Яна у памяці маёй жыве заўсёды,
Яна — ў крыві, у сэрцы i ў душы;
Здаецца, проса поле ў непагоду,
То месіць хлеб на досвітку ў дзяжы
То абувае лапці на узмежку,
То ціхенька ўздыхае па начах,
I радасці, i гора, i усмешку
Я пазнаю ў зажураных вачах.
Яна мяне люляла i лячыла,
Збірала зёлкі, травы i кару,
Яна мяне з маленства навучыла
Так гаварыць, як сёння гавару.
Такою ў памяці i асталася маці,
Калі ішла сцяжынкай за сяло,
Калі збірала збожжа да зярняці,
Каб кожнае сцяблінкай узышло.
Напэўна, ў жыце, што шуміць сягоння
I зіхаціць іскрынкамі расы,
Згінаюцца, калышуцца, гамоняць
З яе зярнят жывыя каласы.
Ты чуеш, маці, вось твае унукі;
З маленства ім цябе недастае;
Здаецца мне, што ў ix такія рукі
I валасы, i вочы, як твае.
Тваім унукам свет увесь адкрыты,
I сняцца ім сягоння нездарма
Далёкія блакітныя арбіты.
Жыццё ідзе.
Жыццю канца няма.
1964 г.
* * *
Баліць душа за кожнага калеку.
Сляпога праз ручай перавяду,
Бязногага сустрэну чалавека
I кланяцца гатовы на хаду.
Ідуць на мулкіх мыліцах салдаты
Апошняе сусветнае вайны,
А я пакутую, нібыта вінаваты,
Што за мяне пакутуюць яны.
З ix, мабыць, сніцца кожнаму начамі
Над полем сонца i на градах мак,
I дзеўчына з вільготнымі вачамі,
Што толькі з ім танцуе кракавяк.
Ім часта сніцца голас камандзіра
I зыркі бляск каля чужой ракі...
Таму хачу, каб дзве мае рукі
Заўсёды працавалі за чатыры.
1962 г.
СЛЯДЫ
Памяці Н.А. Войтка
Месячныя ночы, як тады,
Калі мы, не верачы ў разлукі,
Па сцяжынцы беглі да вады
Удваіх, пабраўшыся за рукі.
Ты пытала: «Ну нашто, зачым
Гэтыя таемныя сустрэчы?»
Але зноў да берагу Пцічы
Мы з табой хадзілі кожны вечар.
Ты, нібы шукаючы гусей,
Берагам ішла ка мне з усмешкай,
I на дымнай чэрвеньекай расе
Засталіся толькі нашы сцежкі...
...Месячныя ночы на Пцічы
Пахнуць мёдам i мурожным сенам,
Але, даўняй сцежкай ідучы,
Я цябе ніколі не сустрэну.
Пахне свежым сенам на Пцічы,
Месяц за дуброваю знікае...
Я адзін блукаю уначы
I цябе да раніцы гукаю.
Дагараюць росы на траве,
Засцілае вочы горкім дымам.
Клічу я, хоць знаю, што табе
Не прыйсці ніколі з Асвенціма.
Пад вярбой ля самае вады
Двое незнаёмых абняліся,
Дзе твае маленькія сляды
На пяску вільготным засталіся.
1958 г.
РАВЕСНІЦА
Ужо не лета
і яшчэ не восень,
A павуцінне ў кропельках расы
Плыве, трымціць i туга заплялося
Табе у залатыя валасы.
Яшчэ цвіце i дзяцельнік i мята,
А плечы зводзіць першым халадком.
Ты помніш,
як калісьці у трыццатым
Хадзілі мы з табою у райком?
З далёкай камсамольскае ячэйкі
Паслалі нас даведацца сябры,
Калі i як i на якія рэйкі
Перавядуць сялянскія двары.
А нашы сходы, першыя лікбезы,
Пытанняў i адказаў вечары,
Калі на нас дзесяткамі абрэзаў
Кулацкія глядзелі хутары.
I на сяле хадзілі пагалоскі,
Што мы нібыта дзеці сатаны.
Тады яшчэ не вельмі дружна вёскі
Ішлі на свята першай баразны.
Мы самі уставалі да світання,
Аралі межы, кулакам на зло,
Збіралі сходы, толькі пра каханне
Пагаварыць нам часу не было...
Ты ганарышся сталымі сынамі,
Ты замуж аддаеш сваіх дачок,
Але i сёння побач з ардэнамі
Ляжыць маленькі кімаўскі значок.
1958 г.
СЕЙБІТ
Плыве, як човен, вузкая труна
Над полем, над даспелымі жытамі —
Дзяды, кабеты i малыя дзеці
Хаваюць сейбіта, аратага, касца.