1958 г.
ВЕЧНЫ САЛДАТ
Тут цішыня.
Пад хвояю пахілай
Стаіць без каскі
Бронзавы салдат,
Як вартавы,
над брацкаю магілай.
Яго дажджы сякуць
I хвошча град.
Зімою снег лажыцца на нагоны,
А ён глядзіць на простыя імёны,
Нібы вядзе паверку,
Ці ў нарад
Гатоў паслаць таварышаў па роце,
Ці затрубіць пад'ём, як прыйдзе час.
Ён тут стаіць не па сваёй ахвоце.
Яго ніхто не зволіць у запас.
Яго сябры, як ён,
Навек салдаты,
На ix магілах
прозвішчы
i даты.
Апошнюю дату
паставіла куля...
А недзе пад Каневам плача матуля,
Суседскага сына убачыць здалёку,
I здасца, што гэта яе яснавокі,
Што вечарам прыйдзе, пастукае ў раму
I скажа паціху: «Прачніцеся, мама».
Цыгарку закурыць, адмовіцца есці
I будзе да рання ўздыхаць аб нявесце...
Хоць маці не верыць, а часам чакае,
Напэўна, ўжо матчына доля такая:
Сыноў гадаваць, выпраўляць у дарогу...
Пачуць, што нявестка ідзе за другога,
Насіць пачастункі маленькаму ўнучку,
Вадзіць, як ягонага бацьку за ручку
Калісьці вадзіла з сабою у поле
I зычыла самую лепшую долю,
I здымак паказваць на белай сцяне
Таго, што застаўся навек на вайне,
Таго, хто не прыйдзе у матчыну хату,
Чый вырасце сын, не пабачыўшы таты.
Растуць непрыкметна салдацкія дзеці.
Iм хопіць работы на нашай планеце,
Ім хопіць зямлі і блакітнага неба,
Крынічнай вады i духмянага хлеба.
Для шчасця растуць i мужнеюць яны,
Каб болей ніколі не ведаць вайны,
Каб болей не плакалі маці i ўдовы,
Каб ix не сівелі дачасна галовы,
Каб мір, што крывёю бацькі здабылі,
Ніхто не парушыў на нашай зямлі,
Каб слухалі дзеці, як песню, як казку,
Пра подзвіг салдата, што, скінуўшы каску,
Нязменна стаіць вартавым на пагосце
У грознай красе баявой маладосці.
1957 г.
НОЧ НА ПЛОШЧЫ ПЕРАМОГІ
Сыходзяцца ваенныя дарогі
Ля вечнага агню, на плошчы Перамогі.
Сціхае горад, а жывыя сведкі
Вяртаюцца з далёкае разведкі.
Крыж-накрыж грудзі ў кулямётных лентах —
Заслонаўцы сыходзяць з пастамента,
У маскхалатах, белыя як здані,
Спяшаюцца на новае заданне.
А снег ляціць, i колкі вецер вые,
Стаяць да раніцы на плошчы вартавыя,
Схіліўся камандзір каля агня,
Ён чуе тупат вернага каня,
I высякаюць іскры капыты,
Гудуць пад імі плошчы i масты.
Захутаныя замеццю i сцюжай,
Ідуць услед за Вераю Харужай
Па Ленінскім праспекце к абеліску
Падпольшчыкі i Обаля i Мінска.
Ідуць танкісты энскага палка
I лётчыкі, што ў небе спапялелі,
Што дапісаць нявесце не паспелі
Апошняга галоўнага радка.
Гарыць агонь, i завіруха вые,
Ідуць па плошчы юнакі жывыя,
Разведчыкі, сапёры, партызаны,
Яны яшчэ не кончылі вайны,
Пакуль яшчэ баляць старыя раны,
Байцамі застаюцца i яны.
А на світанні па праспектах Мінска
Ідзе мой сын i партызан кубінскі,
Стаяць на плошчы i глядзяць штодня,
Як б'ецца сэрца вечнага агня.
1961 г.
РАЗМОВА З МАЦІ
Я ўсё шукаю матчыну магілу
I не магу знайсці пасля вайны.
Дзе бэз буяў i крыж стаяў пахілы,
Сівыя адцвітаюць палыны.
На могільніку — бомбавыя ямы,
На соснах — абламаныя сукі,
Крышылі ix i «юнкерсы», i «рамы»
I ў чорных павуках штурмавікі.
Цяпер спакой i ціша на пагосце.
У добрую асеннюю пару
Прыходжу я сюды, нібыта ў госці,
I да змяркання з маці гавару.