Выбрать главу

- А дзе Хэльга Гутман? - спытаў я.

- Паехала, - сказала Пат, пачакаўшы.

- Паехала? Так рана?

- Так, - сказала Пат, i я зразумеў, пра што яна гаворыць.

Дзяўчына прынесла цёмна-чырвонае вiно. Кёстэр налiў поўныя шклянкi. Сталы былi ўжо ўсе занятыя. Усюды сядзелi i размаўлялi людзi. Я адчуў, што Пат паклала сваю руку на маю.

- Каханы, - сказала яна вельмi цiха i пяшчотна, - я больш не вытрывала б.

XXVI

Я выйшаў з кабiнета галоўнага лекара. Кёстэр чакаў мяне ў холе. Убачыўшы мяне, ён устаў. Мы выйшлi на двор i селi на лаўку каля санаторыя.

- Дрэнна, Ота, - сказаў я. - Горш, чым я думаў.

Мiма нас з вясёлым шумам прайшла група лыжнiкаў. Сярод iх было некалькi жанчын з шырокiмi белазубымi ўсмешкамi на здаровых загарэлых тварах, тлуста змазаных крэмам. Яны крычалi, што хочуць есцi, як сабакi. Мы пачакалi, пакуль яны пройдуць.

- I такiя вось жывуць, - сказаў я. - Жывуць, здаровыя, як кабылiцы. Як агiдна!

- Ты гаварыў з самiм галоўным лекарам? - спытаў Кёстэр.

- З iм. Ён мне ўсё растлумачыў з многiмi недагаворкамi. Але вынiк ясны: стан пагоршыўся. Хоць ён i кажа, што стала лепш.

- Не разумею.

- Ён сцвярджае: калi б яна засталася ў горадзе, то надзея даўно была б страчана. А тут працэс быў запаволены. I гэта ён называе паляпшэннем.

Кёстэр чарцiў абцасамi па жорсткiм снезе. Потым ён падняў галаву.

- Значыць, у яго ёсць надзея?

- У лекара заўсёды ёсць надзея, гэта частка яго прафесii. Але ў мяне яе вельмi мала. Я спытаў у яго, цi рабiў ён прадзiманне. Ён адказаў, што ўжо нельга. Некалькi год назад ёй ужо рабiлi. Цяпер ужо пашкоджаны абодва лёгкiя. Гэта як пракляцце, Ота.

Старая ў растаптаных галёшах спынiлася каля нас. У яе быў бледны запалы твар i патухлыя вочы графiтнага колеру, якiя здавалiся сляпымi. Шыя была закручана старамодным баа з пёраў. Яна няспешна ўзняла ларнетку i паўзiралася на нас. Потым пасунулася далей.

- Агiдны прывiд!

- А што ён сказаў яшчэ? - спытаў Кёстэр.

- Ён мне растлумачыў, ад чаго магла з'явiцца хвароба. У яго ўжо было шмат пацыентаў такога ўзросту. Гэта - вынiкi вайны. Недаяданне ў дзяцiнстве. Але навошта мне гэта ўсё? Яна павiнна паправiцца. - Я глянуў на яго. - Вядома, ён сказаў мне, што бачыў шмат цудаў. Менавiта пры гэтай хваробе часта здараецца, што працэс спыняецца, ачагi рубцуюцца i чалавек папраўляецца. Нават у самых безнадзейных выпадках. Але я не веру ў цуды.

Кёстэр не адказаў. Мы сядзелi моўчкi. А што было гаварыць? Мы абодва занадта шмат перажылi i пабачылi, каб суцяшацца словамi.

- Яна не павiнна нi пра што здагадвацца, Робi, - нарэшце сказаў Кёстэр.

- Вядома, - адказаў я.

Мы сядзелi, чакаючы Пат. Галава ў мяне была пустая. Я не адчуваў нават адчаю, я здранцвеў, быў бяздумны.

- Вось яна, - сказаў Кёстэр.

- Яна iдзе, - сказаў я i ўстаў.

- Прывiтанне! - Пат падышла да нас. Яна крыху хiсталася i смяялася. - Я крыху зап'янела. Ад сонца. Заўсёды, паляжаўшы на сонцы, я хiстаюся, як стары марак.

Я зiрнуў на яе, раптам усё перамянiлася. Я больш не верыў лекару. Я верыў у цуд. Яна была побач, яна жыла, яна стаяла i смяялася - усё астатняе адступiла перад гэтым.

- Што гэта ў вас за твары? - спытала яна.

- Гарадскiя твары, што не адпавядаюць месцу, - сказаў Кёстэр. - Не можам прывыкнуць да сонца.

Яна засмяялася.

- У мяне сёння добры дзень. Без тэмпературы. Мне можна выйсцi. Сходзiм у вёску, вып'ем там чарку.

- А цi не паехаць нам лепей на санях?

- Дайду пехатой, - сказала Пат.

- Я ведаю, - сказаў Кёстэр. - Але я нiколi не ездзiў на такой штуковiне. Хачу паспрабаваць.

Мы паклiкалi фурмана i паехалi ўнiз па звiлiстай дарозе ў вёску. Мы спынiлiся каля кавярнi з маленькай сонечнай тэрасай. Там ужо сядзела шмат наведнiкаў, i сярод iх я пазнаў сяго-таго з санаторыя. Тут быў таксама iтальянец, якога я бачыў у бары. Яго звалi Антонiа. Ён падышоў да нашага столiка, каб павiтацца з Пат. Ён расказаў, што нейкiя жартаўнiкi мiнулай ноччу выкацiлi ложак з сонным хворым з пакоя i завезлi ў пакой старой настаўнiцы.

