мяне позiрк.

- Ты бярэш серабрыстую сукенку? - спытаў я.

Яна кiўнула галавой.

- А што мы зробiм з астатнiмi рэчамi, Робi? З мэбляй?

- Я ўжо перагаварыў з фраў Залеўскi. Усё, што можна, я перанясу ў свой пакой. Што застанецца, мы перададзiм на захаванне. Забяром, калi ты вернешся.

- Калi я вярнуся, - сказала яна.

- Так, - пацвердзiў я. - Калi ты вернешся вясной, уся загарэлая.

Я дапамог ёй пакаваць рэчы, i пад вечар, калi ўжо пачало цямнець, мы былi гатовы. Дзiўна: усе прадметы стаялi на тых самых месцах, толькi шафы апусцелi, i ўсё роўна пакой здаўся мне пустым i сумным. Пат села на свой ложак. Выгляд у яе быў змораны.

- Уключыць святло? - спытаў я.

Яна адмоўна пахiтала галавой.

- Пакуль што не трэба.

Я прысеў каля яе.

- Хочаш цыгарэту?

- Не, Робi. Толькi крыху пасядзець.

Я ўстаў i пайшоў да акна. Прыцемненыя дажджом, лiхтары трывожна мiгцелi. У дрэвах корпаўся вецер. Унiзе няспешна прайшла Роза. Яе высокiя боты блiшчалi. Пад пахай яна несла скрутак. Яна iшла ў бок "Iнтэрнацыяналя". Магчыма, яна несла з сабой вязанне, каб звязаць дачцэ нешта цёплае: Следам за ёй iшлi Фрыцы i Марыон. Абедзве былi апрануты ў новыя белыя прыталеныя плашчы, а праз нейкую хвiлiну за iмi, нiбы крадком, адзiнокая i змораная, пратэпала Мiмi.

Я адвярнуўся. Сцямнела так, што я не бачыў Пат. Я толькi чуў яе дыханне. За дрэвамi могiлак няспешна i цьмяна паўзлi ўверх агнi рэклам. Чырвоны радок рэкламы цыгарэт цягнуўся над дамамi, нiбы стракатая ордэнская стужка, заiскрылiся сiнiя i смарагдава-зялёныя кругi вiнаробчых фiрмаў, загарэлiся светлыя контуры рэкламы швейных вырабаў. Iх бляклае размытае святло пранiкала праз вокны на сцены i столь, яно мiгатлiва перамяшчалася, i пакой раптам здаўся мне закiнутым вадалазным каўпаком на дне мора, вакол якога шумяць дажджавыя хвалi, а зверху, праз тоўшчу вады прабiваецца слабы водблiск стракатага свету.