Я зняў з рукi гадзiннiк.
Яна са страхам сачыла за секунднай стрэлкай.
- Выкiнь яго...
Я кiнуў гадзiннiк у сцяну.
- Вось цяпер ён больш не цiкае. Цяпер час спынiўся. Мы разарвалi яго напалам. Цяпер мы толькi ўдваiх, толькi мы, ты i я, i нiчога больш.
Яна зiрнула на мяне. Яе вочы былi вельмi вялiкiя.
- Каханы... - прашаптала яна.
Я не мог вытрываць яе погляду. Ён iшоў аднекуль здалёку, пранiзваў мяне i дзесьцi знiкаў.
- Мой дарагi сябра, - мармытаў я, - мой каханы, мужны стары сябра...
...Яна памерла ў апошнюю гадзiну ночы, перад самай ранiцай. Яна памiрала цяжка i пакутлiва, i нiхто не мог ёй дапамагчы. Яна моцна трымала маю руку, але ўжо не ўсведамляла, што я каля яе. Нехта ў нейкi час сказаў:
- Яна памерла...
- Не, - не пагадзiўся я. - Яна не памерла. Яна яшчэ моцна трымае маю руку.
Святло. Невыносна зыркае святло. Людзi. Лекар. Я паволi расшчапiў пальцы. Рука Пат упала. Кроў. Скажоны ўдушшам твар. Спакутаваныя застылыя вочы. Карычневыя шаўкавiстыя валасы.
- Пат, - сказаў я. - Пат.
I ўпершыню яна не адказала мне.
- Хачу пабыць адзiн, - сказаў я.
- Можа, спачатку... - спытаў нехта.
- Не, - сказаў я. - Выйдзiце. Не чапайце.
Я змыў з яе кроў. Я здранцвеў. Я расчасаў ёй валасы. Яна астыла. Я паклаў яе на свой ложак i накрыў коўдрамi. Я сядзеў каля яе i не мог думаць. Я сядзеў на крэсле i ўзiраўся ў яе. Увайшоў сабака i сеў каля мяне. Я бачыў, як мяняўся яе твар. Я не мог нiчога зрабiць, як толькi безнадзейна сядзець i глядзець на яе. Потым наступiў ранак. Яе ўжо не было.