- Навошта яны гэта зрабiлi? - спытаў я.

- Ён паправiўся i праз некалькi дзён ад'язджае, - адказаў Антонiа. - У такiх выпадках жартуюць гэтак.

- Славуты чорны гумар тых, хто застаецца, каханы, - сказала Пат.

- Тут, у санаторыi, людзi дзяцiняцца, - прамовiў Антонiа, нiбы прабачаючы iм.

"Паправiўся, - падумаў я. - Нехта паправiўся i вяртаецца дадому".

- Чаго ты хацела б выпiць, Пат? - спытаў я.

- Марцiнi. Сухога марцiнi.

Па радыё палiлiся гукi венскiх вальсаў. Здавалася, што ў цёплым летнiм паветры залуналi лёгкiя светлыя сцягi. Кельнер прынёс вiно. Яно было вельмi халоднае i, калi сонца трапляла на яго, iскрылася перламутрам.

- Як добра пасядзець вось так, праўда? - спытала Пат.

- Выдатна, - адказаў я.

- Але часам гэта бывае невыносна, - сказала яна.

Мы засталiся ў вёсцы да абеду. Пат гэта вельмi падабалася. У апошнi час ёй не дазвалялi выходзiць з санаторыя. Гэта быў яе першы выхад. Яна сказала, што адчувае сябе ў два разы здаравейшай, калi абедае ў вёсцы. Антонiа таксама палуднаваў з намi. Потым мы зноў паехалi наверх, i Пат пайшла ў свой пакой. Яна хацела дзве гадзiнкi адпачыць.

Мы з Кёстэрам вывелi "Карла" з гаража i агледзелi яго. Трэба было замянiць дзве паламаныя рысоры. У майстра з гаража знайшлiся iнструменты, i мы ўзялiся за справу. Потым мы змазалi шасi. Калi ўсё было гатова, мы выкацiлi яго на вулiцу. Ён стаяў на снезе, абпырсканы гразёй i з абвiслымi вушамi.

- Памыем яго? - спытаў я.

- Не, у дарозе не будзем, - сказаў Кёстэр. - За гэта ён пакрыўдзiцца.

Падышла Пат. Яна выспалася i пасвяжэла. Вакол яе весела бегаў сабака.

- Бiлi! - клiкнуў я.

Ён здзiўлена зiрнуў, але не вельмi ўзрадаваўся. Ён не пазнаў мяне i зусiм засаромеўся, калi Пат звярнула яго ўвагу на маю асобу.

- Вось як бывае, - сказаў я. - Дзякуй богу, што ў людзей крыху лепшая памяць. А дзе ж ён быў учора?

Пат засмяялася.

- Ён увесь час ляжаў пад ложкам. Ён раўнуе да маiх гасцей i ад злосцi хаваецца.

- У цябе цудоўны выгляд, - сказаў я.

Яна шчаслiвымi вачыма глянула на мяне. Потым наблiзiлася да "Карла".

- Хочацца зноў пасядзець у машыне i крыху пакатацца.

- Вельмi проста, - сказаў я. - Праўда, Ота?

- Без сумнення. На вас цёплае палiто, а ў нас ёсць яшчэ шалi i коўдры.

Пат села наперадзе каля Кёстэра. "Карл" зароў. Выхлапныя газы блакiтна-белымi воблачкамi закруцiлiся ў паветры. Матор яшчэ не разагрэўся. Ланцугi, ляскаючы, пачалi няспешна падмiнаць пад сябе снег. "Карл" з пырханнем. грукатам i вуркатаннем споўз унiз да вёскi i прабег па галоўнай вулiцы, як прыгорблены воўк, сярод конскага тупату i звону шаргуноў.

Мы выехалi з вёскi. Быў надвячорак, заснежаныя палi, асветленыя нiзкiм сонцам, паблiсквалi ружовымi iскрамi. Некалькi стагоў сена, амаль занесеныя белым снегам, стаялi пад гарой. Апошнiя лыжнiкi маленькiмi кропкамi скочвалiся ў далiну. Пры гэтым яны праслiзгвалi па чырвоным сонцы, якое вялiзным шарам яшчэ раз паказалася з-за адхону, - вялiзны ком сухога жару.

- Вы ўчора тут праязджалi? - спытала Пат.

- Праязджалi.

Машына ўскараскалася на вяршыню першай гары. Кёстэр спынiўся. Вiд адсюль зверху быў дзiвосны. Напярэдаднi, калi мы з цяжкасцю прабiралiся праз ледзяны сiнi вечар, мы глядзелi толькi на дарогу.

За горнымi скаламi адкрывалася маляўнiчая далiна. Абрысы далёкiх гор рэзка i выразна вылучалiся на фоне светла-зялёнага неба. Яны свяцiлiся золатам. Залацiстыя плямы, нiбы пыл, ляжалi на заснежаных адхонах вяршынь. Горныя схiлы з кожнай хвiлiнай усё больш набывалi шыкоўны светла-ружовы колер, а сiнiя ценi рабiлiся ўсё цямнейшымi. Сонца стаяла якраз памiж дзвюма полымнымi вяршынямi, а шырокая далiна са сваiмi пагоркамi i схiламi здавалася магутным, нямым, блiскучым парадам перад уладаром, якi вось-вось схаваецца за небакраем. Фiялетавая стужка дарогi вiлася вакол пагоркаў, знiкала, зноў з'яўлялася, зацямнялася на паваротах, прабягала мiма вёсак i ўпiралася якраз на перавале ў небасхiл.

- Так далёка ад вёскi я яшчэ нiколi не была, - сказала Пат. - Гэта дарога вядзе дадому?